Сапраўдны майстар працуе ў Ляхавічах
Прафесіянал высокага класа, спецыяліст, які дакладна ведае сваю справу, ніколі не адступае перад праблемамі, прынцыповы і адказны чалавек – такую характарыстыку майстру Аляксандру Бузуку (на здымку) дае начальнік раёна электрасетак Віктар Станкевіч.
Брыгада Бузука – адна з лепшых у Баранавіцкіх электрасетках. У многім дзякуючы і таму, што майстар патрабавальны і да сябе, і да сваіх падначаленых. І, безумоўна, паважаны і аўтарытэтны. А яшчэ – вельмі вопытны, амаль 3 дзесяцігоддзі на сваім месцы!
У зоне адказнасці брыгады – 130 падстанцый і 120 кіламетраў кабельных ліній электраперадач.
Свой вопыт і напрацоўкі Аляксандр Аляксандравіч перадае не толькі падначаленым, але і сыну Андрэю, які працуе вадзіцелем-электраманцёрам аператыўна-выязной брыгады РЭС.
Неаднойчы ў адрас Аляксандра Бузука гучалі падзякі, атрымліваў і граматы. А сёлета за высокія дасягненні ў прафесіянальнай дзейнасці яго прозвішча занесена на раённую Галерэю славы.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.