Ляхавічы: людзі, якія будуюць
Амаль 4 дзесяцігоддзі прайшло з таго часу, як ён змяніў школьную парту на будаўнічыя рыштаванні. Спачатку думаў – часова. Але аказалася, што менавіта будаўніцтва стала яго прызваннем. З 1984 года Уладзімір Бельмач працуе ў ПМК-13 і ўжо амаль дзесяцігоддзе – начальнікам участка.
Жывёлагадоўчыя комплексы ў Свяціцы, Ліпску, Малым Гарадзішчы, новыя сучасныя МТФ у СВК “Шлях новы” і гаспадарках Клецкага раёна, жылыя дамы ў аграгарадках Навасёлкі, Жарабковічы, Русінавічы, жыллё і вытворчыя аб’екты на тэрыторыях, што аднаўляліся пасля чарнобыльскай аварыі, – толькі частка аб’ектаў, у якія ўкладзены майстэрства і часцінка душы Уладзіміра Віктаравіча і яго калег.
Сёння адзін з галоўных падрадаў ПМК-13 – узвядзенне МТФ “Сакуны” (СВК “Шлях новы”). Комплекс сёлетняй восенню павінны здаць пад ключ. Работы хапае. Таму начальніка ўчастка практычна немагчыма застаць у яго перасоўным кабінеце-вагончыку.
– Не да папяровай работы і тэлефонных размоў – час не церпіць. Імкнёмся выкарыстаць з карысцю кожную хвіліну. Разумеем, наколькі важны і неабходны аб’ект для гаспадаркі. Кожны на сваім участку стараецца. Значная ўвага надаецца і пытанням аховы працы: абавязковы інструктаж, усе забяспечаны спецадзеннем і сродкамі аховы, – гаворыць Уладзімір Віктаравіч.
У яго падначаленні – больш за 100 работнікаў. Ён асабіста ведае кожнага, можа с ходу вызначыць, хто найлепш справіцца з тым ці іншым заданнем.
Надзейная падтрымка і апора – майстры: вопытныя Станіслаў Новік і Юрый Сагайда, больш малады, але перспектыўны Віктар Саўчук. Ім можна даверыць любы ўчастак – справяцца. Толькі лепшыя словы ў свой адрас за добрасумленную шматгадовую працу заслугоўваюць аддзелачнік Аляксандр Люкіш, цясляр-бетоншчык Валерый Цісецкі, бульдазерыст Анатолій Рычкоў.
Нягледзячы на тое, што будаўніцтва цяпер перажывае далёка не лепшыя часы, кіраўніцтва ПМК-13 імкнецца захаваць аснову калектыву, не страціць лепшых працаўнікоў. А калектыў упэўнены ў сваім кіраўніку. Нездарма Міхаіл Шэйда ў раёне сёлета прызнаны чалавекам года ў намінацыі ”будаўніцтва”, яго партрэт не першы раз занесены на раённую Галерэю славы.
Напярэдадні прафесійнага свята на сваё першае, гарантаванае дзяржавай месца працы ў ПМК-13 па размеркаванні інжынерамі прыехалі выпускніцы Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Святлана Зіновіч і Вольга Лакуць. Менавіта ў гэтай будаўнічай арганізацыі яны будуць набываць прафесійныя навыкі, станавіцца сапраўднымі майстрамі будаўнічай справы. Вучыцца тут ёсць у каго.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.