У каларыце сардэчнасці

Пасля гарадской мітусні і руху ўязджаеш у Рагачы, вёску Востраўскага сельсавета, што збочылася з дарогі тухавіцкага напрамку, – нібы ў іншае вымярэнне трапляеш. Лагодная цішыня і запаволенасць жыцця, здаецца, запаўняюць сабой усё наваколле, і толькі галасісты спеў мясцовых “гадзіннікаў” – пеўняў вяртае ў рэальнасць.

На вуліцах з гістарычнымі назвамі Савецкая і Партызанская растуць-жывуць 112 рагачоўцаў, 41 з іх – старэй працаздольнага ўзросту. Для некаторых малая радзіма стала адзіным месцам жыхарства, іншыя, паспытаўшы чужога хлеба, вярнуліся ў роднае гняздо. Кожная сядзіба што чалавек. Адныя дагледжаныя і прыбраныя, другія – адзінокія і забытыя гаспадарамі.

Сядзіба Таццяны Рафалік прыцягвае ўтульнасцю і арыгінальнасцю афармлення. Разнастайныя кветкі тут суседнічаюць з рукатворнымі, увасобленымі ў элементы дэкору ідэямі ўмелай гаспадыні. Апошнія гадоў 20 жыве яна ў бацькоўскім доме, укладвае ў яго душу. Клапатлівая маці і бабуля, яна нястомна завіхаецца па гаспадарцы і штодзень са спартыўнай лёгкасцю накручвае кіламетры ў Тухавічы да месца працы.

– У бабуліным доме спіцца салодка-салодка, – у адзін голас гавораць 12-гадовая Сіма і 7-гадовая Ліза – любімыя ўнучкі і памочніцы Таццяны Міхайлаўны.

– Яны вельмі любяць нашу вёску, хоць і жывуць пад Мінскам, – дадае даволі маладая бабуля. – Гэта сёння ў нас ціха, а раней двароў было больш за 120. У кожным – па 7-9 дзяцей. Гудзелі-звінелі Рагачы. Школа была, праўда, пачатковая. У клубе ладзілі святы, на мясцовыя вяселлі моладзь сцякалася з усіх навакольных вёсак. Жылі небагата, але дружна – падтрымлівалі адзін аднаго, – з настальгіяй успамінае Таццяна Рафалік.

Доўгажыхар Рагачоў – Іосіф Лешык, які 7 мая адзначыў прыгожы 90-гадовы юбілей. Усё яго жыццё звязана з родным краем, пра гісторыю якога расказвае цікава і падрабязна. Даваеннае дзяцінства было азмрочана смерцю маці. Рана навучыўся сялянскай працы. У сакавіку 1943 года разам з іншымі аднавяскоўцамі быў вывезены фашыстамі ў Германію.

– Усіх вяскоўцаў сагналі ў школу. Галасілі маці, плакалі дзеці. Той гаротны крык і зараз у маіх вушах. Пасля пагналі ў Падсаколле, а затым – страшная і невядомая чужына. Шмат разоў правяралі, раздзявалі дагала – усё баяліся, каб мы ім якой заразы не перадалі. Спачатку быў канцлагер, дзе незлічона паміралі людзі. Адтуль трапіў бяспраўным парабкам у гаспадарку заможнага немца. Вельмі ўдзячны польцы, якая папярэдзіла, каб не расказваў пра ўменне даіць кароў. Яна ж дапамагала кантактаваць з іншымі. На жаль, немец яе хутка кудысьці перавёў, – успамінае дзядуля.

Іосіф Мацвеевіч згадвае, як у няволі працаваў, пакуль у 1945 годзе іх не вызвалілі чырвонаармейцы. Вярнуўся дадому на папялішча. Рагачы немцы палілі 3 разы.

– Першы раз палівалі агнём нават з самалётаў, – расказвае Марыя Лешык, жонка Іосіфа Мацвеевіча.

Не пакідалі рагачоўцы сваіх у бядзе ніколі. Пару хат у канцы вёскі ўцалелі, і ў іх мясціліся па 20 чалавек – у цеснаце, ды не ў крыўдзе. Не раз даводзілася хавацца ў лесе, не раз адбудоўвалі яны свае зямлянкі. Ніколі не сатрэцца з памяці жудасны выпадак, пра які ўзгадвае Марыя Фамінічна:

– Немцы наляцелі на вёску як каршуны, а з імі і паліцаі. Адзін з нелюдзяў забіў у хаце ўсю сям’ю – 6 чалавек. На печцы сядзеў маленькі хлопчык – і яго не пашкадаваў, а хату падпаліў….

