Ляхавіччына: днём і ноччу — пра хлеб

Сяргей Таранда, Андрэй Свінабурка, Яўгеній Тарабаш, Аляксандр Пілецкі шчыруюць на жарабковіцкім зернетаку.

Падляшане і жарабкоўцы спрадвеку называюць жніўную пару проста “летам”. Пэўна, у гэтае слова ўкладваецца больш шырокі сэнс – гарачая, поўная напружання, адказнейшая работа, ад якой залежыць, ці будзе ўдосталь хлеба на стале. “Лета” ў Жарабковічах пачалося без раскачкі, узяты значныя ўборачныя тэмпы. Штодзень далёка за поўнач яшчэ ўсё даносіцца са жніўнага поля гул камбайнаў, а па прасёлачных дарогах пыляць аўтамабілі, гружаныя збожжам. І калі пад раніцу хоць на некалькі гадзін “нямее” поле, то на зернетаках жыццё кіпіць круглыя суткі. Інакш не справіцца: тысячы тон зерня паступаюць на ачышчальна-сушыльныя комплексы на дапрацоўку.

Начальнік Падлескага вытворчага ўчастка СВК “Жарабковічы” Міхаіл Багацкі сёлета задаволены падрыхтоўкай зернятока: працуе без збояў круглыя суткі, пра леташнія паломкі толькі ўспаміны. Гаспадарчым спосабам капітальна адрамантавалі комплекс М-819. Зрабілі надзейныя і зручныя шляхі пад’ездаў, забетанавалі пляцоўку для выгрузкі збожжа. Прафілактычнае абслугоўванне  праведзена і на ЗСК-15.
– Год на год не прыходзіцца, і сёлета даводзіцца паліць печ (выкарыстоўваем мазут), ачышчаць, а пасля сушыць зерне да патрэбнай кандыцыі, – расказвае Міхаіл Багацкі. – На двух зернеачышчальна-сушыльных комплексах у суткі перапрацоўваем да 200 тон збожжа…
У гэты дзень на спецыяльнай пляцоўцы чакала сваёй чаргі вялікая гара свежанамалочанага ячменю – каля 500 тон. А гружаныя машыны ўсё прыбываюць. Каб не ствараць вялікія запасы, аўтамабілі накіравалі ў Жарабковічы, дзе зернесушыльная гаспадарка значна больш магутная.
– А ў цэлым, усё залежыць ад падрыхтаванасці і адказнасці людзей – працягвае Міхаіл Багацкі. – Напрыклад, Сяргей Смірноў не першы год працуе, дасканала ведае і прынцып работы агрэгата, і свае абавязкі, да таго ж ён па прафесіі электрык, што таксама дапамагае ў рабоце. На яшчэ адным комплексе – Валерый Таранда і Уладзімір Пішч, якія лічацца лепшымі машыністамі гаспадаркі. У час уборкі хлопцы заўзята працуюць: усе аб’яднаны адной думкай – пра хлеб…
Сушыльная гаспадарка ў Жарабковічах у гэтыя дні займае цэнтральную пазіцыю. Іменна тут збіраецца большая частка намалочанага збожжа. Тры сушылкі М-819 абслугоўвае каманда з 8 чалавек. А колькі памочнікаў яшчэ на зернетаку! Студэнты, якія прыехалі на лета дамоў, таксама не сядзяць без справы: з венікамі “рассыпаліся” па пляцоўцы, падмятаюць смецце, падбуртоўваюць збожжа.
Намеснік старшыні гаспадаркі Антон Булаты расказаў, што сёлета ўраджайнасць збожжавых небывалая: колас цяжкі, зярняты, нібы налітыя бурштынам. Бункеры камбайнаў, здаецца, напаўняюцца імгненна. Душа радуецца: з кожнага гектара намалочваецца больш як па 80 цэнтнераў збожжа. Можна ўявіць сабе хлебны паток, які штодзень паступае на зернетакі гаспадаркі ад 16 камбайнаў.
Памочнік брыгадзіра, яна ж загадчыца зернятока Кацярына Клемяня толькі паспявае ўзважваць гружаныя аўтамабілі, вымяраць вільготнасць зерня, размяркоўваць па сушыльнай гаспадарцы новыя тоны. А яшчэ Кацярына афармляе дакументы на адпраўку збожжа ў лік дзяржзаказу. Загадчыца склада Алена Панічава таксама на пасту: яе абавязкі – прыняць на захоўванне збожжа, даведзенае да патрэбнага стандарту. Так дзень за днём – без перапынкаў і выхадных.
Адказна працуюць у зернесушыльнай гаспадарцы машыністы комплексаў Аляксандр Новік, Тадэвуш Смычкоўскі, Андрэй Свінабурка, Яўгеній Тарабаш. Загрузка зерня ў агрэгаты, вымярэнне тэмпературы, выгрузка – усё з веданнем справы, дасканала, прафесійна. Закончыцца змена, і іх працоўныя месцы зоймуць Аляксандр Пілецкі, Сяргей Таранда, бацька і сын Віктар і Яўгеній Лойкі. За суткі каля 800 тон збожжа пасля перапрацоўкі тут гатова да захоўвання – усё асобна: фуражнае, насеннае, на продаж, а піваварны ячмень рыхтуецца да адпраўкі ў лік дзяржзаказу.
Аўтамабілі, гружаныя збожжам, усё прыбываюць на зерняток. У поўдзень і “сталоўка” падаспела: смачны абед якраз дарэчы, прагаладацца паспелі ўсе. Абедзенны перапынак – самы час расказаць работнікам жніўныя навіны, напомніць пра тэхніку бяспекі, якую павінны захоўваць усе і кожны. Што-дзень тут бываюць і старшыня прафкама гаспадаркі Людміла Мікуліч, і інжынер па тэхніцы бяспекі Валянціна Дамашэвіч. На зернетаку, на жніўным полі і ў мехмайстэрнях частыя госці і мясцовыя медыкі: здароўе ўдзельнікаў жніва трымае пад кантролем фельчар Святлана Сакалоўская.
У жніўную пару і днём, і ноччу вяскоўцы думаюць пра хлеб.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

У роднай гаспадарцы студэнтам заўсёды ёсць магчымасць зарабіць грошай.

Машыніст зернеачышчальна-сушыльнага комплексу Сяргей Смірноў.

На абноўленым зернеачышчальна-сушыльным комплексе М-819 у Падлессі працуюць Валерый Таранда і Уладзімір Пішч.

У загадчыцы зернятока Кацярыны Клемяня шмат клопатаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *