Мядовае лета

Як толькі збочыш з шашы на прасёлак да вёскі Мазуркі, усё наваколле літаральна патанае ў зеляніне. Зелянеюць не толькі поплавы, але і пагоркі. У вабным квяцістым убранні лугавіны. Рунее азіміна, выкінуў колас ячмень. Укатаная дарога бярэ то ўправа, то крута паварочвае ўлева. Паабапал, над самай галавой звісае густое галлё старых ліпаў і клёнаў. Адчуванне такое, што ты рухаешся як па тунэлі. Хараство – вачэй не адарваць. Так і карціць высадзіцца з машыны і паволі ісці пешшу. Доўга, да стомы, не зважаючы на гарачы чэрвеньскі дзень.

Гэта, мне, пасажыру. А ў пчаляра Аляксандра Юркевіча такога жадання няма. Ён спяшаецца, і мне добра вядомая прычына: яго чакае пчальнік. Як там адчуваюць сябе крылатыя працаўніцы? Ці ўсё ў іх добра? Два ж дні не было яго тут. А цяпер вось трэба рыхтаваць ”лятучую гаспадарку” ў дарогу-вандроўку – цвітуць меданосныя сельскагаспадарчыя культуры. Вазок, праўда, адрамантаваны. Засталося зрабіць сёе-тое па дробязях. Пасека не малая – больш за 20 вулляў-рамавікоў. Размешчаны яны на ўскрайку лісцевага лесу, дзе шмат святла і сонечнага цяпла. Тут зацішна і ўтульна нават у непагадзь. Прыходзіш сюды і нібы трапляеш у асаблівы свет, у якім сваё жыццё, свае звычкі і гукі. Пчолы перад вачыма так і мільгаюць, прымушаючы падумаць аб тым, што мерамі перасцярогі грэбаваць не варта. Апрануць халат, надзець на галаву спецыяльную маску-капялюш з сеткай, якая закрывае твар, – гэта норма.
–Без пільнай патрэбы, – папярэджвае гаспадар, – стаяць блізка ля вулляў, тым больш зазіраць туды, дзе мітусяцца ля латкоў пчолы, нельга. Яны не любяць занадта цікаўных.
Таму мы абмежаваліся аглядам тэрыторыі. Паўсюль чысціня і ўзорны парадак. Радуе вока шарэнга маладых яблынь, пасаджаных і дагледжаных рукамі пчаляра.
Побач невялічкая, падобная на вагон хатка, у якой сасновы водар і пах воску. Тут прыемна адпачыць, пачытаць, у тым ліку раёнку, прыгатаваць гарбату альбо каву. У двух іншых памяшканнях знаходзяцца інвентар, розныя прыстасаванні. Добрая тэхнічная аснашчанасць, размяшчэнне пчальніка ў зоне інтэнсіўнага земляробства і лясной гаспадаркі, багатай меданоснай расліннасцю, спрыяюць атрыманню ад кожнай пчоласям’і ў сярэднім 20 кілаграмаў таварнага мёду, апрача іншай, таксама каштоўнай прадукцыі. Апошняя шырока выкарыстоўваецца ў розных галінах. Асаблівы попыт на воск. Праполіс незаменны, як сыравіна пры вытворчасці лакаў ды і ў народнай медыцыне. Матачнае малачко прымяняецца пры лячэнні сардэчна-сасудзістых захворванняў, скарыстоўваецца ў ветэрынарыі. Таму гэтая сыравіна не залежваецца на складзе.
Аляксандру Юркевічу значную дапамогу аказвае даведачнік па пчалярстве, а таксама часопіс “Хозяин” і іншыя выданні.
– У нашым раёне шмат хто займаўся пчалярствам. На жаль, толькі адзінкі сталі сапраўднымі пчалярамі. У чым справа?
Многія спадзяваліся, што гэта нейкая забава, хобі. Набыў пяць ці сем вулляў і чакай добрага выніку. А тут трэба працаваць з поўнай аддачай сіл і вельмі любіць гэты занятак, спасцігаць яго тонкасці. Больш за 20 гадоў шчырую на пасецы, пачынаў яшчэ калі працаваў. І цяпер, на пенсіі, як бачыце, пры справе. Яна прыносіць мне не столькі нейкі матэрыяльны дастатак, колькі маральнае задавальненне.
Сядзець без справы не даводзіцца. Бываюць і складанасці, часцей за ўсё пры раскрыцці сотаў і ў перыяд вандроўкі пчол. Перш, чым пераехаць на той ці іншы ўчастак, неабходна дакладна ведаць, што за сельскагаспадарчыя культуры або дзікарослыя расліны і кусты цвітуць раней, а якія пазней, дзе менш уносіцца ў глебу мінеральных угнаенняў і іншых рэчываў, якія могуць прынесці непапраўную шкоду пчолам. А ўзяць, напрыклад, зімоўку пчол. Як падкорміш іх, такімі яны і выйдуць вясной, такім будзе і медазбор.
Толькі моцная пчоласям’я здольная на нармальную ўзятку і ў поўнай меры можа апыліць тую ці іншую культуру, ад чаго залежыць ураджай.
Люблю прыроду, захапляюся яе хараством, маляўнічымі краявідамі нашага Палесся. Не разумею людзей, якія, прыйшлі ў лес і глядзяць на дрэвы выключна як на будаўнічы матэрыял ці дровы. Для такіх і расквечаны веснавы луг успрымаецца толькі плошчай, дзе можна накасіць травы, нарыхтаваць стажок сена…
Я ўважліва слухаю шчырае прызнанне Аляксандра Уладзіміравіча і лаўлю сябе на думцы, што гэтая лучнасць з прыродай найлепшым чынам працуе на добрую выніковасць яго даволі турботнай і цікавай справы.
Фёдар ЛАПАНІК.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *