Ключы ад шчасця. У сям’і ляхавічан Жытко дом – утульны ачаг, куды з радасцю і жаданнем вяртаюцца дарослыя і дзеці
Шчаслівы той, хто шчаслівы ў сябе дома. Простая ісціна гучыць жыццёвым дэвізам і мэтай для многіх людзей, да якой імкнуцца, якую выбудоўваюць крок за крокам.
У сям’і ляхавічан Жытко дом па вуліцы Лугавой – утульны ачаг, куды з радасцю і жаданнем вяртаюцца дарослыя і дзеці. Тут заўсёды падтрымаюць і зразумеюць, тут пануюць лад, згода і любоў.
Святлана і Мікалай Жытко 27 гадоў крочаць поруч, пераадольваючы разам цяжкасці і перашкоды. Выхавалі сына Руслана і дачку Людмілу, сёння сваю любоў і клопат аддаюць пляменніцам Іры і Ксюшы, якія па волі лёсу сталі дзецьмі ў вялікай сям’і, дарагімі і любімымі.
– Жыццё пражыць – не поле перайсці. Лёгкага хлеба не чакалі і не чакаем. Працуем, жывём для дзяцей і дзеля дзяцей – іх у нас чацвёра. А яшчэ ўнучка Ангелінка і зяць Аляксандр, які таксама стаў нам сынам, – расказвае Святлана Сямёнаўна.
Галава сям’і Мікалай Канстанцінавіч працуе вадзіцелем у ПМК-13. Але, мусіць, няма такой работы, якая не была б яму па сілах. Дом і ў доме, у двары – справа яго залатых рук, усё тут зроблена з душой і з густам.
Святлана Сямёнаўна 26 гадоў назад пасля заканчэння тэхналагічнага каледжа прыйшла працаваць поварам у райбальніцу, так і засталася там. Смачна гатуе для хворых і здзіўляе кулінарнымі сюрпрызамі сваіх дамашніх.
Дружныя, згуртаваныя, працавітыя, усе ў гэтай сям’і радуюцца поспехам адзін аднаго. У мінулым годзе Люда стала мамай. І зараз дзевяцімесячная Ангелінка, можна сказаць, – цэнтр сямейнага сусвету. Малышка з цікавасцю паглядае вакол з моцных і надзейных рук таты.
А выпускніца школы Іра сёлета зрабіла родным выдатны падарунак – стала студэнткай аддзялення журналістыкі філфака Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна.
– Заўсёды марыла стаць журналісткай, – не хавае радасці дзяўчына. Дарэчы, яе заметкі неаднойчы з’яўляліся на старонках “ЛВ”.
Дзесяцікласніца Ксюша з сумам чакае ад’езду сястры на вучобу. Дзяўчынкі хоць і розныя па характары і здольнасцях (Ірына больш рашучая, хуткая, схільная да моваў, Ксенія – разважлівая, спакойная, з матэматычным складам розуму, з лёгкасцю рашае цяжкія задачкі, у будучыні бачыць сябе работніцай фінансавай сферы), але жыць не могуць паасобку. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, нават дапамагалі адна адной пры падрыхтоўцы дамашніх заданняў.
Ганарацца сёстры старэйшым братам. Ён для іх пасля бацькі галоўны аўтарытэт і дарадца. Кожнае вяртанне Руслана на выхадныя дамоў – вялікае свята.
Жыве сям’я не напаказ, агульнымі інтарэсамі і праблемамі. У гэтым доме дзяцей вучылі і вучаць дабрыні, сумленнасці і працавітасці. А яшчэ паважлівасці і цярпенню.
– Трэба ўмець дараваць, саступаць і падтрымліваць адзін аднаго, – пералічваюць складальнікі сямейнага шчасця старэйшыя Жытко.
Аб’ядноўваюць не толькі працоўныя будні і справы, але святы і традыцыі, што склаліся ў сям’і. Іх многа, не пералічыць. Яны, бы ключы ад іх шчасця – агульнага сямейнага. Тут моцна трымаюцца адзін за аднаго, даражаць кожнай сумеснай хвілінай. Менавіта таму падчас паступлення Ірына без цяжкасцяў напісала сачыненне на тэму: “Чаму мы павінны ведаць гісторыю сваёй сям’і”.
… Чайнік пяе сваю гасцінную песню, дзяўчаты расстаўляюць кубачкі і талеркі, накрываюць на стол. Вось-вось мама Света дастане з духоўкі духмяны пірог, водар ад якога разносіцца па доме, і кожнаму дастанецца па вялікім кавалку.
Сям’я разам. Ці гэта не шчасце?
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Рэцэпт пірага “Любаша” ад Святланы Жытко.
Для цеста спатрэбіцца пачак сметанковага масла, 0,5 шклянкі цукру, палова ч. л. пітной соды, 10 ст. л. мукі. З інгрэдыентаў зрабіць крышыва, раздзяліць яго на 2 часткі. Адну засыпаць на дно формы, пакласці начынку, затым – астатняе цеста. Начынка складаецца з 2 пачак тварагу, 0,5 шклянкі цукру, дробкі солі і 3-4 яек – усе гэтыя інгрэдыенты перамяшаць. Паставіць у духоўку, нагрэтую да 200 градусаў, на 30-40 мінут. Смачна есці!