Партфель для першаклашкі. І не толькі партфель. І не толькі для першаклашкі. У Ляхавічах праходзіць акцыя «Дзецям – да школы»
Сабраць дзіця ў школу – справа зусім не танная. Не ўсе бацькі, асабліва ў вялікіх ці няпоўных сем’ях, могуць дазволіць сабе купіць сваім школьнікам усё і адразу. У Беларусі, і ў нашым раёне таксама, склалася добрая традыцыя – рабіць першавераснёўскія падарункі.
Райвыканкам прыняў рашэнне аказаць аднаразовую матэрыяльную дапамогу да новага навучальнага года мнагадзетным сем’ям, у якіх трое і больш дзяцей вучацца ў школе і ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі. На 260 дзяцей з 81 сям’і ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ўжо выплаціла больш як 122 мільёны рублёў (па 470 тысяч на кожнае дзіця).
Сем’і, што знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, і сярэднедушавы даход якіх за апошнія 12 месяцаў не перавышае 1,5 бюджэту пражытачнага мінімуму (на сёння 2353695 рублёў), маюць магчымасць атрымаць дзяржаўную адрасную сацыяльную, а таксама гуманітарную дапамогі. Для гэтага неабходна звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (тэлефон для даведак 2-03-07).
Дапамога для падрыхтоўкі дзяцей да школы прадугледжана ў калектыўных дагаворах некаторых прадпрыемстваў.
Каб падтрымаць мнагадзетныя маламаёмныя сем’і, ТЦСАН арганізаваў акцыю “Дзецям – да школы”. На працягу двух дзён усе жадаючыя маглі набыць і пакласці ў спецыяльную скрыню на першым паверсе Дома Саветаў самыя разнастайныя канцтавары, якія будуць вельмі дарэчы школьнікам з вялікіх сем’яў (на здымку).
А сёння распачалася акцыя раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа “Школа для ўсіх, школа для кожнага”. Яна, дарэчы, працягваецца ўсе гэтыя выхадныя. Валанцёры, якія дзяжураць каля магазіна “Дзіцячы свет “Аліса” і на рыначнай плошчы ў райцэнтры, гатовы прыняць не толькі канцтавары, але і абутак, адзенне, спартыўны інвентар. Усе гэтыя рэчы будуць перададзены ў 10 сем’яў, што прыехалі ў наш раён з Данецкай і Луганскай абласцей, і чые дзеці 1 верасня пойдуць у мясцовыя школы.
Леанід КАЛБАСА, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
КАлі б кожны ляхавічанін паўдзельнічаў у акцыі “Дзецям – да школы”, колькі б шчаслівых усмешак з’явілася б на тварах рабят.