Нетрадыцыйна – пра традыцыйнае. Чарговае пасяджэнне Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта было выязным

Чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта было выязным. Аб’ектам увагі членаў выканкама і запрошаных удзельнікаў стаў Крывошынскі сельсавет. На абмеркаванне выносіліся пытанні ходу індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва ў раёне і забеспячэння яго неабходнай інжынерна-транспартнай інфраструктурай, стану матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя. Усё і не толькі гэта – традыцыйна праз прызму навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання тэрыторый арганізацый і населеных пунктаў раёна.

Праблемай для большасці нашых вёсак з’яўляюцца пустуючыя дамы: ператвараюцца ў зараснікі пустазелля, уяўляюць патэнцыяльную небяс-пеку. Нягледзячы на намаганні па іх зносе, колькасць безгаспадарных, нярэдка трухлявых пабудоў у раёне не змяншаецца. Сёння іх прыкладна 1300. І гэта нягледзячы на тое, што толькі летась было знесена каля 80 такіх пабудоў. У тым ліку 12 на тэрыторыі Крывошынскага сельсавета. Плюс 11 за паўгоддзе сёлета. Тэрыторыя былых сядзіб падлягае рэкультывацыі, у большасці выпадкаў некалі “гаспадарскія” соткі ўключаюцца ў абарот мясцовых сельгаспрадпрыемстваў. Падобнае назіралі ў Шчэрбаве, дзе месцы адносна нядаўна знесеных хат аддадзены пад пасевы. Але гаварыць пра гэта як пра татальную з’яву, на жаль, не даводзіцца. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч запатрабаваў: неабходна працаваць – засяваць, выкарыстоўваць вызваленыя землі належным чынам. А то мільёны бюджэтных рублёў затрачваем на знос і, здараецца, патрэбна яшчэ столькі ж на падкошванне тэрыторыі ад бур’яну.

Увагі патрабуюць і некаторыя дарогі, прыдарожныя палосы, вясковыя і аграгарадскія вуліцы. Не ўпершыню старшыня райвыканкама звярнуў увагу на запушчанасць тратуараў і неахайнасць бартавых камянёў. І калі разбіты, у ямах асфальт праезнай часткі дарогі “самадзейным” метадам адрамантаваць немагчыма, то вызваліць ад напластавання зямлі яшчэ цэлы і функцыянальны бардзюр, добраўпарадкаваць пешаходную дарожку можна.

Веды, правілы, нормы, алгарытм паводзін у той ці іншай сітуацыі, прыярытэты ў разуменні таго, што ёсць добра, у значнай ступені фарміруюцца ў школе. Ад ступені рацыянальнасці закладзенага ў школе зерня залежыць магутнасць “усходаў” і якасць “ураджаю”.

Як і іншыя агульнаадукацыйныя ўстановы, Крывошынская СШ гэтым часам на канікулах. Тым не менш, прышкольная тэрыторыя дагледжана, распачаты міжсезонны рамонт. Дарэчы, пра рамонт. Работ мінулагодняга маштабу гэта школа не ведала даўно, калі ўвогуле ведала. За 3,5 мільярда бюджэтных рублёў быў адрамантаваны блок харчовых памяшканняў, часткова – класы. Найбольш расходаў пацягнула замена даху. Прымаючы да ўвагі перспектыўнасць Крывошынскай СШ, падобныя ўкладанні здаюцца цалкам рацыянальнымі. Сёння яна займае пазіцыю адной з найбольш укамплектаваных сельскіх школ раёна. Чакаецца, што 1 верасня за парты тут сядзе да 135 вучняў.

Медыка-рэабілітацыйны квартал у Крывошыне сустрэў удзельнікаў выязнога пасяджэння райвыканкама добраўпарадкаванасцю тэрыторыі. За першачарговасцю медыцынскага ўгадваецца яшчэ і сацыяльная значнасць мясцовых медустаноў для жыхароў Крывошына і суседніх вёсак. Толькі абласная псіхіятрычная бальніца дае працу больш як двумстам мясцовым жыхарам. Плюс прыкладна 30 працоўных месцаў у Крывошынскай участковай бальніцы. Але, як гучала неаднойчы падчас пасяджэння, кадравая праблема існуе. Немалая колькасць працуючых у крывошынскіх установах аховы здароўя медыкаў – пенсійнага ўзросту. А чаргі з маладых-адукаваных, хто б жадаў прыйсці ім на змену, не назіраецца. На думку Вячаслава Сельмановіча, без узвядзення жылля вырашыць кадравую праблему наўрад ці магчыма.

Утрыманне Крывошынскай участковай бальніцы каштавала бюджэту ў мінулым годзе 3,5 мільярда рублёў. Калі ж 340 тысяч рублёў, у якія абыходзіцца кожны дзень знаходжання ў стацыянары аднаго пацыента аблпсіхбальніцы, памножыць на сярэднюю колькасць пацыентаў (180-190 чалавек) – будзем мець уяўленне, колькі каштуе “бясплатнае” медыцынскае абслугоўванне дзяржаве.

Працуючыя ў прывязцы з медустановай лячэбна-працоўныя майстэрні сёння не вызначаюцца тым валам прадукцыі, як у лепшыя свае часы. Раней тут, вобразна кажучы, і шылі, і стругалі, і кляпалі. Многае з названага і зараз робіцца, але ў істотна меншых аб’ёмах. Адпаведная трансфармацыя адбылася і з атрыманнем выручкі. Між тым, старшыня райвыканкама лічыць надзвычай важным захаваць для вёскі і для раёна гэтыя майстэрні. Вячаслаў Сельмановіч не выключае варыянт прыцягнення дзелавой ініцыятывы ў спалучэнні з прыватным капіталам.

З улікам убачанага, удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі пытанні парадку дня ў пленарным складзе. Члены райвыканкама прынялі шэраг рашэнняў. Да ўдзелу ў рабоце выязнога пасяджэння райвыканкама далучыліся намеснік міністра транспарту і камунікацый Аляксандр Шышко і намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама Алена Ільяшова.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *