Хлебны заказ
Уборка хлеба завершана. Жніво прайшло ў напружаным, як і павінна, але штатным рэжыме. Фінальны вынік у гаспадарках склаўся не аднолькава роўна, але ў цэлым па раёне можа служыць падставай для эканамічнага аптымізму.
Работы працягваюцца, у тым ліку і “каляўраджайныя”: хто недасушыў-недаачысціў – шчыруе ў гэтым накірунку, хто недаразлічыўся па дзяржзаказе – шукае магчымасці выканаць свае абавязкі. Зрэшты, па большасці пунктаў, што тычацца паставак сельскагаспадарчай прадукцыі для патрэб краіны, аграрыі Ляхавіччыны справіліся.
Сёлета раёну неабходна было прадаць 12310 тон харчовага зерня: 10400 – пшаніцы, 900 – жыта, 170 – грэчкі, 120 – аўса, 530 – ячменю, 190 – проса. Па стане на 27 жніўня, валавая лічба прададзенага нязначна перавысіла планавую і склала 12354 тоны. Але праўда ў тым, што станоўчы баланс атрымаўся дзякуючы звышпланавым пастаўкам пшаніцы і жыта. На большасці крупяных палеткаў раёна працягваюцца ўборачныя работы, таму сітуацыя з продажам дзяржаве грэчкі і проса яшчэ не канчатковая.
З заданнем па продажы ячменю піваварнага раён справіўся на 118 працэнтаў. Супраць 2200 планавых прададзена 2593 тоны. Што характэрна, з шасці гаспадарак, якія мелі планы на продаж гэтай катэгорыі зерня, заданне перакрылі 5. Свой невялікі ўзнос у справу піваварэння зрабіў нават агракаледж, які ў папярэдніх разліках на гэта не значыўся.
З 4000 тон рапсу ў лік дзяржзаказу прададзена 3265 тон.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.