Фермерскія ранкі клапатлівыя
Ініцыятыўным, мэтанакіраваным і настойлівым, тым, хто не баіцца працы, дзяржава прапануе: бяры ў арэнду зямлю і будзь на ёй гаспадаром. Яшчэ і падтрымка гарантуецца: 3 гады не давядзецца плаціць падаткі; фермер нараўне з сельгаспрадпрыемствамі карыстаецца мэтавымі бюджэтнымі асігнаваннямі на пакупку мінеральных угнаенняў, паліва і г.д.; можна купіць тэхніку па лізінгу.
Але на справе не ўсё так проста. Не ў кожнага ёсць першапачатковы капітал, які, несумненна, спатрэбіцца. У дадатак да яго яшчэ неабходна мець моцнае жаданне працаваць на зямлі. Трэба шмат сіл і намаганняў, каб пасля зямля табе аддзячыла. Вось чаму фермерамі становяцца нямногія. Тыя, хто на золаку ўжо будзе ў полі, а дамоў прыйдзе, калі на небе зоркі. З такіх працаўнікоў – сям’я Мікалая і Алы Машэяў з Ляхавіч.
Пачыналі, лічы, з нуля. Хаця, усё ж, не зусім – з любві да зямлі, атрыманай у спадчыну ад бацькоў-хлебаробаў. Што тады было на душы ў абодвух – таямніца: стаялі на абшары пашы з дакументамі ў руках, дзе было засведчана: 21 гектар (з якіх 3 – забалочаныя) – участак пачынаючых фермераў. Усё, што мелі з тэхнікі на той час, – стары бацькаў трактар. Напачатку пабудавалі 3 цяпліцы для вырошчвання памідораў і сталі апрацоўваць гадамі злежаную пустку. Кожны наступны год прыносіў перамены, усёй сям’ёй радаваліся першай выручцы за рэалізаваную агародніну. А хутка ляхавічане сталі заўважаць, што на рынку вельмі добрыя памідоры аж да глыбокай восені прадаюць Машэі.
Ала і Мікалай не заўважылі, як падраслі дзеці і сталі іх надзейнымі памочнікамі. Сёння цяпліцы ўжо выкарыстоўваюцца толькі для вырошчвання расады і ранняй агародніны да свайго стала. На 18-ці гектарах растуць памідоры, капуста, морква: роўныя рады бягуць за гарызонт. Разам з Алай Іванаўнай мы падлічылі, колькі ёй трэба вырасціць, а пасля прапікіраваць саджанцаў памідораў, калі на гектар іх спатрэбіцца 30 тысяч штук. Пад гэтую агародніну Машэі адводзяць як мінімум 5 гектараў. Арыфметыка не складаная. А вось высадзіць рукамі 150 тысяч каліваў у спецыяльныя касеты – занятак, які патрабуе не толькі ўмення, але і цярпення. Столькі ж патрэбна і саджанцаў капусты. Ужо з сярэдзіны лютага сям’я пачынае сваю “пасяўную кампанію”. Працягвае, як усталюецца цёплае надвор’е: у грунт высаджваюць памідоры і капусту пры дапамозе спецыяльнай расадапасадачнай машыны. Пасля наступае перыяд апрацоўкі, праполкі і заўсёдныя турботы, каб не прапалі дарма намаганні.
Ёсць у Машэяў і сад. Але гэта ўжо клопат Паўла – сына Алы і Мікалая. Сёлета ён закончыў БДАТУ, атрымаў спецыяльнасць інжынера-менеджара, думае працягваць справу бацькоў: яго мара ўзяць у арэнду яшчэ 50 гектараў зямлі. Ідэю Паўла падтрымлівае сястра Аня, якая праз год таксама закончыць ВНУ і атрымае дыплом эканаміста. І на канікулах, і па выхадных днях дзеці працуюць. Самі клапоцяцца пра сад, агарод. За руль трактара, акрамя Паўла, садзіцца Аня, калі што – Ала Іванаўна. Мікалай Машэй як галава фермерскай гаспадаркі, зразумела ж, мае найбольш абавязкаў: даставіць прадукцыю, заключыць дагаворы, а тут падаспеў час заараць участак, дзе расла ранняя капуста, і пасеяць сталовыя буракі – да восені якраз можна будзе ўзяць другі ўраджай…
Можна сказаць, што амаль 24 гадзіны ў суткі працуе і фермер Алег Бондар з Улазавіч, які арандуе 42 гектары сельгасугоддзяў. Вырошчвае зерневыя, агародніну, спецыялізуецца на галандскіх сартах насення, эксперыментуе, і даволі паспяхова. Паспрабаваў працаваць з бахчавымі – атрымалася. Праўда, пакуль толькі для сваёй сям’і і для сяброў вырошчвае кавуны, а наогул – перспектыва прывабная.
У Івана Шкляніка, які з’яўляецца ў раёне першапраходцам у фермерскай справе, у карыстанні каля 190 гектараў сельгасугоддзяў. Яго “Даманскае” штогод прадае дзяржаве рэдзьку алейную, цукровыя буракі, агародніну.
Самыя смачныя клубніцы галандскіх сартоў растуць у фермера Барыса Шадуры з Канюхоў, ёсць у яго і плантацыя агароднінных культур.
Фермерская гаспадарка “ЖарСк” (яе галавой з’яўляецца Мікалай Скрыцкі) на 165 гектарах вырошчвае цукровыя буракі і зерне. Гэтаму фермеру, а яшчэ Міхаілу Крыцкаму, у карыстанні якога 562 гектары сельгасугоддзяў, нават даводзіцца план продажу дзяржаве цукровых буракоў.
Усяго ў нашым раёне зарэгістравана (разам з фермерамі, якія ў якасці сваёй дзейнасці выбралі мяса-малочны накірунак) 22 сялянскія (фермерскія) гаспадаркі. У іх карыстанні 32 трактары, 3 збожжаўборачныя камбайны (адзін з іх сёлета куплены па лізінгу), 19 грузавых аўтамабіляў, прычапны інвентар. Не густа, калі ўлічыць, што арандуюць фермеры 960 гектараў сельгасугоддзяў, з якіх 561 гектар – ворыва. Фермерскія землі займаюць 1,7 працэнта ад агульнараённай нівы. Калі ўлічыць, што, напрыклад, за мінулы год арандатары вырасцілі 1,9 працэнта ад валавой прадукцыі атрыманай сельгаспрадпрыемствамі раёна, то можна зрабіць выснову: зямельныя ўгоддзі фермеры выкарыстоўваюць эфектыўна.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.