Залатыя маладыя
Рэгістрацыя шлюбу — падзея заўжды ўрачыстая, радасная, хвалюючая і, безумоўна, запамінальная — як для саміх віноўнікаў свята — жаніха і нявесты, так і для гасцей. А калі гэта вяселле не простае, а, як у той казцы, — залатое!..
Менавіта такая значная падзея адбылася днямі ў ляхавічан Георгія і Рэгіны Кіршэўскіх. Толькі ўявіце: 50 гадоў разам. Якое ж гэта шчасце і адказнасць адначасова! Свяціліся радасцю твары юбіляраў, а на вачах родных, блізкіх і сяброў раз-пораз блішчалі слёзы радасці. Нягледзячы на выпрабаванні і непаразуменні, перашкоды і нязручнасці, гэтыя ўжо немаладыя па ўзросце мужчына і жанчына, падтрымліваючы, дапамагаючы, падбадзёрваючы і моцна кахаючы адзін аднаго пражылі цудоўнае жыццё, нарадзілі і выхавалі 2 сыноў, дапамагалі падымаць на ногі 4 унукаў, ужо дачакаліся і праўнука. А па-ранейшаму ў іх вачах можна прачытаць шчасце, захапленне і натхненне сваёй другой палавінкай.
У чым жа сакрэт такога доўгага сямейнага шчасця?
— У жыцці бывае ўсякае, але трэба імкнуцца разумець таго, хто побач, паважаць, дапамагаць, – дзеліцца сваім сакрэтам Рэгіна Станіславаўна.
— Вельмі важнымі для мужа і жонкі з’яўляюцца цярпенне і шчырыя адносіны. Нездарма гавораць, што гэта дзве палавінкі, якія зліліся ў адно цэлае. Яны нават падобнымі знешне становяцца праз многія гады сумеснага жыцця, – дапаўняе жонку Георгій Сяргеевіч.
І сапраўды, яны падобныя, бо ад абоіх аднолькава зыходзяць запал, упэўненасць, душэўнае цяпло, так і хочацца спадзявацца, што ўсё самае-самае ў іх яшчэ наперадзе.
А ўсё пачыналася ў сярэдзіне 50-х гадоў мінулага стагоддзя, калі ў Брэсце на спартыўных спаборніцтвах пазнаёміліся Георгій Кіршэўскі і Рэгіна Тарасевіч. І гэта было каханне, як ні банальна, з першага позірку: паміж юнаком і дзяўчынай прабегла нейкая няўлоўная іскрынка, якую яны беражліва пранеслі праз дзесяцігоддзі, а, галоўнае, яна і сёння працягвае саграваць цеплынёй, дабрынёй і пяшчотай. Некалькі гадоў сустрэч і спатканняў праляцелі непрыкметна, а ў лістападзе 1960 года для Рэгіны і Георгія прагучаў марш Мендэльсона.
І вось праз 50 гадоў усё паўтарылася зноў. Такія ж узрушаныя, праўда, больш дарослыя (як-ніяк за плячыма цэлае жыццё) Рэгіна Станіславаўна і Георгій Сяргеевіч, побач сын і нявестка, унукі, родныя, блізкія, суседзі.
Ва ўпрыгожанай зале ляхавіцкага загса ў мінулую суботу было святочна-ўрачыста. Хваляваліся і залатыя маладажоны, і госці, і супрацоўнікі загса. І вось ён, радасны момант: начальнік аддзела загса райвыканкама Людміла Палтарак шчыра павіншавала юбіляраў з залатым вяселлем і запрасіла іх ступіць на ручнік – сімвал сям’і і сумеснага шчасця. Потым гэты нязменны атрыбут вясельных урачыстасцей павінен захоўвацца ў сям’і юбіляраў і выкарыстоўвацца на вяселлях дзяцей, унукаў і праўнукаў.
Па традыцыі ў святочны дзень былі запалены свечкі – сімвал хатняга ачага, выпіта шампанскае, гучалі гучнае “горка” і словы віншаванняў і пажаданняў такога ж кахання, здароўя, радасных імгненняў і доўгага сямейнага жыцця ад родных, блізкіх, суседзяў, былых калег. Ад райвыканкама і раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” залатых маладажонаў вітала Наталля Мацкевіч. Шмат шчырых і добрых слоў у адрас віноўнікаў урачыстасцей было сказана дырэктарам Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Вячаславам Сельмановічам (менавіта ў гэтай установе адукацыі шмат гадоў працавалі юбіляры: Рэгіна Станіславаўна – бухгалтарам, Георгій Сяргеевіч – выкладчыкам фізічнага выхавання), старшынёй прафсаюзнай арганізацыі агракаледжа Святланай Вайцяхоўскай, былой калегай Аляксандрай Матчэняй. А потым для залатой сям’і Кіршэўскіх загучала танга. І яны танцавалі, гледзячы адзін на аднаго з пяшчотай і любоўю. Пад апладысменты гасцей Людміла Палтарак запрасіла Рэгіну і Георгія Кіршэўскіх праз дзесяць гадоў разам з роднымі і блізкімі адзначыць урачыста і брыльянтавае вяселле.
Шчасця вам, залатыя маладыя!
Галіна КАНЬКО.