Пра парадак без умоў
Фотахроніку безгаспадарчасці і бяздзейнасці кіраўнікоў і адказных асоб некаторых прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў на чарговай апаратнай нарадзе прадставіў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч. У аб’ектыў фотаапарата кіраўніка раёна на мінулым тыдні трапілі кар’ер і могілкі ў аграгарадку Жарабковічы, неабкошаны стадыён і ”ўпрыгожаныя” пустазеллем вуліцы ў аграгарадку Тальмінавічы, непрывабная карціна на кукурузных палетках СВК “Тальмінавічы”. Сур’ёзная крытыка гучала ў адрас пашаў райаграсэрвіса. На вуліцах і вакол некаторых дамоў у Альхоўцах, адзначыў старшыня райвыканкама, буяе пустазелле ледзь не ў рост чалавека. Ля чыгуначнага пераезда ў райцэнтры, здавалася б, тэрыторыя падкошана і прыбрана. Але сітуацыя не бачыцца такой прывабнай, калі зазірнуць крыху далей.
Ёсць у кіраўніка раёна пытанні і да камунгаса: і ў плане навядзення і падтрымання чысціні і парадку (у адрозненне ад цэнтральных, на вуліцах Янкі Купалы, Чэхава, Чкалава, Інтэрнацыянальнай, Будаўнікоў, Кальцавой і іншых да парадку далёка), і наконт устаноўкі дадатковых кантэйнераў для паасобнага збору смецця.
Пра ход нарыхтовак у раёне паведаміў удзельнікам апаратнай нарады старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч. Па яго інфармацыі, з пачатку года закуплена прадукцыі больш чым на 7 мільярдаў рублёў, з якіх больш чым на 5 мільярдаў – у насельніцтва. Па стане на 30 ліпеня толькі чарніц закуплена 14 тон. Найбольш паспяхова спрацавалі магазіны райпо ў Ліпску, Крывошыне, Свяціцы, Куршынавічах, Гайнінцы. Разам з тым, адзначыў Вячаслаў Сельмановіч, значна больш нарыхтавана ягад за межамі раёна, што сведчыць пра недастаткова аператыўную работу тутэйшых нарыхтоўшчыкаў і неадрэгуляваную цэнавую палітыку райпо.
Каб нарыхтоўчы сезон прайшоў без збояў, падрыхтавана неабходная тара для захоўвання і складзіравання, наладжаны радыяцыйны кантроль за якасцю, заключаны 3 дагаворы на пастаўку прадукцыі з фермерскімі гаспадаркамі і 20 – з насельніцтвам. Працуюць 3 стацыянарныя нарыхтоўчыя пункты ў нашым раёне і адзін – у Бара- навічах.
Даведзеныя заданні па нарыхтоўцы садавіны, агародніны, дзікарослых раслін райпо выконвае. А вось з другаснай сыравінай – праблемы, хаця гэта таксама задача першачарговай важнасці.
Падчас апаратнай нарады ўздымаліся і іншыя надзённыя пытанні.
Галіна КАНЬКО.