Чарнічна-малінавы джэм. У Ляхавіцкім раёне працягваецца сезон нарыхтовак
Лета – адпускная пара. Нехта едзе на мора, а хтосьці спяшаецца ў лес, на прысядзібныя ўчасткі, дачы. І не толькі для таго, каб адпачыць, але папрацаваць, нарыхтаваць і падзарабіць. Лясы Ляхавіччыны напоўнены галасамі ягаднікаў, кожны з якіх імкнецца адхапіць свой кавалак ”пірага” з чарніц ці маліны.
Перспектыва, што адкрывае “ціхае” паляванне, не абмяжоўваецца прыгатаваннем духмянага варэння. Святлана Мікалаеўна не першы год займаецца зборам і здачай ягад і грыбоў:
– Хутка пачнецца чарговы навучальны год, а ў мяне чацвёра ўнукаў, трэба дапамагчы сабраць іх у школу. Разам з дочкамі, якія цяпер у водпуску, хаджу ў лес па чарніцы. Спачатку назбіралі для сваіх патрэб, цяпер вось здаём нарыхтоўшчыкам. У мінулым сезоне ягадны ўраджай быў не надта. Але ж і тыя грошы, якія атрымалі за 150 кілаграмаў ягад, якраз да месца прыйшліся.
Кажуць, што трэніраваныя ягаднікі за 2-3 гадзіны збіраюць пяцілітровае вядро. Іх не палохаюць ні камары, ні кляшчы, ні дождж, ні сонца, ні нават часовая забарона на наведванне лесу.
Ягадна-агароднінны сезон даволі абмежаваны, а вітаміннай прадукцыі хочацца і зімой. Добра таму, хто паспее замарозіць ці насушыць ягад, тады праблем няма: вары кісялі і кампоты ці ласуйся сырымі. У адваротным выпадку спяшаемся ў крамы, дзе замарожаныя ягады – раней пераважна замежнай, а апошнім часам і айчыннай вытворчасці.
Многія землякі за агароднінай, садавінай адпраўляюцца на базар. Літровы слоік вішні ў Ляхавічах учора каштаваў 20 тысяч рублёў, столькі ж і маліна. За літр чарніц прасілі 35-40 тысяч рублёў.
Але не ўсе прадаюць лішкі вырашчанай і сабранай прадукцыі на базары, многія звяртаюцца да паслуг нарыхтоўшчыкаў.
Праўленне Белспажыўсаюза сёлета павялічыла ў параўнанні з мінулым годам закупачныя цэны на агародніну і садова-ягадную прадукцыю. Па даных аблспажыўсаюза, сёлета кааператары Брэстчыны плануюць нарыхтаваць удвая больш чарніц, чым у папярэднія сезоны.
Як адзначыў начальнік аддзела нарыхтовак райпо Віктар Скіндзер, гэты сезон спрыяльны для чарніц. Калі летась іх закупілі няпоўныя 2 тоны, то сёлета ўжо – 14 тон, што ў многіх раёнах яшчэ дзейнічае абмежаванне на наведванне лясоў. Максімальная закупачная цана вагаецца ў залежнасці ад прапаноў здатчыкаў і цаны, якую ставяць канкурэнты – прыватныя нарыхтоўшчыкі. Напрыклад, 16 ліпеня райпоўская цана была 24 тысячы рублёў за кілаграм чарніц.
Традыцыйна найбольшую актыўнасць праяўляюць зборшчыкі лясных ягад з Куршынавічаў, Гайніна, Гайнінца, Свяціцы, Крывошына, якія здаюць ягады ў магазіны райпо ў сваіх вёсках. Па словах Віктара Скіндзера, у сельмагі і ў гарадскую краму “Кааператар” можна здаць любыя ягады ці агародніну і атрымаць разлік як грашыма, так і таварам, што маецца ў продажы.
Геаграфія нарыхтовак чарніц нашым райпо ахоплівае не толькі Ляхавіччыну, але і Пінскі раён. Частка закупленых ягад ідзе на продаж насельніцтву праз магазіны, частка замарожваецца – такая прадукцыя карыстаецца попытам і ў айчынных спажыўцоў, і экспартуецца. Дарэчы, гэта нядрэнная крыніца даходаў. Аматарам ціхага палявання трэба прытрымлівацца правілаў збору ягад. Але не чарніцамі адзінымі цікавяцца сёння нарыхтоўшчыкі. У разгары сезон парэчак і вішні. Ужо закупілі 900 кг клубніц, большую частку – у Лунінецкім раёне. Кааператары раёна плануюць нарыхтоўваць слівы, брусніцы, журавіны.
Працягваецца і закупка агуркоў. У асноўным райпоўскія нарыхтоўшчыкі едуць за імі на Століншчыну. У сезон не абыдуць увагай яблыкі, а таксама буракі, моркву, капусту і бульбу. Дарэчы, сёлета ў магазіне “Кааператар” даволі рана можна было купіць маладую бульбу, моркву і капусту новага ўраджаю.
Цяпер у сістэме райпо працуюць 3 штатныя нарыхтоўшчыкі, плюс пазаштатныя. Штодзённа, акрамя панядзелка, на рынку ў райцэнтры адкрыты нарыхтоўчы пункт, дзе кожны жадаючы можа здаць прадукцыю з лесу, дачы, агарода ці сада.
На ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод” сезон нарыхтовак таксама ў разгары. Пакуль закуплена 70 тон агуркоў на Століншчыне, на чарзе – кроп і хрэн, якія спатрэбяцца для марынавання агуркоў, а таксама яблыкі.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.