Па справе і слава
І зноў лістапад запрасіў рупліўцаў роднай зямлі, усіх, хто мае дачыненне да багатага ляхавіцкага стала, шчодра накрытага, дзякуючы нястомнай працы хлебаробаў і жывёлаводаў, механізатараў і спецыялістаў, завадчан і кіраўнікоў, на вечар-ушанаванне перадавікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК «І кланяюцца караваю людзі…»
Пад гукі духавога аркестра па вуліцы Леніна райцэнтра ў святочнай калоне прайшлі героі свята, кіраўніцтва раёна, госці.
Па традыцыі былі ўскладзены вянкі і кветкі да помніка воінам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Потым святочная калона рушыла ў Дом Саветаў, дзе і адбываліся галоўныя святочныя падзеі.
У фае было мнагалюдна і весела, атмасфера свята адчувалася паўсюдна. Настройвала на ўзнёслы лад музыка, вабіла вока прадукцыя, вырабленая СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», ПУП «Ляхавіцкі кааппрам», паспрабаваць прадукцыю перапрацоўшчыкаў на дэгустацыях жадаючых было нямала. Як, дарэчы, і набыць тыя ці іншыя прысмакі.
І вось гучныя фанфары абвясцілі пачатак святаўшанавання. Пасыпаліся віншаванні і словы падзякі за штодзённую няпростую і такую адказную сялянскую працу, вытворчыя перамогі, за любоў і пашану да зямлі, за хлеб і да хлеба на сталах.
Пад заслужаныя апладысменты на сцэну падняліся пераможцы абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў у раслінаводстве і жывёлагадоўлі.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук: «Сёння ў нас свята — свята ў гонар рук нястомных і ўмелых, у гонар мудрых і адкрытых сэрцаў — у ваш гонар, героі палёў, ферм, перадавікі перапрацоўчай прамысловасці. Сёння імянінніца — беларуская вёска, якая заўсёды ў працы і бясконцых клопатах пра хлеб, пра багацце народнае».
Кіраўнік раённай вертыкалі з гонарам расказаў пра сёлетнія здабыткі ляхавіцкіх аграрыяў, якія прадэманстравалі волю, мужнасць, высокае прафесійнае майстэрства і дасягнулі добрых паказчыкаў у розных галінах сельгасвытворчасці. «Гэта дзякуючы вашым намаганням і працы вашых калег мацнее, развіваецца раён, Брэстчына, Айчына, дзе не толькі горад, але і вёска, насуперак узросту, маладзее і прыгажэе», — зазначыў Дзмітрый Бурдук. Кіраўнік раёна ўручыў ганаровыя граматы і падзячныя пісьмы райвыканкама шэрагу працаўнікоў сельгасвытворчасці.
Хлебам-соллю віталі кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, якія ўпэўнена вядуць калектывы наперад, ствараюць сапраўдныя каманды аднадумцаў і прафесіяналаў.
Асаблівая ўвага і ўдзячнасць — шаноўным ветэранам сельгасвытворчасці. Іх вопыт — бясцэннае багацце, якое неабходна перадаваць наступным пакаленням. Гэта яны — Рэгіна Лукашэвіч, Генрых Траццяк, Міхаіл Варановіч, Мікалай Юрлевіч, Валянцін Сапун, Іван Русенчык, Аляксандр Юркевіч, Усевалад Скакун і многія іншыя — закладвалі трывалы фундамент для развіцця агра-прамысловага комплексу Ляхавіччыны.
Кульмінацыя свята: на сцэну запрашаюцца пераможцы традыцыйнага раённага спаборніцтва сярод сельгаспрадпрыемстваў. На сёлетнім жніве роўных не было СВК “Ляхавіцкі” (старшыня Аляксандр Вітко) па першай групе гаспадарак (сельгаскааператыў першынстваваў і па выніках, дасягнутых у вытворчасці і продажы малака) і ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” (дырэктар Рамуальд Сладзінскі) па другой групе. У нарыхтоўцы кармоў першынство за дзяржаўным прадпрыемствам “Нача” (дырэктар Мікалай Тарлюк), па вырошчванні льну лепшай прызнана Ляхавіцкая міжраённая льнонасенстанцыя (дырэктар Аляксей Раманаў). Лепш за іншых спрацавалі бульбаводы СВК “Жарабковічы” (старшыня Віталій Бусько) – у іх дыплом І ступені. Узнагарода такога ж узроўню і ў СВК “Шлях новы” (старшыня Аляксандр Вашчук), які дабіўся лепшых паказчыкаў у вытворчасці цукровых буракоў. Сёлетні пераможца ў вытворчасці і продажы мяса – ЗАТ “Белпрампрыбор” (дырэктар Віталій Гаўрылаў).
Пад заслужаныя апладысменты на сцэну падымаліся героі жніва. Ім, нястомным працаўнікам, падарункі і грашовыя прэміі ўручыў Дзмітрый Бурдук. Знаёмцеся яшчэ раз: героі-пераможцы раённага спаборніцтва – экіпажы зернеўборачных камбайнаў у складзе Івана Палешчука і Юрыя Сцяблова з СВК “Шлях новы”, Валянціна Карпейчыка і Пятра Кулака з ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, маладзёжнага тандэма Валерыя Пстыгі і Андрэя Салаўя з СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік” і Мікалая Бярэзіча і Юрыя Папчэні з ЗАТ “Белпрампрыбор”, на ўборцы кукурузы – экіпаж у складзе Мікалая Дварэцкага і Сяргея Пташука з СВК “Жарабковічы”. Адзначаны і сёлетні пераможны фініш ва-дзіцеля СВК “Шлях новы” Уладзіміра Махнача, яго калегі Вячаслава Русакевіча з ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, маладога вадзіцеля Яўгенія Казука з СВК “Жарабковічы” і Юрыя Сяргея з ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. Сярод машыністаў зернетакоў першае раённае месца ў звяна з СВК “Жарабковічы” (Васілій Селяйковіч) і ў звяна ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” (Андрэй Зайцаў). Анатолій Чаркас з СВК “Жарабковічы” і Аляксандр Дыдышка з СВК “Ліпнянка” – лепшыя сярод камбайнераў кормаўборачных камбайнаў. Удала справіліся з пастаўленай задачай – без страт адвезці кармы ад кормаўборачных камбайнаў – Аляксандр Хамутоў з СВК “Дарава” і Валерый Вайцешык з ЗАТ “Белпрампрыбор”. Лепшае звяно экіпажаў буракаўборачных камбайнаў у складзе Дзмітрыя Блашэнкі, Сяргея Салагуба, Сяргея Панічава і Віталія Кульбіцкага – таксама з СВК “Жарабковічы”. Лепшым сярод камбайнераў ільноўборачных камбайнаў стаў Ігар Страмавус з ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”, на гэтым жа прадпрыемстве працуе і лепшы прасаўшчык ільна Уладзімір Маслоўскі.
Віталі ўдзельнікі свята і пераможцаў сярод аператараў машыннага даення – Зою Сецько з СВК “Ляхавіцкі”, Валянціну Сцяблову з СВК “Шлях новы”, Марыю Турко з СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”, Святлану Міладоўскую з ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. Сярод аператараў па адкорме буйной рагатай жывёлы роўных няма працаўніцам СВК “Жарабковічы” Ліліі Лойка і Алене Грамак, сярод аператараў па вырошчванні маладняку – Ірыне Піліповіч з СВК “Ляхавіцкі”, сярод аператараў па вырошчванні і адкорме свіней – Кацярыне Мазура з ЗАТ “Белпрампрыбор”. Узнагароджаны таксама – аператар Ірына Дубіна з ЗАТ “Белпрампрыбор” і Зоя Шклянік з СВК “Ляхавіцкі”. Па вытворчасці і продажу малака першае месца замацавалася за МТФ “Каменка” ЛДАКа (загадчык Васілій Касцюкевіч) і МТФ “Галаўнінцы” ЗАТ “Белпрампрыбор”(загадчык Аляксандр Кулак). Лепшым па адкорме буйной рагатай жывёлы прызнаны комплекс СВК “Жарабковічы” (загадчыца Алена Навалочка).
Дыплом І ступені прысуджаны лепшаму вытворчаму ўчастку СВК “Дарава” (начальнік Аляксандр Пляшко).
Кіраўнік дэпутацкага корпуса Яўгеній Юрлевіч уручыў ганаровыя граматы і падзячныя пісьмы райсавета, а таксама ўзнагародзіў уладальнікаў другой прэміі раённага спаборніцтва.
Начальнік райсельгасхарчу Мікалай Варажун павіншаваў калег з прафесійным святам і ўручыў падарункі і грашовыя прэміі ўладальнікам трэціх месцаў.
Трэці год запар спецыяльны прыз газеты “Ляхавіцкі веснік” знаходзіць свайго ўладальніка, дакладней уладальніцу. Сёлета галоўны рэдактар раённай газеты Вольга Барадзіна ўручыла падарунак і кветкі аператару машыннага даення ЗАТ “Белпрампрыбор”, вельмі шчырай і працавітай жанчыне Святлане Новік.
Віншавалі, уручалі граматы, падарункі лепшым з лепшых намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Буткевіч, намеснік галоўнага інжынера ААТ “Бярозаўскі мясакансервавы камбінат” Руслан Равяка, начальнік участка ААТ “Баранавічхлебапрадукт” Вадзім Козел, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Вайцешык, старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Святлана Юрлевіч і сакратар РК КПБ Андрэй Куркач.
На свяце было нямала незабыўных хвалюючых момантаў. На сцэну пад апладысменты вядучыя запрасілі прыёмных бацькоў Аляксандра і Святлану Страмавусаў, Сяргея і Лідзію Канапельчанкаў. У межах выканання Прэзідэнцкай праграмы “Дзеці Беларусі” на Ляхавіччыне пабудаваны 2 дамы сямейнага тыпу, у якіх будуць жыць 16 дзетак. Ключы ад новабудоўляў бацькам уручыў Дзмітрый Бурдук з пажаданнямі шчасця, цярпення, веры, надзеі і любові.
Начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Алег Траццяк узнагародзіў сем’і лепшых вясковых гаспадароў – Віктара і Марыну Гатоўчыцаў з аграгарадка Ліпск і Аляксандра і Ганну Юнікаў з аграгарадка Русінавічы. Не засталіся без узнагарод лепшыя вучнёўскія брыгады на ўборцы бульбы. Сёлета імі сталі працоўныя каманды з Ліпскай, Начаўскай і Тальмінавіцкай САШ.
У конкурсе караваяў 1 месца — у СВК ”Канюхі”, на 2 і 3 месцах адпаведна СВК ”Шлях новы” і ЗАТ ”Белпрампрыбор”.
У пятніцу свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК адзначалася ўжо на абласным узроўні ў Івацэвічах. І ў святочнай зале Івацэвіцкага ГДК гучалі прозвішчы сельгасвытворцаў Ляхавіччыны. Ляхавіцкі раён па выніках абласнога спаборніцтва сярод раёнаў па рэалізацыі мяса заняў трэцяе месца і ўзнагаро-джаны Ганаровым дыпломам і грашовай прэміяй. За дасягненне высокіх паказчыкаў сярод абласных пераможцаў і прызёраў у сваіх намінацыях аператар машыннага даення Жанна Шпак з СВК “Шлях новы”, аператар па вырошчванні і адкорме БРЖ Зоя Шклянік з СВК “Ляхавіцкі”, тэхнік па штучным асемяненні БРЖ Сяргей Кобель з СВК “Жарабковічы”, загадчык фермы з СВК “Ляхавіцкі” Эдуард Шэпет, вадзіцель на адвозцы травяных кармоў ад кормаўборачных камбайнаў Уладзімір Мацюшка з СВК “Шлях новы”. Сярод узнагароджаных – намеснік дырэктара ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” Міхаіл Крупінскі, трактарыст-машыніст СВК “Канюхі” Міхаіл Шымкевіч, аператар машыннага даення СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік” Валянціна Валынец і СВК “Дарава” Людміла Прыступа, начальнік вытворчага ўчастка СВК “Дарава” Аляксандр Пляшко.
За кожнай лічбай статыстыкі вытворчых паказчыкаў – намаганні многіх людзей. Яны – руплівыя працаўнікі – галоўнае багацце ляхавіцкай зямлі.
Галіна КАНЬКО.