Мір – усяму галава

Шчаслівыя разам.

Ліпень 2015-га. Прывычны рытм звычайнага жыцця-быцця. Усё як заўсёды. Маладыя мамы з каляскамі ля фантана, у струменьчыках якога пераліваецца ўся палітра святла. Паркоўкі запоўнены аўто. У двары прыватнага дома жанчына развешвае сушыць бялізну. Група дзетсадаўцаў у суправаджэнні выхавальніц паважна крочыць праз дарогу. Ля дзвярэй загса — юная пара. Гамоніць гарадскі рынак. На аўтастанцыю падходзяць ці адпраўляюцца ў шлях рэйсавыя аўтобусы. Дзень як дзень. Звычайны, працоўны. На палях даспявае хлеб, у лесе – чарніцы і суніцы, а пах – галава кругам. Нехта адпачывае, у кагосьці самая гарачая працоўная пара. Абітурыенты здалі тэсты, чакаюць вынікаў. У мітусні спраў, у напоўненасці дзён нібы выбіваецца з памяці галоўнае, канстанта нашага жыцця: усё гэта дзякуючы кароткаму слову “мір”.

…Ля помнікаў загінуўшым героям вайны – шчодрыя летнія кветкі. Да гранітных абеліскаў дакранаюцца вербы і бярозкі, туляцца рабіны і ліпы. Сёлета Вялікай Перамозе споўнілася 70 і 71 – як вызвалена родная Беларусь ад фашысцкіх акупантаў. Зусім немалады ўзрост ветэранаў і вельмі парадзелі іх рады. Як жа непаўторна шчымліва бачыць старога чалавека з баявымі ўзнагародамі, які (ці якога?) трымае за руку прапраўнука. Па сутнасці, у гэтым сюжэце ўвасоблена сама ідэя перамогі, непарыўная сувязь часоў і пакаленняў, іх пераемнасць і агульнасць: мір – усяму галава.

Наш мір – наша шчасце. Толькі ў яго асяроддзі можа так звонка гучаць дзіцячы смех, налівацца сонцам важкі колас, зелянець аксамітам шчодрыя лугі, цаглінка за цаглінкай вырастаць паверхі новабудоўляў. Бы тэлетайпная стужка навін – званкі ў рэдакцыю. “Гэта вас Іван Якаўлевіч з Маладзечна патурбаваў. Ад імя землякоў хачу падзякаваць ляхавіцкаму малочнаму заводу за прадукцыю, якую ён выпускае: смачна, карысна, хочам больш!..”. “Дзякуй урачам і медсёстрам…”. “Вёска Меляхі і меляхоўцы хочуць трапіць у рубрыку “Кропка на карце”. Прыязджайце!”. “Дапамажыце, калі ласка, з вырашэннем праблемы: аварыйнае дрэва ля дома ўяўляе небяспеку…”. “Напішыце пра наш летнік”. “Раскажыце пра нашага сацработніка”. “Дзякуй мясцовай уладзе, дзякуй будаўнікам: мы атрымалі ключы ад службовых кватэр. Ура!”. “Убачыў на сайце здымкі мадэрнізаваных цэхаў ільнозавода. У захапленні! Сучасная вытворчасць, выдатныя ўмовы працы”.

Працягваць можна яшчэ і яшчэ, таму што жыццё не стаіць на месцы. Не стаім на месцы і мы. Але ўсё ж калі-нікалі варта спыніцца і азірнуцца.

У ліпені 2015-га ўспомніць пра ліпень   1944-га. Гэта гістарычна справядліва, гэта па-грамадзянску ўдзячна, гэта, зрэшты, па-людску.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Праўнукі шануюць подзвіг прадзедаў.

Салдат Перамогі Уладзімір Рабцэвіч – адзін з нашых землякоў, якіх мы з пашанай называем ветэранамі Вялікай Айчыннай.

Аляксандр Гунько з Заполля ў час вайны быў партызанам, пасля франтавіком. Сёння ён ветэран.

Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць.

Сквер у гонар юбілею Перамогі закладзены бээрэсэмаўцамі і вучнямі Навасёлкаўскай СШ.

Попытам карыстаюцца кандытарскія прапановы вытворчасці мясцовага кааппрама.

На новай лініі мадэрнізаванай вытворчасці мясцовага льнозавода праца цікавая і высокапрадукцыйная.

Два Аляксандры – Пронька і Маслаў – у СВК «Шлях новы» людзі паважаныя: яны механізатары высокага класа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *