Ільняныя зажынкі. Механізатары ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” першымі вывелі на палеткі льноўборачную тэхніку

Завадчанін Ігар Страмавус чацвёрты сезон выводзіць камбайн на льняныя палеткі.

Сёлета толькі пачынае сваю «льняную» біяграфію механізатар Аляксандр Мацкевіч.

Здаецца, зусім яшчэ нядаўна хваляваўся лён сінімі разлівамі пад подыхам цёплага ветрыку. А сёння зашамацеў ужо выспелымі галоўкамі – настаў час уборкі. Першымі вывелі на палеткі льноўборачную тэхніку механізатары ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”. Работа пайшла без прамаруджвання. Заводскі машынна-трактарны парк уяўляе сабой магутную сілу: 3 ільнокамбайны, 5 самаходных ільноцерабілак, 19 прычапных прэс-падборшчыкаў, дастаткова абарочвальнікаў, успушвальнікаў, ёсць платформы для перавозкі льну, пагрузчыкі – усё неабходнае, каб ільноўборачную кампанію правесці паспяхова. Спецыяльную падрыхтоўку, у тым ліку і па тэхніцы бяспекі, прайшлі механізатары і ўсе ўдзельнікі льноўборачнай кампаніі.

Прадпрыемства, якое амаль цалкам самастойна забяспечвае сваю вытворчасць сыравінай, сёлета пасеяла паўтары тысячы гектараў ільну. На 260 гектарах вырасцілі культуру работнікі льнонасенстанцыі, на 80 – СВК “Жарабковічы”, яшчэ на 60 гектарах выспеў даўгунец у СВК “Шлях новы”.

Церабленне льну завод пачаў з участкаў на пясчаных глебах, дзе пасевы аказаліся пераспелымі: такога льну прыкладна 200 гектараў. Астатні даўгунец сёлета выдаўся добрым. Зразумела, гэтаму садзейнічалі агратэхнічныя мерапрыемствы, якія завадчане правялі своечасова і якасна. Пад патрэбу былі ўнесены арганічныя і комплекс мінеральных угнаенняў, праведзены хімпраполка, апрацоўка пасеваў ад хваробаў і шкоднікаў.

Цяпер застаецца толькі выцерабіць даўгунец і даць магчымасць трасце вылежацца пад летнімі росамі, а пасля – у шохі і на перапрацоўку.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *