Карону – Таццяне Міхайлаўне! У Ляхавічах выбіралі «Ляхавічанку-2015» /фота/
Настаўніца замежнай мовы гімназіі Вікторыя Салаўёва, бібліятэкар Федзюкоўскай сельскай бібліятэкі Эліна Фёдарава, навучэнка Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Кацярына Сталярова, настаўніца пачатковых класаў СШ№2 Таццяна Шчука, інжынер па лесакарыстанні лясгаса Алена Амялішка ў суботні вечар не проста змагаліся за права звацца самай-самай — “Ляхавічанкай-2015”, але і змаглі падарыць гледачам нямала прыемных момантаў, парадаваць іх сваімі талентамі.
Маладзёжны конкурс “Ляхавічанка-2015”адбыўся напрыканцы мінулага тыдня ў гарадскім Доме культуры. Забягаючы наперад, скажу: свята ўдалося — спадабалася гледачам (сабралася поўная зала балельшчыкаў, хаця ўваход быў платны) і самім удзельніцам. Яно пераўзышло па насычанасці, запамінальных момантах, сцэнарыі, падрыхтаванасці папярэднія конкурсы прыгажосці. І калі, напрыклад, у разнастайных шоу “Міс…” удзельнічалі ў асноўным школьніцы і зрэдку навучэнкі ЛДАКа, то сёлетняя праграма стала прыемным выключэннем, паказала нашых працуючых маладых зямлячак як надзвычай творчых, неардынарных асоб.
З традыцыйнага першага іспыту “Візітоўка” ўсё і пачалося. Вершамі і прозай, музыкай і рухамі дзяўчаты расказвалі пра сябе, свае мары і захапленні, адказвалі на пытанні вядучых. Вікторыя – добразычлівая, шчырая, надзвычай абаяльная, у сваёй прафесіі галоўным лічыць любоў да дзяцей. Эліна называе бібліятэку “чароўнай аптэкай для душы”, а самае рамантычнае месца ў нашым райцэнтры, на яе думку, — ля фантана, менавіта тут з лёгкасцю пішуцца вершаваныя радкі. У Кацярыны збываецца запаветная мара – яна стане плодаагароднікам. Таццяна з дапамогай нот расказала пра свае самыя галоўныя захапленні – дом, сям’ю, работу. Алена любіць быць у гушчыні падзей, рабіць дабро і вельмі цікавіцца мастацтвам.
Напэўна, шмат новага даведаліся гледачы пра прафесіі педагога, агранома, інжынера, бібліятэкара з выступленняў удзельніц у конкурсе “Мая прафесія – мой выбар”.
Не сціхалі ў зале апладысменты, калі на сцэне пачалася “Бітва талентаў”. Творчасць, эмацыянальнасць, артыстызм і падтрымка балельшчыкаў стварылі цудоўную атмасферу. Вікторыя і яе юныя памочнікі на англійскай мове паказалі міні-спектакль, Эліна і Кацярына чыталі вершы пра каханне і Радзіму, Алена не проста спявала, а падрыхтавала кліп, Таццяна паказала сапраўдны танц-клас: яе танга і рок-н-ролу пазайздросцілі многія.
Загучаў саксафон, пад музыку ў святле сафітаў у стыльных сукенках дзяўчаты выйшлі на фінальны тур пад назвай “Вячэрні праменад”. Не захапіцца гэтым відовішчам было нельга. Журы, як і ў папярэднім конкурсе, было аднадушным – усе канкурсанткі атрымалі вышэйшы бал.
А наконт агульных вынікаў раіліся доўга: нялёгкая справа—выбар, калі ёсць з чаго, дакладней, з каго выбіраць. І ўсё ж… “Ляхавічанкай-2015” названа Таццяна Шчука, яна ж атрымала прыз сімпатый гледачоў. Другое месца, як і падарунак самай жыццярадаснай і добразычлівай ад касметычнай кампаніі, — у Эліны Фёдаравай. У тройцы прызёраў – Вікторыя Салаўёва. Не засталіся без узнагарод і дыпломаў Алена Амялішка і Кацярына Сталярова. Усе фіналісткі атрымалі падарункі ад спонсараў і кветкі.
А 1 верасня ў клас да сваіх пачаткоўцаў прыйдзе Таццяна Міхайлаўна — не проста любімая настаўніца, а тытулаваная “Ляхавічанка-2015”.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
О 🙂 ДА !
Самые красивые девушки — белоруски!