Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь!

Беларусь наблізілася да галоўнай мэты — высокага ўзроўню і якасці жыцця народа. Аб гэтым 6 снежня ва ўступным слове на IV Усебеларускім народным сходзе заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
«У Беларусі гэтыя прадстаўнічыя форумы маюць важкі аўтарытэт і прызнанне. Дастаткова ўспомніць іх храналогію», — адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў, што першы сход праходзіў у крытычны перыяд жыцця краіны. Паводле яго слоў, менавіта тады, параіўшыся з народам, быў зроблены выбар эвалюцыйнага шляху стварэння, а не шокавая тэрапія з рабаваннем людзей і абагачэннем асобнай кучкі асоб.
Другі з’езд увайшоў у гісторыю тым, што на ім была прынята сучасная беларуская мадэль развіцця і вылучана ідэя, якая змагла кансалідаваць грамадства, — пабудова моцнай і працвітаючай краіны.
Трэці сход, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка, замацаваў існуючую высокую дынаміку сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і вызначыў новую стратэгічную задачу — стварэнне дзяржавы для народа, тым самым павярнуўшы ўсю палітыку ўлады тварам да чалавека.
«Словам, рашэнні папярэдніх з’ездаў далі магчымасць Беларусі адбыцца як незалежнай дзяржаве, значна нарасціць эканамічны патэнцыял, забяспечыць прагрэсіўнае сацыяльнае развіццё, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі. — За кароткі гістарычны тэрмін мы прайшлі вялізны шлях. Адвялі краіну ад той прорвы, на краі якой яна апынулася ў пачатку 90-х, і наблізіліся да галоўнай мэты — высокага ўзроўню і якасці жыцця нашага народа».
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, цяперашні з’езд — заключны акорд усенароднага агляду спраў у краіне і вызначэння перспектыў яе развіцця.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што мінулыя пяць гадоў пасля трэцяга Усебеларускага народнага сходу сталі часам выпрабавання на трываласць беларускай сацыяльна-эканамічнай і палітычнай мадэлі развіцця. «За гэты перыяд было ўсё: эканамічныя санкцыі і палітычныя дэмаршы супраць нашай краіны, спробы дэстабі-лізацыі абстаноўкі з прымяненнем метадаў «каляровых рэвалюцый» і правакацый, «гандлёвыя войны» і сусветны фінансава-эканамічны крызіс, — сказаў Прэзідэнт. — Але мы не дазволілі ўцягнуць сябе ў якія-небудзь палітычныя авантуры, а напружана працавалі ў імя дабра, шчасця, дабрабыту і працвітання нашай Айчыны».
«Праграма, з якой мы выходзім на гэты сход, — гэта беспрэцэдэнтныя тэмпы росту эканомікі і дабрабыту народа. Інакш нельга, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — У сучасным свеце паважаюць моцных і лічацца толькі з моцнымі. Беларусь павінна стаць па-сапраўднаму моцнай!»
«Наша будучыня ствараецца не на плошчах, а на прамысловых і аграрных прадпрыемствах, у навуковых лабараторыях і навучальных установах. Усе мы будзем працаваць над тымі задачамі, якія вызначым у якасці мэтавых на нашым форуме. Мы ў адказе ўсе з вамі за іх рэалізацыю», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
«Галоўнае — быць сумленнымі перад народам, цвёрда трымаць слова. Паабяцалі — абавязкова трэба зрабіць!» — дадаў беларускі лідар.
У Беларусі дзякуючы ўласнай мадэлі развіцця ўдалося прадухіліць наступствы крызісу, якія давялося зведаць большасці краін свету. «Наш сацыяльна-палітычны курс не на словах, а на справе даказаў сваю эфектыўнасць», — падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле слоў беларускага лідара, за мінулыя пяць гадоў краіна зрабіла каласальны рывок у сацыяльна-эканамічным развіцці. Нягледзячы на цяжкасці, усе абяцанні, дадзеныя народу на ІІІ Усебеларускім сходзе, былі выкананы.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за апошнія паўтара дзесяцігоддзі краіна даказала сваю палітычную і эканамічную самастойнасць. Пацвярджэнне таго — пастаянны эканамічны рост, абнаўленне асноўных вытворчых фондаў, павышэнне дабрабыту народа. Сярэднегадавы тэмп эканамічнага развіцця Беларусі ў мінулай пяцігодцы склаў каля 8 працэнтаў. Вышэйшы ён толькі ў 12 краін свету.
«Вы толькі ўдумайцеся: за бягучую пяцігодку ў эканоміку будзе ўкладзена $72 млрд. у параўнанні з $20 млрд. у мінулай, — падкрэсліў Прэзідэнт. — У гэтым адна з характэрных рыс беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі: усё, што зарабілі, накіравалі на развіццё, уклалі ва ўласную эканоміку, а не вывезлі за мяжу, не расцягнулі ў выглядзе дывідэндаў».
За пяць гадоў у Беларусі створана 185 новых прадпрыемстваў, больш як 320 кардынальна мадэрнізаваны. У цэлым краіна выйшла на аб’ёмы экспарту тавараў і паслуг звыш $25 млрд. у год. Выпуск інавацыйнай прадукцыі павялічыўся больш як у 4 разы. Па сутнасці, за пяцігодку абноўлены, а на некаторых прадпрыемствах шматразова, увесь мадэльны рад. Гэта вялікая праца інжынераў, канструктараў, вучоных, рабочых і служачых.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў асноўных палажэннях праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступную пяцігодку закладзены вельмі напружаныя паказчыкі, прызначаныя забяспечыць істотнае павышэнне дабрабыту беларусаў. «Рост валавога ўнутранага прадукту за пяцігодку павінен скласці 162-168 працэнтаў, гэта значыць па долі ВУП на душу насельніцтва да 2016 года мы павінны выйсці фактычна на сярэднееўрапейскія паказчыкі», — падкрэсліў ён. Гэта максімальныя тэмпы росту за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Пры гэтым забяспечваць іх давядзецца адносна ўжо дасягнутай даволі высокай базы, дадаў Прэзідэнт.
У ліку прыярытэтных задач у эканоміцы Аляксандр Лукашэнка назваў энергетычную бяспеку, імпартазамяшчэнне, лекавую бяспеку, збалансаванасць знешняга гандлю і нарошчванне экспарту. «Для Беларусі энергабяспека — паняцце не статыстычнае, а стратэгічнае, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Гэта пытанне нашай незалежнасці як дзяржавы і гарантыя стабільнасці нашай эканомікі». Паводле яго слоў, работа ўрада павінна быць накіравана на тое, каб да 2015 года забяспечыць атрыманне больш як 30 працэнтаў першаснай энергіі з уласных крыніц, а астатнія 70 працэнтаў дыверсіфікаваць як па пастаўшчыках, так і па відах.
Пры гэтым нельга забываць і аб энерга-зберажэнні, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. «За пяць гадоў энергаёмістасць валавога ўнутранага прадукту ўжо скарочана на чвэрць. Гэтага катэгарычна недастаткова, — пад-крэсліў ён. — У наступнай пяцігодцы па энергаэфектыўнасці эканомікі мы павінны ўвайсці ў клуб еўрапейскіх краін».
Прэзідэнт адзначыў, што праводзімая ў краіне работа ў мінулым па сваіх маштабах і складанасці не ідзе ў параўнанне з тым, што трэба будзе зрабіць. Наступная пяцігодка стане перыядам абнаўлення, нацэленым на якасна новае развіццё Беларусі. «Стратэгічная мэта — увайсці ў лік першых 50 краін свету з найвышэйшым індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу», — сказаў Прэзідэнт, падкрэсліўшы пры гэтым, што высокі жыццёвы ўзровень беларускіх грамадзян — не проста мэта, гэта сэнс праводзімай дзяржаўнай палітыкі.
Узровень і якасць жыцця чалавека, паводле яго слоў, вызначаюць пяць важнейшых складальнікаў: паўнацэнная сям’я, зда-роўе, адукацыя, рэальныя даходы, кам-фортнасць жыцця. Менавіта праз іх праламленне варта разглядаць усю праграму на чарговую пяцігодку, сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Добрым стымулам павелічэння нараджальнасці будзе павышэнне дапамогі па догляду дзіцяці. Цяпер яна выведзена на ўзровень бюджэту пражытачнага мінімуму. Але гэтага ўжо недастаткова. Прывязка павінна быць да сярэдняй зарплаты маці да дэкрэтнага водпуску», — сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Тое ж самае датычыцца аднаразовай дапамогі пры нараджэнні першага дзіцяці. Сёння яе памеры складаюць $450, другога і наступнага — $650. «Гэтыя выплаты неабходна падвоіць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт перакананы, што паўнацэнная сям’я — гэта сям’я, у якой нараджаюцца і растуць дзеці. «Беларускіх грамадзян па-вінна станавіцца больш. Для Беларусі мінімальна неабходная колькасць — 20 млн. чалавек, а аптымальная — 30 млн.», — перакананы ён.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што меры дзяржаўнай падтрымкі будуць садзейнічаць росту нараджальнасці ў краіне. У будучай пяцігодцы, паводле яго слоў, «трэба на поўную магутнасць уключыць сацыяльны пакет і эканамічныя стымулы для сем’яў з трыма і больш дзецьмі».
На гэтыя мэты накіравана і жыллёвая праграма. «Ёсць трое дзяцей — сям’я пры будаўніцтве аплачвае не больш за чвэрць кошту кватэры або жылога дома. Калі ў сям’і чацвёра-пяцёра дзяцей — гарантавана бясплатная кватэра», — сказаў Кіраўнік дзяржавы.
«Мы яшчэ падумаем аб дадатковых ільготах для шматдзетных сем’яў. Трэба зрабіць усё, каб прэстыжна было мець дзяцей», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы назваў здаровы лад жыцця адным з галоўных фактараў выхавання падрастаючага пакалення.
Гэта залог таго, што дзеці не будуць аддадзены вуліцы, не стануць хваравітымі і кволымі, а вырастуць моцнымі людзьмі і дастойнымі грамадзянамі нашай краіны, упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
«Калі вы сапраўды любіце сваіх дзяцей, то з маленства вядзіце іх у басейн, на лёд, на футбольнае поле, у спартзалу, проста на прыроду. Няхай займаюцца спортам», — звярнуўся Прэзідэнт да бацькоў. Бо менавіта дзеля гэтага, паводле яго слоў, дзяржава ўкладвае вялікія сродкі ў паўсюднае будаўніцтва разнастайных спартыўных аб’ектаў, робіць іх даступнымі для людзей усіх узростаў.
«Такім чынам, здаровы лад жыцця плюс развітая айчынная медыцына і бяспечныя ўмовы жыцця ў сукупнасці будуць садзейнічаць фарміраванню здаровай нацыі. А пажадана яшчэ і нацыі доўгажыхароў», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
«Трэба добра ўсвядоміць: для такой краіны, як Беларусь, чый дабрабыт залежыць ад тэхналогій і знешніх рынкаў, адукацыя — стратэгічны рэсурс. Колькасныя паказчыкі ў нас ужо найвышэйшага ўзроўню. Пара максімальна сур’ёзна брацца за якасны бок адукацыі, напрыклад, у такіх матэрыях, як сучасны менеджмент, фінансы, маркетынг. Тут нам яшчэ ісці і ісці, а мы ўжо адстаём у гэтай справе ад патрэбнасцей эканомікі і задач на знешніх рынках», — сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт перакананы, што ў Беларусі неабходна мяняць структуру падрыхтоўкі спецыялістаў, арыентуючыся на запыты і патрэбы нашай эканомікі. Рыхтаваць у першую чаргу праграмістаў, інжынерна-тэх-нічных і іншых запатрабаваных на рынку працы работнікаў.
Памер заработнай платы ў Беларусі да 2015 года павінен наблізіцца да $1 тыс. у эквіваленце. Гэта самыя высокія ў нашай гісторыі тэмпы росту заработнай платы і даходаў насельніцтва, заявіў Прэзідэнт Беларусі.
Зарплата $500 або нават $1000 — меншая за еўрапейскі ўзровень. Але гэта калі лічыць толькі яе намінальнае значэнне. Аднак нельга не ўлічваць, што дзяржава добраахвотна ўзяла на сябе значную частку расходаў, звязаных з сацыяльным забеспячэннем грамадзян.
Прэзідэнт прывёў даныя Сусветнага банка, Міжнароднага валютнага фонду і іншых міжнародных агенцтваў. Так, насельніцтва аплачвае менш як 30 працэнтаў рэальнага кошту жыллёва-камунальных паслуг, 40 працэнтаў кошту праезду ў грамадскім транспарце, толькі 10 працэнтаў затрат на ўтрыманне кожнага дзіцяці ў дзіцячым садзе і толькі 0,5 працэнта расходаў на навучанне аднаго вучня ў школе. Астатняе кампенсуе дзяржава. Сюды ж трэба дадаць тыя вялікія сродкі, якія затрачвае дзяржава на медыцынскае абслугоўванне, адукацыю ў ВНУ, харчаванне ў школах, не гаворачы ўжо аб датацыях вёсцы на вытворчасць прадуктаў харчавання. І калі падсумаваць усё гэта, то ўзровень даходаў насельніцтва будзе цалкам супастаўны з еўрапейскім, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Запланаванае павелічэнне рэальных грашовых даходаў павінна да 2016 года зрабіць для асноўнай масы насельніцтва даступным будаўніцтва жылля за кошт уласных і пазыковых сродкаў.
«Трэба аператыўна дапрацаваць сістэму іпатэчнага крэдытавання, якая дае магчымасць задзейнічаць у жыллёвым будаўніцтве фінансавыя сродкі прыватных інвестараў, — сказаў беларускі лідар. — Трэба стварыць прывабныя ўмовы, каб стымуляваць грамадзян шырэй выкарыстоўваць гэты прагрэсіўны фінансавы інструмент».
Пры гэтым павінны быць улічаны ўсе памылкі замежнага вопыту, прадугледжаны рычагі бяспекі як для банкаў, так і для забудоўшчыкаў, падкрэсліў Прэзідэнт.
У Беларусі ў будучай пяцігодцы будуць канчаткова вырашаны пытанні даступнасці і якасці жылля, заявіў Кіраўнік дзяржавы.
У рэспубліцы да 2015 года павінна быць уведзена 42 млн. кв.м жылля, што ў 1,6 раза больш, чым у бягучай пяцігодцы, сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што жыллёвае будаўніцтва застанецца прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі. Шмат зроблена ў гэтай сферы. На працягу некалькіх гадоў па колькасці пабудаваных кватэр на 10 тыс. насельніцтва Беларусь лідзіруе сярод усіх краін СНД і ўваходзіць у групу дзяржаў свету з высокімі паказчыкамі.
Але, паводле слоў беларускага лідара, «ніякія мільёны квадратных метраў паўнацэнна не вырашаць праблему, калі не будзе забяспечана якасць жыллёвага будаўніцтва». «Гэта тэма ўжо нагнала аскому, — прызнаў ён. — І для яе вырашэння ж не патрэбны ні дадатковыя грошы, ні працоўныя рэсурсы. Прычына ў адным — наплявацельскія адносіны да сваёй работы і лю-дзей. Да канца года ўсе прэтэнзіі грамадзян па якасці ўведзенага ў строй жылля павінны быць задаволены. За гэта асабіста адказвае міністр архітэктуры і будаўніцтва».
Калі ў далейшым будуць паступаць такія скаргі, усе члены камісіі, якая прымала дом у эксплуатацыю, павінны прыцягвацца да строгай адказнасці, дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Камфортнасць жыцця не будзе дасягнута без глыбіннай дэбюракратызацыі і выкаранення карупцыі. «Усе гэтыя гады мы бязлітасна змагаемся з гэтым злом, — сказаў Кіраўнік дзяржавы. — Мы ўжо многае зрабілі, каб павярнуць дзяржаўныя органы як у цэнтры, так і на месцах тварам да чалавека. Але работа яшчэ не завершана».
Нягледзячы на ўкаранёны прынцып аднаго акна, яшчэ не зжыты выпадкі, калі чалавек, прыходзячы ў дзяржструктуру адчувае сябе прасіцелем. Людзі вымушаны звяртацца да Прэзідэнта з самымі элементарнымі просьбамі — урэгуляваць бытавую зямельную спрэчку, дапамагчы ўбраць прысядзібны ўчастак, пусціць аўтобусны маршрут і гэтак далей.
«Мяне тут больш за ўсё хвалюе тое, што чалавек не можа вырашыць на мясцовым узроўні нават такія дробязныя пытанні, якіх і ўзнікаць не павінна, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Работа з людзьмі, уважлівае стаўленне да іх патрэб нават больш важныя, чым выкананне эканамічных паказчыкаў. Не павінна быць сітуацый, калі на месцах гадамі не вырашаюцца элементарныя пытанні. Чакаюць указанняў зверху і толькі тады пачынаюць варушыцца. Валакіта бу-дзе каштаваць нядбайным работнікам іх пасад».
Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў: дэбюракратызацыя — не разавая кампанія. Яна ажыццяўляецца на сістэмнай аснове і знаходзіцца пад пастаянным кантролем. Кожнаму факту злоўжывання службовым становішчам, праяўленню карупцыі будзе давацца самая прынцыповая ацэнка. Бескампрамісная барацьба з гэтым злом будзе весціся паўсюдна, нягледзячы на асобы і званні, запэўніў Кіраўнік дзяржавы.
«Клопат аб людзях, сацыяльная арыентаванасць, сумленнасць і справядлівасць дзяржаўнай палітыкі — краевугольныя камяні і напрамкі для ўсёй сістэмы ўлады і для мяне як Прэзідэнта», — падкрэсліў беларускі лідар.
Сёння мала проста марыць і гаварыць аб шчаслівым будучым — яго трэба ствараць самім. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, завяршаючы выступленне на IV Усебеларускім народным сходзе.
«Мы не збіраемся асляпляць людзей феерверкам ідэй і невыканальных абяцанняў», — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. «Наша мэта — рэальная, зямная: каб заўтра беларускі народ жыў крыху лепш, чым сёння. Шлях вызначаны: ад захавання таго, што створана, зроблена, здабыта сумеснай працай, — да шматразовага прымнажэння дабрабыту беларускага народа і краіны. Наша сіла ў тым, што мы адзіныя. Разам мы — Беларусь, разам мы даб’ёмся большага», — сказаў ён.
Уся навейшая гісторыя Беларусі была звязана з глыбокімі пераменамі, і гэта патрабуе ад нацыі неймаверных намаганняў, настойлівасці, мудрасці і прадбачання, адзначыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, беларускі народ з годнасцю праходзіць гэты нялёгкі шлях: закладзены магутны эканамічны фундамент, пастаўлены моцныя ідэйныя апоры грамадства, створана надзейная сістэма нацыянальнай бяспекі. «Цяпер наша асноўная задача — уладкаваць яго, абараніць, зберагчы яго», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама адзначыў, што сёння кожны павінен засвоіць: «мала проста марыць і гаварыць аб шчаслівым будучым — яго трэба ствараць самім, закасаўшы рукавы, пачынаючы з сённяшняга дня». «Больш таго, створанае працай народа трэба ўсяляк абараняць! І мы гэта зробім! Той, хто марыць аб рэвалюцыі, павінен супакоіцца: мы ліміт рэвалюцый вычарпалі ў мінулым стагоддзі!» — сказаў Прэзідэнт.
БЕЛТА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *