Фільтруй жалеза! На наступным тыдні запланаваны ўвод у эксплуатацыю станцыі абязжалезвання ў Ляхавічах

Якасць вады непакоіць ляхавічан не першы год. Малапрыемны металічны прысмак, іржавыя падцёкі на сантэхніцы, карычневы налёт унутры чайнікаў і каструляў – тое, чым “выліваецца” для нас павышанае ўтрыманне жалеза ў вадзе. Канешне, у канкрэтных выпадках гэту праблему можна вырашыць пры дапамозе разнастайных фільтраў. Але бадай адзіным глабальным вырашэннем пытання стала будаўніцтва ў райцэнтры станцыі абязжалезвання, якое распачалося ў 2013 годзе на выездзе з горада ў бок Грушаўкі. Будаўніцтва вялося за сродкі рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Раней “ЛВ” паведамляў, што станцыя пачала працаваць у тэставым рэжыме.

Што ж уяўляе сабой сёння Ляхавіцкая станцыя абязжалезвання? Як расказаў галоўны інжынер КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Аляксандр Жук, аб’ект уключае саму станцыю і помпавую, водаадводы, інжынерныя сеткі (каналізацыйныя, электразабеспячэння, тэлефонныя); пляцоўкі прамыўных вод; унутрыпляцовачныя тэхналагічныя камунікацыі; аўтаматызаваны дыспетчарскі пункт; дзве свідравіны; кацельню; павеці для цвёрдага паліва. На будаўніцтва, закупку і ўстаноўку абсталявання пайшло звыш 26, 6 мільярда бюджэтных рублёў. Пытанне за добраўпарадкаваннем тэрыторыі, на якое пакуль не хапае грошай. Пуск станцыі неаднойчы, пачынаючы з верасня мінулага года, адкладваўся з-за недахопу сродкаў да канчатковага завяршэння аб’екта.

У сувязі з правядзеннем пусканаладачных работ, прывядзеннем у адпаведнасць з праектнымі параметрамі работы станцыі абязжалезвання, камунгас папярэджваў насельніцтва (у тым ліку і праз аб’явы ў раёнцы), што з 3 па 25 сакавіка будуць магчымы кароткачасовыя спыненні падачы вады спажыўцам, а таксама пагаршэнне яе якасці, пах хлору. Спажыўцоў папярэджвалі пра неабходнасць кіпячэння вады перад ужываннем.

Як паведамілі ў камунгасе, работа станцыі ў тэставым рэжыме была прадоўжана амаль да сярэдзіны ліпеня. Іржавую ваду з кранаў 18 і 19 ліпеня ў аварыйна-дыспетчарскай службе тлумачылі тым, што ўжо тыдзень станцыя абязжалезвання не працуе ў тэставым рэжыме, а рыхтуецца да запуску ў паўнапраўнае дзеянне.

Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў паведаміў, што на мінулым тыдні ён падпісаў заключэнне на ўвод аб’екта ў эксплуатацыю. Па інфармацыі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, калі тутэйшая лабараторыя мела акрэдытацыю, вада штомесячна правяралася на мікрабіялагічныя паказчыкі і раз у квартал – на хімічныя. Як расказала ўрач-гігіеніст райЦГіЭ Яна Санюта, па афіцыйных даных, атрыманых па выніках даследаванняў, праведзеных напачатку мая гэтага года ў лабараторыі Баранавіцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, жалеза ў водаправоднай вадзе ўтрымлівалася 1,1 міліграма на кубічны дэцыметр вады (норма – 0,3 мг/ дм3). Згодна пратакола новых даследаванняў ад 10 ліпеня вынікі наступныя: да паступлення вады на станцыю – 0,99 мг/дм3 , пасля праходжання яе праз спецыяльныя фільтры – 0,22 мг/ дм3, што ўкладваецца ў нормы. Адпавядае адфільтраваная вада хімічным і мікрабіялагічным паказчыкам – гэта таксама пацверджана лабараторна.

Як запэўніў Аляксандр Жук, пасля канчатковага пуску вада, якая паступае ў гарадскую водаправодную сетку, будзе адпавядаць усім неабходным параметрам па ўтрыманні жалеза.

“ЛВ” пацікавіўся, калі ўрэшце адбудзецца гэта доўгачаканая падзея. Як расказалі ў аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, пасяджэнне камісіі па падпісанні акта ўводу станцыі абязжалезвання ў эксплуатацыю папярэдне назначана на 4 жніўня.

Па словах Аляксандра Жука, на 4 жніўня 2015 года запланаваны і канчатковы тэрмін уводу першага пускавога комплексу (амаль уся станцыя).

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *