Лепшым людзям краіны
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка напярэдадні галоўнага дзяржаўнага свята – Дня Незалежнасці – уручыў дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўнікам розных галін народнай гаспадаркі.
Самую шматлікую групу сярод узнагароджаных склалі прадстаўнікі аграпрамысловага комплексу. Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў цяперашніх няпростых эканамічных умовах асаблівую каштоўнасць уяўляе вопыт паспяховай работы беларускіх перадавых гаспадарак, якія з’яўляюцца сапраўднымі маякамі, дастойнымі прыкладамі для ўсёй галіны, і не толькі беларускай.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што высокія ўраджаі збожжавых і іншых культур, нарошчванне вытворчасці малака, мяса, плодаагародніннай прадукцыі з году ў год характэрныя для такіх гаспадарак, як «Астрамечава», «Чарнаўцы», «Баркоўскі», «Ляхавіцкі», «Відамлянскае», «Азярыцкі-Агра», «Пруднікі» з Брэсцкай, Мінскай і Віцебскай абласцей. «Тут дабіваюцца не толькі добрых валавых паказчыкаў, але і прыбытку, устойлівага фінансавага становішча», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Ордэны і ганаровыя званні заслужылі кіраўнікі названых гаспадарак, сярод якіх і наш славуты зямляк – старшыня СВК “Ляхавіцкі” Аляксандр Вітко. Як нядаўна паведамляў “ЛВ”, Аляксандр Іванавіч узнагароджаны ордэнам Айчыны ІІІ ступені. Віншуем і ганарымся!
Па інфармацыі БЕЛТА.
Фота БЕЛТА.