Здаровыя акалічнасці
Што жадаюць у першую чаргу чалавеку? Канешне, здароўя – будзе яно, будзе і ўсё астатняе, таму што будуць сілы і настрой для ажыццяўлення задуманага. Менавіта на варце здароўя землякоў не адно дзесяцігоддзе стаяць ляхавіцкія медыкі. Старажылы памятаюць тыя ўмовы, у якіх некалі працавалі ўрачы, медсёстры, фельчары, акушэркі, памятаюць той параўнальна невялікі пералік медпаслуг, які магло на месцы атрымаць насельніцтва. Сітуацыя мянялася ў лепшы бок, асабліва гэта бачна па рукастваральных метамарфозах апошняга дзесяцігоддзя – метамарфозах, якія па праву можна назваць здаровымі акалічнасцямі і для насельніцтва, і для медыкаў. Удасканаленне базы ўстаноў аховы здароўя, набыццё сучаснага дыягнастычнага абсталявання, расшырэнне кола лячэбных працэдур, якія можна атрымаць на месцы, і многія іншыя змены нельга не заўважыць.
Рэканструкцыя ўстаноў аховы здароўя некалькі гадоў назад пачалася з аддзялення інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі. Потым на чарзе былі аперацыйныя блокі, якія сёння ўкамплектаваны самым сучасным медабсталяваннем. У пачатку мінулага года пацыентаў сустрэла непазнавальна змененая – рэканструяваная і капітальна адрамантаваная – паліклініка. 27 мільярдаў бюджэтных рублёў затрачана на гэты сацыяльна значны аб’ект аховы здароўя, перавагі якога па вартасці ацанілі пацыенты і медперсанал.
Завершаны рамонт інфекцыйнага аддзялення (з 2012 па 2014 гады на гэтыя мэты было выдаткавана 2,1 млрд. рублёў), капітальны рамонт даху галоўнага корпуса райбальніцы, дзе, дарэчы, заменены на энергазберагаючыя і аконныя блокі ў галоўным корпусе.
Не засталіся без увагі сельскія ўстановы аховы здароўя. Напрыклад, бягучы рамонт у Тухавіцкай урачэбнай амбулаторыі абышоўся ў 600 мільёнаў рублёў, у Падлескай – амаль 200 мільёнаў. Абнавіліся Русінавіцкі і Жарабковіцкі ФАПы. Гэта толькі частка “бальнічных” змен, хаця і даволі важкая.
Спынюся на набыцці новага лячэбна-дыягнастычнага абсталявання. Так, з раённага бюджэту на гэтыя мэты ў 2008 годзе было выдаткавана 100,6 млн. руб. (набылі лабараторнае і фізіятэрапеўтычнае абсталяванне), у 2009 – без малога 100 млн. руб. (стаматалагічныя ўстаноўкі, стэрылізацыйнае абсталяванне), у 2010 – амаль 60 млн. руб. (абсталяванне для водалячэбніцы),
у 2011 – 225 млн. руб. (абноўкі для стаматалогіі, аўтатранспарт для хуткай меддапамогі), у 2012 – 636 млн. руб. (лабараторнае абсталяванне, каланаскоп, абсталяванне для кіслароднай станцыі, электракардыёграфы), у 2013 – 200 млн. руб. (абсталяванне для кабінета функцыянальнай дыягностыкі), летась – 266 млн. руб. (кальпаскоп, фетальны манітор, абсталяванне для зубатэхнічнай лабараторыі).
У 2010-2012 гадах тры аўтамабілі хуткай медыцынскай дапамогі заменены на новыя, а ў 2013 для гэтага аддзялення набылі праграмны комплекс “Выклік-103”, летась замянілі радыёабсталяванне.
За апошняе пяцігоддзе для інфарматызацыі нашай установы закуплена 50 персанальных камп’ютараў, набываем аўтаматызаваныя рабочыя месцы. У нашай ЦРБ ёсць магчымасць атрымаць і платныя медыцынскія паслугі. Гэты від дзейнасці развіваецца: калі ў 2008 годзе іх прапаноўвалася 10 відаў, то летась ужо 16. З 2010 года імі могуць скарыстацца іншаземныя грамадзяне. У мінулым годзе платныя медпаслугі “заважылі” 1805,2 млн. руб.
Самая галоўная задача, якую вырашаюць медработнікі раёна, – клопат аб здароўі людзей, дасканалая дыягностыка захворванняў і лячэнне насельніцтва. Сярод праблем службы – забяспечанасць урачамі. Гэты паказчык у раёне складае 86 працэнтаў. Але калі ўлічыць, што некалькі гадоў назад ён ледзь перавышаў 70 працэнтаў, то можна гаварыць пра пазітыўную тэндэнцыю. Штогод на работу ў ЦРБ прыходзяць маладыя спецыялісты – урачы, медсёстры, фельчары. У наступным годзе мы чакаем 14 выпускнікоў вышэйшых медыцынскіх устаноў, якія вучацца па мэтавых накіраваннях. 9 з іх, дарэчы, ляхавічане. Што такое папаўненне значыць для раёна? Будзе закрыта кадравае пытанне ў сельскіх установах аховы здароўя: 9 маладых тэрапеўтаў зоймуць вакантныя месцы. Пакуль жа ў такія вёскі па графіку выязджаюць урачы з райцэнтра. Прыступяць да работы гінеколаг, хірург, рэнтгенолаг. Для таго, каб маладыя спецыялісты засталіся ў раёне і пасля неабходнай адпрацоўкі, мы стараемся ў калектыве падтрымаць іх, дапамагчы акліматызавацца і ў прафесіі, і на першым рабочым месцы. Вельмі важная і важкая дзяржаўная падтрымка, стаўленне раённай улады да праблем медыцыны, у тым ліку кадравага пытання. Найважнейшы складальнік – забеспячэнне маладых спецыялістаў жыллём – вырашаецца апошнім часам паспяхова. Вось і сёлета ключы ад арэндных кватэр атрымалі пяцёра ўрачоў.
У службе аховы здароўя няма другасных пытанняў, але ўсё ж асаблівая медыцынская ўвага – дзецям, ветэранам, адзінокім састарэлым людзям. Запатрабаванае аддзяленне сястрынскага догляду ў Крывошынскай участковай бальніцы.
Калектыў разумее сваю вялікую адказнасць перад грамадствам і стараецца зрабіць усё, што залежыць ад яго, дзеля здароўя сваіх землякоў.
Уладзімір УСЦЮШКОЎ, галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы.
Вот за поликлинику — огромное спасибо. Думаю, ко мне присоединятся многие ляховичане . Просторно, светло и уютно. Надо ещё «подлечить» возможность записаться к стоматологу без дополнительного хождения.