Пілігрымамі ў Лагішын да ”Заступніцы Палесся” /фота/
На гэта шэсце нельга было не звярнуць увагу. У мінулы аўторак каля 250 чалавек з малітвамі і песнямі прайшлі з Баранавічаў праз наш раён. Усе разам – і маладыя, і сталыя – з адзіным памкненнем расказаць пра цудатворную ікону Маці Божай Лагішынскай.
Штогод па ініцыятыве Пінскай епархіі рымска-каталіцкай царквы праводзіцца пешае паломніцтва ў Лагішынскі касцёл Святых Пятра і Паўла, дзе гэта ікона захоўваецца. Яе называюць ”Заступніцай Палесся”.
Сёлета ўжо 18-ы раз пілігрымы ішлі па двух маршрутах. Адзін з іх пралягаў праз Ляхавічы, аграгарадкі Дарава і Русінавічы, вёскі Мядзведзічы, Куршынавічы.
Падчас шэсця пілігрымы рабілі прыпынкі ў населеных пунктах, сустракаліся з мясцовымі жыхарамі. У Русінавічах арганізавалі “Вясёлы вечар”, дзе спявалі хрысціянскія песні і танцавалі.
Ікона, якая лічыцца цудадзейнай, ушаноўваецца і католікамі, і праваслаўнымі.
Урачыстая каранацыя іконы адбылася 10 мая 1997 года.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.