Ёсць Надзея ў Аляксандра

Як толькі бравы юнак у касцюме і папасе пераступіў парог дома, дзе жыла дваццацігадовая Надзея, дзяўчына закахалася ў яго з першага позірку. Тая сустрэча напачатку ліпеня 1945 года стала лёсавызначальнай у іх жыцці: праз некалькі дзён Саша і Надзя сталі мужам і жонкай. За 70 сумесных гадоў было ў іх нямала святаў, урачыстасцей, юбілеяў, але сваё вясковае вяселле ў першыя пасляваенныя месяцы яны запомнілі назаўжды.

– Як жа мы радаваліся! Шчаслівей за нас нікога не было на свеце. Не было дзе жыць, бо фашысты і іх прыспешнікі спалілі ці разбурылі амаль усе хаты ў вёсцы. На нашым вясельным стале – толькі квас і хлеб. Але галоўнае – разам і скончылася вайна, – успамінае Надзея Аляксандраўна.

Аляксандру Ятчэні было 16 гадоў, калі Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР. Хлопец адразу ўступіў у камсамол, узначаліў камсамольскую арганізацыю ў родным Заполлі Івацэвіцкага раёна. Усе планы перакрэслілі фашысты. Літаральна з першых дзён акупацыі гітлераўцы разам з паліцаямі пачалі лавіць і расстрэльваць актывістаў, камуністаў, камсамольцаў. Аляксандр перабраўся на Пружаншчыну, наладзіў сувязь з чырвонаармейцамі, якім удалося ўцячы з палону, уступіў у падпольную групу, а потым пайшоў у партызаны. Як свае пяць пальцаў ведаў наваколле, тутэйшых людзей, плюс прыродная назіральнасць, уважлівасць – таму і стаў партызанскім разведчыкам. Любая вылазка ў варожы тыл магла закончыцца трагічна. Не абышлося без раненняў.

За перадачу вельмі важных звестак пра рух фашысцкіх цягнікоў па маршруце ад Брэста да Лясной быў удастоены ордэна Айчыннай вайны ІІ ступені. Усяго некалькі месяцаў мог не дажыць партызан Ятчэня да доўгачаканага вызвалення Беларусі, калі б не быў такі рашучы, а яшчэ ўдачлівы. 1 мая  1944 года са сваім сябрам Антонам Лукашыкам вяртаўся з чарговага задання, каля вёскі Пагор’е натыкнуліся на карнікаў.

– Ведалі, калі фашысты зловяць нас тут, пакараюць мясцовых жыхароў за сувязь з партызанамі, не пашкадуюць ні малых, ні старых. Кінуліся ў лес, ворагі заўважылі нас, акружылі і пачалі страляць, – расказвае Аляксандр Васільевіч.

Партызаны супраціўляліся стойка. Антон загінуў. Аляксандр прыняў рашэнне не здавацца жывым, страляў па ворагах. Фашысты падпалілі кустоўе, у якім ён хаваўся. Але нават надвор’е дапамагала народнаму мсціўцу: туман і дожджык не далі агню разгарэцца. Ятчэня забіў паліцэйскага, яшчэ аднаго параніў. Калі сцямнела, папоўз у лес, у свой атрад.

Партызан, узнагароджаны адным ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені і медалём, імкнуўся на фронт, каб і далей помсціць ненавіснаму ворагу за сваіх забітых таварышаў і мірных жыхароў-землякоў. Але яго вопыт разведчыка быў неабходны і на вызваленай тэрыторыі. Ятчэню накіравалі ахоўваць правапарадак у Баранавічы.

…З бясконцай чорнай хмарай асацыіраваліся ў юнай Надзі і яе аднавяскоўцаў самалёты з фашысцкай свастыкай, якія 22 і 23 чэрвеня 1941 года праляталі над іх вёскай. Так пачалася вайна. Пад страхам смерці хавалі дома параненых адступаючых чырвонаармейцаў, потым перапраўлялі іх у партызанскія атрады. Голад, страх – усё перажыла і Надзя. Каб не вывезлі ў Германію, уладкавалася на лесапільны завод, дзе пазнаёмілася з партызанскімі сувязнымі. Праз дзяўчыну яны перадавалі звесткі ў атрад.

– Некалькі раз на тыдзень ішла па 10 кіламетраў у адзін бок да так званага чырвонага маяка, дзе закопвала ў дамоўленым месцы перадачы для сувязных. Было страшна, асабліва першыя разы, але так я змагалася з ворагам, – гаворыць  Надзея Аляксандраўна.

Пасля вяселля Ятчэні пераехалі ў Баранавічы, Аляксандр служыў міліцыянерам, Надзея працавала наборшчыцай у друкарні. Нарадзіліся чатыры дачкі. Цяжкая хвароба спыніла

15-гадовую службу Аляксандра Васільевіча ў міліцыі. Але ветэран не прывык здавацца цяжкасцям – нягледзячы на інваліднасць, цвёрда вырашыў працаваць. Жонка, як магла, падтрымлівала, падбадзёрвала, клапацілася пра яго. Вярнуліся на радзіму, у Івацэвіцкі раён. Уласнымі сіламі пабудавалі дом, да выхаду на заслужаны адпачынак працавалі ў мясцовым калгасе. Дочкі выраслі, павыходзілі замуж, раз’ехаліся ў Ляхавічы, Баранавічы, Брэст, ва Украіну. Як толькі ўдавалася, спяшаліся ў бацькоўскі дом, дзе іх заўжды чакалі і гасцінна сустракалі самыя родныя і любімыя людзі – мамачка і татачка. З радасцю прыязджалі сюды і 7 унукаў, а потым 12 праўнукаў – вось сапраўднае багацце.

Ятчэні трымаліся ў роднай вёсцы, пакуль здароўе не стала зусім падводзіць – ветэран літаральна страціў зрок. Дачка Галіна забрала бацькоў да сябе, у Ляхавічы.

Юбілейны год Вялікай Перамогі ў сям’і Ятчэняў мае юбілейны працяг – 16 ліпеня разам з дзецьмі, унукамі і праўнукамі Аляксандр Васільевіч і Надзея Аляксандраўна адзначаць сваё кароннае вяселле. Моцнага здароўя і шчасця вам, ужо нашы землякі!

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *