Паход у лес пачынаецца з тэлефанавання ў лясніцтва
Першы месяц лета хоць і не парадаваў нас сапраўдным цяплом, выдаўся вельмі скупым на дажджы: ападкаў за гэты час выпала добра калі працэнтаў 30 ад нормы. Апошні факт істотна паўплываў на пажарную небяспеку ў лясах і на тарфяніках. Абязводжаны верхні пласт тарфяной залежы, сухая лясная падсцілка з’яўляюцца вельмі прыдатным асяродкам для ўзнікнення пажараў. Можна назваць з дзясятак прычын, якія здольны запусціць у лес “чырвонага пеўня”. У стане справакаваць пажар разрад маланкі; шкельца, якое невядома калі і як тут апынулася, у нядобры час можа сфакусіраваць і “разагрэць” сонечныя промні да тэмпературы гарэння, напрыклад, сухой травы. Але ў аснове абсалютнай большасці ўзгаранняў прычыны празаічныя, банальныя – рукатворныя. Нярэдка пажар з’яўляецца наступствам кінутай запалкі ці недакурка, непатушанага вогнішча, выпальвання сухой расліннасці, іншага. Асабліва ва ўмовах 30-градуснай спёкі, што ўсталявалася апошнім часам.
Як паведаміў начальнік РАНС Валерый Равінскі, у сувязі з гарачынёй у раёне пачасціліся выпадкі ўзнікнення пажараў у экасістэмах. Так, 4 ліпеня падраздзяленні РАНС сумесна з работнікамі СВК “Ліпнянка” ліквідавалі гарэнне травы на тарфяніку непадалёку ад Свяціцы. Прычына – неасцярожнае абыходжанне людзей з агнём.
5 ліпеня падчас патрулявання работнікі лясгаса выявілі ўзгаранне травы на тарфяніку паблізу вёскі Нетчын. Пажар аператыўна ліквідаваны выратавальнікамі.
У гэты ж дзень каля 11 гадзін падчас аблёту ўгоддзяў бортам “Беллесавія” было выяўлена ўзгаранне рэдкалесся паблізу вёскі Гашчын, што на тэрыторыі Куршынавіцкага лясніцтва. У ліквідацыі пажару было задзейнічана больш за 40 работнікаў лясной аховы, 6 адзінак спецыяльнай тэхнікі лясгаса, 2 адзінкі тэхнікі і 5 супрацоўнікаў РАНС. Пажар лакалізаваны. Ідзе разбіральніцтва, але з вялікай доляй верагоднасці можна сцвярджаць, што і ў гэтым выпадку віна ляжыць на чалавеку.
Супрацоўнікі РАНС сумесна з лясной аховай і раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя штотыднёва праводзяць рэйды па выяўленні і папярэджанні пажараў у экасістэмах.
У сваю чаргу, лясгас, як паведаміла намеснік дырэктара ўстановы Наталля Адаменка, прымае дадатковыя меры, скіраваныя на недапушчэнне лясных пажараў і ўзгаранняў. Узмоцнена патруляванне ўгоддзяў, на з’ездах з дарог у традыцыйна ягадных ці па іншай прычыне папулярных у насельніцтва месцах лясных масіваў арганізаваны пасты. Іх роля – у меншай ступені кантрольная, у большай – інфармацыйныя. Яшчэ раз нагадаюць правілы бяспечных паводзін, што можна і чаго нельга дапускаць падчас наведвання лесу, іншае.
Дарэчы, у адпаведнасці з распараджэннем райвыканкама ў раёне дзейнічае абмежаванне наведвання лясоў насельніцтвам. На перыяд яго дзеяння пры наяўнасці на ўездзе ў лясныя масівы аншлагаў, шлагбаўмаў, інфармацыйных указальнікаў адпаведнага зместу забараняецца наведванне данага ляснога масіву.
У гэты перыяд таксама забараняецца разводзіць вогнішчы, пакідаць непатушаныя запалкі, недакуркі і іншыя крыніцы гарэння. Падчас палявання нельга выкарыстоўваць пыжы з лёгкагаручых або здольных да тлення матэрыялаў, пакідаць прамасленыя або прамочаныя гаручымі вадкасцямі матэрыялы: тканіну, паперу, вату. Недапушчальна запраўка палівам транспартных сродкаў на лясных дарогах. Канешне ж, існуе жорсткая забарона на выпальванне сухой расліннасці, як і ўвогуле на карыстанне любым адкрытым агнём.
Пры намеры наведаць лес (з мэтай збору актуальных зараз чарніц, напрыклад), грамадзянін абавязаны паведаміць у адпаведнае лясніцтва, лясгас. Можна асабіста, але і тэлефанавання будзе дастаткова.
Наталля Адаменка звярнула ўвагу на яшчэ аднаго надзейнага памочніка работнікаў лесу ў гэты і не толькі час. Гутарка пра сістэмы відэаназірання, якімі на сёння могуць пахваліцца Востраўскае і Крывошынскае лясніцтвы. Усталяваныя на апорах-вышках электронна-аптычныя сістэмы бачаць далёка, усю “карцінку” ў рэжыме рэальнага часу перадаюць на дзяжурны манітор.
Маніторыць, каб не дапусціць надзвычайнай сітуацыі, – на сёння гэта важнейшая задача не толькі работнікаў лесу, пажарных-выратавальнікаў, інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, але і ўсіх нас – грамадзян сваёй краіны.
Іван КАВАЛЕНКА.