Выбары Прэзідэнта Беларусі пройдуць 11 кастрычніка 2015 года

Выбары Прэзідэнта Беларусі пройдуць 11 кастрычніка 2015 года. Такое рашэнне 30 чэрвеня прынята на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі

Палата прадстаўнікоў назначыла дату  прэзідэнцкіх выбараў

Выбары Прэзідэнта Беларусі пройдуць 11 кастрычніка 2015 года. Такое рашэнне 30 чэрвеня прынята на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, якое завяршыла работу сёмай сесіі.

Выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў перад назначэннем гэтай даты, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына нагадала, што на гэтых выбарах будзе выкарыстоўвацца такое новаўвядзенне як фінансаванне перадвыбарных кампаній кандыдатаў за кошт іх фондаў.

«Для гэтага павялічваецца ў тры разы гранічны памер выбарчага фонду кандыдата ў Прэзідэнты з 3 тыс. да 9 тыс. базавых велічынь. На сённяшні дзень гэта сума складае  Br1 млрд. 620 млн. або каля $105 тыс.», – сказала Лідзія Ярмошына.

Пры гэтым знята абмежаванне памеру грашовых сродкаў, якія можа ўнесці ў фонд сам прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду. «Цяпер кандыдат зможа цалкам за кошт сваіх уласных сродкаў прафінансаваць увесь выбарчы фонд, усю сваю агітацыйную кампанію. Раней ён мог уносіць у склад свайго асабістага фінансавага фонду не больш як 50 базавых велічынь», – растлумачыла Лідзія Ярмошына.

Яна таксама звярнула ўвагу на тое, што гэтыя фонды дазволена фарміраваць ужо з моманту рэгістрацыі ініцыятыўных груп для фінансавання расходаў па зборы подпісаў. «На наш погляд, такія новаўвядзенні, якія прадастаўляюць больш шырокія магчымасці для фінансавання ўласнай выбарчай кампаніі, прывядуць да легалізацыі многіх расходаў, якія нясуць кандыдаты або патэнцыяльныя кандыдаты», – сказала кіраўнік ЦВК.

Згодна з Канстытуцыяй Беларусі Прэзідэнт выбіраецца тэрмінам на пяць гадоў і ўступае на пасаду пасля прынясення прысягі. Прэзідэнцкія выбары назначаюцца Палатай прадстаўнікоў не пазней як за пяць месяцаў і праводзяцца ў нядзелю не пазней як за два месяцы да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў дзеючага Кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь прынёс прысягу 21 студзеня 2011 года, і адпаведна чарговыя выбары павінны адбыцца не пазней за нядзелю 15 лістапада 2015 года.

Прэзідэнтам можа быць  выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Беларусі не менш як дзесяць гадоў непасрэдна перад выбарамі. Не мае права быць кандыдатам у Прэзідэнты грамадзянін, у якога ёсць судзімасць. Кандыдаты вылучаюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь пры наяўнасці не менш як 100 тыс. подпісаў выбаршчыкаў. Пры гэтым ініцыятыўная група павінна налічваць не менш як 100 чалавек. Рэгістрацыю кандыдатаў у Прэзідэнты праводзіць ЦВК. Яна пачынаецца за 35 дзён і завяршаецца за 25 дзён да выбараў. Кандыдат мае права мець да 30 давераных асоб, якія дапамагаюць у правядзенні выбарчай кампаніі, вядуць агітацыю і прадстаўляюць яго інтарэсы ва ўзаемаадносінах з дзяржаўнымі органамі, грамадскімі аб’яднаннямі, выбаршчыкамі і ў выбарчых камісіях.

Кандыдаты маюць права ствараць уласныя выбарчыя фонды для фінансавання расходаў па перадвыбарнай агітацыі ў памеры не большым за 9 тыс. базавых велічынь. Фонды могуць фарміравацца за кошт уласных грашовых сродкаў кандыдата, добраахвотных ахвяраванняў грамадзян Рэспублікі Беларусь і юрыдычных асоб. За кошт сродкаў гэтых выбарчых фондаў можна вырабляць агітацыйныя друкаваныя матэрыялы (плакаты, лістоўкі і іншыя матэрыялы). У сваю чаргу ЦВК вырабляе агульныя плакаты з біяграфічнымі данымі аб кандыдатах, а таксама інфармацыйныя матэрыялы аб іх для накіравання выбаршчыкам.

Перадвыбарная агітацыя можа праходзіць на сходах, мітынгах, у сродках масавай інфармацыі і на сустрэчах з выбаршчыкамі. Для правядзення сустрэч з выбаршчыкамі мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы па ўзгадненні з выбарчымі камісіямі вызначаюць і бясплатна прадастаўляюць памяшканні для сустрэч з выбаршчыкамі. Акрамя таго, кандыдаты і іх давераныя асобы маюць права праводзіць у спрошчаным паведамляльным парадку масавыя мерапрыемствы (сходы па-за памяшканнямі, мітынгі, пікетаванне) для мэт агітацыі ў месцах, вызначаных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі па ўзгадненні з выбарчымі камісіямі.

Зацверджаны каляндарны   план па падрыхтоўцы  і правядзенні выбараў

Каляндарны план арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Беларусі прыняты 1 ліпеня на пасяджэнні Цэнтрвыбаркама Беларусі.

План складаецца з сямі раздзелаў. У прыватнасці, у адным з іх сказана, што мясцовыя ўлады павінны вызначыць месцы, дзе забаронены збор подпісаў, да 17 ліпеня. Ва ўсіх астатніх месцах пікеты будуць дазволены. Таксама да 17 ліпеня неабходна здаць дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па зборы подпісаў. Сам збор подпісаў будзе праходзіць з 23 ліпеня па 21 жніўня.

Пры гэтым сакратар ЦВК Мікалай Лазавік удакладніў, што да 23 ліпеня пікеты не будуць лічыцца перадвыбарнымі. Іх правядзенне будзе рэгулявацца законам аб масавых мерапрыемствах.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына дадала, што, калі на перадвыбарных пікетах будуць збіраць подпісы не за вылучэнне кандыдата, а з нейкай іншай мэтай, то гэта будзе незаконна. «За гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць», – сказала яна.

Акрамя таго, пытанне аб стварэнні выбарчых участкаў павінна быць вырашана не пазней за 9 жніўня. Спісы грамадзян, якія маюць права галасаваць, павінны быць гатовы не пазней за 25 верасня.

Рэгістрацыя кандыдатаў пройдзе з 6 па 15 верасня, а да 26 верасня на выбарчых участках павінны быць вывешаны плакаты з біяграфічнымі данымі кандыдатаў.

Запрашэнне прыняць удзел у выбарах выбаршчыкі атрымаюць не пазней за 30 верасня.

Не пазней як 22 ліпеня будуць утвораны тэрытарыяльныя выбаркамы, а да 26 жніўня – участковыя. З 22 жніўня па 5 верасня трэба будзе падаць у ЦВК дакументы на рэгістрацыю кандыдатаў. Не пазней як 5 верасня абласныя і Мінская гарадская камісіі падвядуць вынікі збору подпісаў па кожнай кандыдатуры на сваіх тэрыторыях і прадставяць гэтыя вынікі ў Цэнтрвыбаркам.

Датэрміновае галасаванне пройдзе з 6 па 10 кастрычніка.

ЦВК зацвердзіў склад  наглядальнага савета  па кантролі за агітацыяй у СМІ

Лідзія Ярмошына растлумачыла, што ў склад савета ўвайшлі: галоўны дырэктар Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Антон Васюкевіч, генеральны дырэктар агенцтва «Мінск-навіны» Кацярына Дубінская, першы намеснік галоўнага рэдактара газеты «Советская Белоруссия» Міхаіл Лябедзік, першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі, намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Марат Маркаў, галоўны рэдактар газеты «Белорусская нива» Сяргей Міховіч, адказны сакратар Беларускага саюза журналістаў Сяргей Сверкуноў.

«Як паказала практыка, утварэнне наглядальнага савета жыццёва важна для Цэнтральнай камісіі», – адзначыла на пасяджэнні ЦВК яго кіраўнік Лідзія Ярмошына. Менавіта гэты кансультатыўны орган, паводле яе слоў, «змякчае дэманізацыю дзеянняў ЦВК, калі прымаюцца тыя ці іншыя жорсткія меры».

Скаргі ў савет наконт тых ці іншых публікацый СМІ, якія закранаюць інтарэсы тых ці іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты, можна падаваць з самага пачатку выбарчай кампаніі.

Выбаршчык можа  паставіць подпіс  за вылучэнне любой  колькасці кандыдатаў

Адзін выбаршчык можа падпісацца за вылучэнне любой колькасці кандыдатаў, але за аднаго чалавека подпіс можна паставіць толькі адзін раз. Аб гэтым паведаміла журналістам старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына.

Калі ж падпісацца за аднаго прэтэндэнта два разы і больш, то такія подпісы будуць прызнаны несапраўднымі.

Лідзія Ярмошына нагадала, што подпісы будуць збіраць з 23 ліпеня на пікетах, па месцы работы і дома. Трэба не забываць правяраць дакументы ў зборшчыкаў подпісаў.

Кіраўнік ЦВК паведаміла, што кожны выбаршчык можа з 25 верасня прыйсці на свой участак, каб праверыць, ці ёсць ён у спісах.

Прыняць удзел  у прэзідэнцкіх выбарах  гатовы больш за 70   працэнтаў грамадзян  Беларусі

Такія даныя апытання, праве-дзенага цэнтрам сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ, агучыў дырэктар цэнтра Давід Ротман у тэлевізійнай праграме «Галоўны эфір».

«Гэта лічба даволі адносная, але больш за 70 працэнтаў гатовы прыняць удзел у выбарах. Хутчэй за ўсё так і будзе. Гэта даволі вялікі працэнт на сённяшні дзень. У далейшым ён можа ўзрастаць. Можна ўжо цяпер займацца прагнозамі, і яны будуць даволі дакладныя», – сказаў сацыёлаг.

Ён адзначыў, што суадносіны ацэнкі ўлады і апазіцыі рэспандэнтамі разыходзяцца дыяметральна процілегла. «Мы разлічваем гэта ў інтэрвале ад мінус 1 да плюс 1 у балах. Узровень даверу да ўлады каля 0,5, бліжэй да адзінкі, а да апазіцыі – мінус 0,5, гэта велізарная розніца», – пракаменціраваў Давід Ротман.

Меркаванні

Уладзімір Макей,  міністр замежных спраў Беларусі:
«Беларусь зацікаўлена ў тым, каб маючыя адбыцца прэзідэнцкія выбары прайшлі максімальна транспарэнтна і празрыста. Беларусь ужо заявіла аб сваёй гатоўнасці запрасіць наглядальнікаў і ад АБСЕ, БДІПЧ АБСЕ, Парламенцкай асамблеі АБСЕ, Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы і, магчыма, ад Еўрапарламента, калі яны выкажуць пажаданні. Мы не збіраемся закрываць працэс падрыхтоўкі і правядзення гэтых выбараў, таму што зацікаўлены ў іх празрыстым правядзенні».

Уладзімір Андрэйчанка,  старшыня Палаты прадстаўнікоў:

«Парламентарыі заўсёды былі сілай, якая кансалідуе грамадства ў адказныя для краіны
перыяды. Таму мы павінны зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб выбарчая кампанія прайшла максімальна адкрыта, дэмакратычна, у поўнай адпаведнасці з законам, а яе вынікі сталі рэальным выяўленнем волі народа, адпавядалі яго інтарэсам».

Мікалай Шчокін, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт:
«Дата выбараў Прэзідэнта Беларусі, назначаная на 11 кастрычніка 2015 года, поўнасцю адпавядае патрабаванням дзеючага заканадаўства і дае магчымасць усім зацікаўленым выкласці свае прапановы па далейшым паступальным развіцці нашай Айчыны. Хацелася б убачыць у праграмах так званых апазіцыйных кандыдатаў як мага больш канструктыву. Беларускае грамадства з’яўляецца ўжо сталым і наўрад ці будзе шарахацца з боку ў бок. Гэта асаблівасць нашага менталітэту, які дае магчымасць прытрымлівацца мудрага жыццёвага правіла «ад дабра дабра не шукаюць».

Сяргей Гайдукевіч, лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі:
«Назначаная дата выбараў дае магчымасць палітыкам у поўнай меры падрыхтавацца да іх. Асобныя «палітыкі» не могуць зразумець, чаму выбары ў Беларусі вырашылі правесці менавіта ў гэты дзень, і пачынаюць скардзіцца на праблемы, якія ўзнікаюць пры фарміраванні ініцыятыўнай групы. У мяне выклікае гэта толькі смех. Тыя, хто ідзе кандыдатам у Прэзідэнты, рыхтуюцца да гэтага загадзя, і месяц тут ніякай ролі не адыграе. Хто гатовы да выбараў, той не шукае апраўданняў».

Усевалад Шымаў, палітолаг:
«Падзеі ва Украіне паказалі беларусам, якую важную ролю ў жыцці дзяржавы адыгрывае стабільнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Таму, як бачым, да выбараў беларускае грамадства падыходзіць з’яднаным і ўсведамляючым тыя выклікі і пагрозы, якія стаяць перад Беларуссю. Дата выбараў – рэч толькі тэхнічная, і нейкі ажыятаж вакол яе назначэння асабіста мне не зразумелы. Палітычная сістэма Беларусі стабільная, асноўныя палітычныя сілы і іх пазіцыі добра вядомы, таму з падрыхтоўкай да выбараў цяжкасцей узнікнуць ні ў каго не павінна. Восень – заўсёды пачатак новага палітычнага сезона, і правядзенне такой важнай падзеі, як выбары Прэзідэнта, 11 кастрычніка выглядае лагічна».

Сяргей Клішэвіч, другі сакратар ЦК БРСМ:
«Выбары Кіраўніка дзяржавы для кожнага маладога чалавека – гэта стратэгічна важная падзея ў яго жыцці, якая ў многім вызначае будучыню яго самога, краіны, а таксама дзяцей і ўнукаў, якія будуць жыць у гэтай краіне. Кожны чалавек павінен быць сацыяльна адказным. Выбары Прэзідэнта – гэта мерапрыемства, якое дае магчымасць праверыць усё грамадства, у тым ліку моладзь, на грамадзянскую сталасць».
Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *