У прафсаюзаў актыўная пазіцыя
Па ўсёй краіне з мінулага чацвярга праходзіць збор подпісаў у падтрымку вылучэння патэнцыяльных кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У нашым раёне актыўна далучыліся да збору подпісаў грамадскія аб’яднанні: пікеты ў падтрымку дзеючага Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі арганізоўваюць раённыя арганізацыі “Белай Русі”, БРСМ, прафсаюзы.
Напрыклад, раённае аб’яднанне прафсаюзаў размясціла сталы для збору подпісаў, аздобленыя прафсаюзнай атрыбутыкай, у аграгарадку Жарабковічы, у прамысловай зоне райцэнтра каля прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Літаральна некалькі гадзін – і ў падпісных лістах некалькі дзясяткаў аўтографаў нашых землякоў. Як расказала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Курэц, пікетаванне ў горадзе і вёсках будзе праходзіць і ў бліжэйшыя дні.
Для таго, каб кандыдат быў зарэгістраваны, да 21 жніўня яго ініцыятыўнай групе трэба сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў. Пры гэтым грамадзянін мае права ставіць подпіс за вылучэнне адразу некалькіх кандыдатаў, але не можа падпісвацца два і больш разы за аднаго прэтэндэнта.
Святлана БЕЛЬМАЧ.