Пасля доўгачаканага вызвалення адраджалася-абнаўлялася вёска, ствараліся сем’і, нараджаліся дзеткі. Іосіф жонку далёка не шукаў. Цудоўная дзяўчына Марыя жыла па-суседску. Сёмы дзясятак пайшоў як разам дзеляць і радасці, і гора. Цяжкасці іх толькі з’ядноўвалі, рабілі мацнейшымі. І сёння пазіраюць яны адзін на аднаго з пяшчотай і любоўю. Расказваюць, як працавалі ад цямна да цямна, на калгасныя дзялкі дабіраліся за 10 кіламетраў. Іосіф Лешык з удзячнасцю гаворыць пра торфабрыкетны завод. Калі пачаў працаваць там вадзіцелем, нарэшце ў сям’і з’явіліся грошы. А да гэтага, каб падрыхтаваць дзяцей да школы, збірала Марыя журавіны на продаж. Прыемна, адзначае Іосіф Мацвеевіч, што пра ягонае 90-годдзе не забыліся былыя калегі, сардэчна і цёпла павіншавалі.

Ганарацца сёння Лешыкі і дзецьмі, і ўнукамі, радуюцца на праўнукаў. На дзень нараджэнне любімага дзядулі з’ехалася вялікая дружная сям’я не толькі з Беларусі, але і з Расіі. У двары прыгожа складзены паленцы – справа іх рук. Сакрэтам свайго шматгадовага шлюбу пара лічыць уменне падтрымаць адзін аднаго і саступіць, дараваць крыўды.

Гады не песцілі, выпрабоўвалі на трываласць Зінаіду Гаўрыльчык. Але яна, нягледзячы на ўзрост, спрытна завіхаецца па гаспадарцы, садзіць агарод. Аблягчаюць жыццё любімыя ўнукі Юра і Андрэй. Для іх і дзеля іх і жыве. Дарослыя ўжо, але для бабулі яны дзеці, якія заўсёды спяшаюцца ёй на дапамогу.

Ксюша, Ілья і шасцімесячны Ягорка – шчасце Наталлі і Дзмітрыя Гаўрыльчыкаў. Маладыя бацькі не цураюцца ніякай работы. Трымаюць карову і каня, козы і свінні, хатнюю птушку і іншую жыўнасць. Галава сям’і працуе ў мясцовым сельгас-прадпрыемстве механізатарам. Ксюша, якая пойдзе ў пяты клас, – маміна памочніца, з радасцю паказвае маленькіх качанят і гусянят, хвалюецца пра іх. Гаўрыльчыкі – не адзіная мнагадзетная сям’я ў Рагачах. Дарэчы, у вёсцы не пустуюць некалькі буслянак. А гэта – добрая і абнадзейваючая прыкмета.

Жывуць Рагачы. Пяць разоў на тыдзень паштальён Уладзімір Кумейша прывозіць карэспандэнцыю, выконвае індывідуальныя заказы на пакупкі, прымае камунальныя плацяжы. “Самы лепшы паштальён”, – называюць яго ўдзячныя жыхары.

Ёсць тут і магазін – месца сустрэчы аднавяскоўцаў. Прадавец Марыя Гацко не адно дзесяцігоддзе за прылаўкам, стараецца дагадзіць сваім землякам.

Хто хоча працаваць, той не сядзіць склаўшы рукі. Гадуюць і даглядаюць жывёлу на ферме, працуюць на торфабрыкетным заводзе і сацыяльнымі работнікамі, выхавальніцай у садку, проста гаспадарамі на сваёй зямлі. Шчырыя і працавітыя рагачоўцы, вельмі адкрытыя і гасцінныя, са сваімі радасцямі і праблемамі, лёсам і гісторыяй. Буслы селяцца каля людзей добрых. Народ прыкмеціў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара і Сяргея ВАРАНОВІЧА.

«З бабуляй так добра і ўтульна!» – гавораць унучкі Таццяны Рафалік – Серафіма і Лізавета.

Іосіф і Марыя Лешыкі – дзве палавінкі аднаго шчасця.

Надзейны сябар чалавека.

Зінаіда Гаўрыльчык не лічыць гадоў.

Маміна памочніца Ксюша Гаўрыльчык

Вадзіцель-паштальён Уладзімір Кумейша штодзень дастаўляе карэспандэнцыю ў Рагачы

Ветлівасць, добразычлівасць і трапны гумар – гэта пра работніцу прылаўка Марыю Гацко.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *