«БелДан» – гэта гучыць сучасна
Замежнае таварыства з абмежаванай адказнасцю “БелДан” па вытворчасці свініны на аснове перадавых еўрапейскіх тэхналогій з’яўляецца самым значным інвестпраектам апошніх гадоў у Ляхавіцкім раёне. Агульны кошт праекта ацэньваўся ў 22,5 мільёна еўра замежных інвестыцый.
Вытворчы старт “БелДан” узяў у 2009-ым. Праз 2 гады прадпрыемства выйшла на поўную вытворчую магутнасць – 5 тысяч тон свініны ў год.
Цяпер, па інфармацыі райсельгасхарчу, тут утрымліваецца 25500 свіней – больш за тры чвэрці ад агульнай колькасці пагалоўя ў сельгас-прадпрыемствах раёна. Важкі ўзнос “БелДана” ў агульны аб’ём вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі раёна – амаль 22 працэнты.
Зараз кола спажыўцоў белданаўскай свініны абмяжоўваецца нашай краінай (у апошнія гады гэта прадукцыя надзвычай запатрабавана на ўнутраным рынку), а яшчэ нядаўна прадпрыемства было асноўным экспарцёрам сельгаспрадукцыі на Ляхавіччыне: яго доля ў сельгасэкспарце раёна даходзіла да 40 працэнтаў. Сёлета за паўгоддзе прадпрыемства рэалізавала 2540 тон мяса – амаль 104 працэнты да аналагічнага мінулагодняга перыяду.
Займаюцца тутэйшыя працаўнікі і земляробствам: вырошчваюць, у асноўным, зерне, што выкарыстоўваецца для прыгатавання камбікармоў.
І хоць землі ЗТАА далёка не самыя ўрадлівыя, работнікі прадпрыемства стараюцца і атрымліваюць добрыя вынікі. За мінулы год валавы намалот збожжавых склаў 5125 тон пры сярэдняй ураджайнасці 39 цэнтнераў на круг – нашмат больш, чым падчас жніўных кампаній 2012 і 2013 гадоў.
Сёлета мясцовыя хлебаробы збіраюць больш за 43 цэнтнеры збожжа з гектара. На палетках прадпрыемства працуюць 3 камбайны, якім неабходна ўбраць 1316 гектараў зерневых.
На абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2014” у Пінску сярод іншых землякоў Ляхавіччыну прадстаўляў і прызёр абласнога спаборніцтва камбайнер “БелДана” Максім Горбік. Дарэчы, пэўны час Максім быў у раёне безумоўным лідарам не толькі сярод маладзёжных экіпажаў, але і ўвогуле ў спаборніцтве. Сёлетняе жніво ў біяграфіі 26-гадовага хлебароба – восьмае.
У мінулым годзе ў раённым спаборніцтве сярод аператараў па вырошчванні і адкорме свіней пераможцам прызнаны Іван Карабейка з “БелДана”. За ім замацавана 2658 свіней, сярэднясутачныя прывагі кожнай жывёліны склалі 951 грам.
Але не вытворчасцю адзінай жыве прадпрыемства.
“БелДан” укладвае немалыя ўласныя сродкі ў стварэнне камфортных умоў для сваіх працаўнікоў і жыхароў бліжэйшых населеных пунктаў. ЗТАА пабудавала катэджы для сваіх спецыялістаў у аграгарадку “Востраў”. Некалькі гадоў назад кіраўніцтва “БелДана” ўзяло на сябе частку фінансавых затрат па газіфікацыі аграгарадка (сёння тут пражывае больш за 400 чалавек).
За кошт “БелДана” была заказана праектная дакументацыя, прадпрыемства ўзяло на сябе і частку іншых расходаў. У дамы вастраўчан урэшце прыйшоў прыродны газ. Кіраўніцтва прадпрыемства не на словах дэманструе сацыяльную накіраванасць і адказнасць свайго бізнесу.
Як расказалі ў Востраўскім сельвыканкаме, важную фінансавую падтрымку ”Бел-Дана” адчуваюць на сабе мясцовая школа і дзіцячы сад, установы культуры і аховы здароўя. Дзякуючы спонсарскай дапамозе ЗТАА, у Востраўскім фельчарска-акушэрскім пункце з’явіўся электракардыёграф. Усюды паспець па выкліках і для прафілактычных аглядаў тутэйшаму фельчару дапамагае яшчэ адзін падарунак ад прадпрыемства – скутар. Яшчэ раней медыкі атрымалі мікрахвалёвую печ. А сёлета – спавівальны столік, вагі для немаўлят, мэблю.
З года ў год спонсарскую дапамогу ”БелДан” аказвае і Востраўскаму сельскаму Дому культуры: летась купілі аўдыёапаратуру, газонакасілку, ніколі не адмаўляюць у транспарце, каб падвезці артыстаў на выступленні. На штогадовым свяце вёскі прадпрыемства – адзін з галоўных спонсараў. Не застаюцца без увагі мясцовыя навучальныя ўстановы, якім аказваецца дапамога ў рамонце і не толькі.
Кіраўніцтва прадпрыемства перыядычна сустракаецца з мясцовымі жыхарамі. Так, калі пашыралася вытворчасць, насельніцтва занепакоілася экалагічнай будучыняй наваколля. Заснавальнік прадпрыемства Мікалай Гаварко сустрэўся з вастраўчанамі, канструктыўна адказаў на ўсе іх пытанні і самае галоўнае, супакоіў: экалогіі з-за росту вытворчасці нічога не пагражае.
Сучасная вытворчасць, сацыяльная адказнасць, высокапрафесійны калектыў – гэта пра ”БелДан”.
Галіна КАНЬКО.