Моц “Граніта”

За выключэннем удзельнікаў так званых пераходных і лігаеўрапейскіх гульняў, сезон вялікага футбола ў краіне фінішаваў. Сталі вядомы пераможцы, прызёры, таксама як і аўтсайдары чэмпіянатаў Рэспублікі Беларусь сярод каманд другой, першай і вышэйшай ліг. Нагадаем, яшчэ ў мінулым годзе асноўная каманда футбольнага клуба “Граніт – Мікашэвічы”, што з аднайменнага горада ў Лунінецкім раёне, была ў эліце нашага футбола, з’яўлялася адной з каманд іменна вышэйшай лігі.
Двухкругавы марафон завяршыўся для мікашэвіцкіх футбалістаў з 56 адваяванымі ў сапернікаў ачкамі і чацвёртым сярод 16 каманд лігі агульнавыніковым месцам. Гэта не дае “Граніту” права вярнуцца ў элітны дывізіён нашага футбола і, як мінімум, яшчэ адзін сезон футбалістам давядзецца “пыліць” у першай лізе чэмпіянату.
У адрозненне ад “асновы”, блізкі рэзерв футбольнага клуба свае спаборніцтвы завяршыў куды больш паспяхова. А іменна: каманда ФК “Граніт – Мікашэвічы” ў складзе спартсменаў 1996 года нараджэння першую лігу юнацкага першынства Рэспублікі Беларусь па футболе выйграла. У нядрэнным стылі, прадэманстраваўшы футбольны клас, гранітную цвёрдасць характару і, што асабліва прыемна, пры важкім удзеле нашых землякоў. У ліку членаў каманды-пераможцы былі выхаванцы аддзялення футбола Ляхавіцкай ДЮСШ вучні Жарабковіцкай САШ Яўгеній Ашмарын і Міхаіл Літвіновіч, а таксама школьнікі гарадскіх САШ №1 і САШ №2 Аляксандр Тарасеня і Раман Чаранкевіч. Нашы апладысменты.
Да поспеху хлопцаў вялі трэнеры Васілій Бут-Гусаім і Ігар Рогаўцаў.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *