Купюры з «сюрпрызам». Па Брэсцкай вобласці зарэгістравана 52 факты фальшываманецтва
Чалавек, які прыйшоў у абменны пункт, як правіла, зусім не разлічвае на сустрэчу з міліцыянерамі. Такая сустрэча для законапаслухмянага грамадзяніна заўсёды з’яўляецца непрыемным сюрпрызам. Аднак…
На сённяшні дзень па Брэсцкай вобласці зарэгістравана 52 факты фальшываманецтва. За аналагічны перыяд мінулага года – 36. Як адзначылі ва УБЭЗ УУС Брэсцкага аблвыканкама, у 41 зарэгістраваным выпадку збыту падробленыя грашовыя знакі ўвезены на тэрыторыю нашай краіны з Расійскай Федэрацыі, Украіны, Польшчы. З надыходам лета адзначаецца рост такіх выпадкаў – часам з курортных краін прывозяць фальшывыя купюры.
У большасці выпадкаў увоз падробак адбываецца ў так званым прыватным парадку грамадзянамі, якія працуюць за мяжой ці адпраўляюцца ў турпаездкі, у госці, а таксама прадпрымальнікамі, якія закупляюць імпартныя тавары, падкрэсліў начальнік УБЭЗ УУС Віктар Водчыц.
Часцей за ўсё сустракаюцца падробленыя расійскія купюры наміналам 1000 і 5000 рублёў, долары ЗША купюрамі па 100 долараў, а таксама еўра наміналам 50 і 20 еўра.
Нярэдка вінаваты і самі грамадзяне, напрыклад, тыя, якія ў парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення валютных аперацый ажыццяўляюць продаж кватэр, аўтамашын і іншых таварна-матэрыяльных каштоўнасцей за замежную валюту. Пры гэтым адразу не правяраюць сапраўднасць атрыманых банкнот. У некаторых выпадках бестурботнасцю грамадзян карыстаюцца так званыя валютчыкі, паслугамі якіх, на жаль, некаторыя карыстаюцца і сёння.
Калі грамадзянін прынёс падробленую купюру, то па даным факце назначаецца праверка, у ходзе якой вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы.
Супрацоўнікі міліцыі нагадваюць, што за выраб і збыт фальшывых грошай прадугледжана крымінальная адказнасць — да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Гэта злачынства адносіцца да катэгорыі цяжкіх.
Аляксандра ЗАХАРАВА, інспектар аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Брэсцкага аблвыканкама.
Фота з сайта http://www.arms-expo.ru