На Пралетарскай добрае надвор’е. Сёння ў Пашкоўцах Ляхавіцкага раёна жывуць 87 вяскоўцаў /фота/

Ні з чым непараўнальны водар садоў, навакольная прыгажосць…   Вёска Пашкоўцы сустракае моднай гадоў трыццаць назад песняй у сучаснай аранжыроўцы, якая   неслася з расчыненага акна аднаго з дамоў. Раней тут гучала зусім іншая музыка. Слава пра пашкоўскіх музыкаў грымела далёка, і на сучасны лад іх, напэўна, называлі б зоркамі. Беражліва, з пакалення ў пакаленне перадаюць вяскоўцы расказы пра іх, напрыклад, пра Вінцэся Трыбуха і Іосіфа Маселя. Юзіка (так мясцовыя клікалі Маселя) яшчэ перад Першай сусветнай вайной запрашалі іграць на вяселлях.

У кнізе “Памяць. Ляхавіцкі раён” ёсць такія ўспаміны: “У 1925 годзе браты Трыбухі стварылі аркестр: тры скрыпкі, кантрабас і барабан. Кіраўніком і першай скрыпкай быў старэйшы – Юзік, самы апантаны, малодшы Жэня і Адам Сіцька ігралі на скрыпцы. А на кантрабасе – сярэдні брат Паўлік, на барабане – Вінцэсь Бацечка. Хлопцы спачатку бавілі аднавяскоўцаў, але хутка іх сталі запрашаць не толькі на сялянскія вяселлі. Неаднойчы ігралі на дажынках у маёнтку Нача. А неўзабаве пашкоўскі аркестр іграў на дажынках пад Варшавай, дзе быў маёнтак прэзідэнта”.

Старэйшая жыхарка Пашкоўцаў 91-гадовая Браніслава Масель прыгадвае, што культурнае жыццё ў яе роднай вёсцы не заціхала ніколі:

– Спяваць любілі ўсё і ўсюды. Працавалі ў пані Аліны ў Грушаўцы – спявалі, вечарам збіраліся ў каго-небудзь у хаце – танцавалі пад аркестр. Іх жа ў Пашкоўцах было цэлых тры – як ігралі хлопцы! Ногі самі ішлі ў скокі.

Да размовы далучаецца 78-гадовая Яніна Попка:

– У Пашкоўцах жыву з 1946 года – пайшла сюды замуж. Моладзь хадзіла на танцы ў грушаўскі маёнтак. Жадаючых патанцаваць было шмат: і з блізкіх вёсак, і з Ляхавічаў. Каб аркестр чулі ўсе, музыкі ўладкоўваліся на парозе паміж дзвюма заламі.

Як успамінаюць старажылы, моладзь збіралася каля хаты Сымона Міклашэвіча, яго дачка Сабіна мела надзвычай прыгожы голас. І старыя, і малыя прыходзілі паслухаць, як іграе на гітары і спявае прыпеўкі ўласнага сачынення Мечыслаў Бацечка.

Потым тут з’явілася радыё, і слухалі ўжо савецкія песні. З асаблівым інтарэсам глядзелі самадзейныя тэатральныя пастаноўкі.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны месцам сустрэчы стаў дом Станкевічаў – у іх з’явіўся першы ў вёсцы патэфон.

Любімай гульнёй не толькі дзяцей, але і дарослых была лапта. Гулялі ў яе на пляцы – месца пасярод вёскі, якое спецыяльна не займалі пад хаты. Планавалі пабудаваць тут памяшканне для пажарнай каманды. Дарэчы, у Пашкоўцах усе маладыя мужчыны ўваходзілі ў гэту каманду, на ўзбраенні якой былі помпа і бочка для вады. Тут жа, на пляцы, потым з’явіўся турнік, а замест лапты сталі гуляць у валейбол.

Здаўна жыхары Пашкоўцаў славяцца працавітасцю і кемлівасцю. Мяркуйце самі: хаты пабудаваны так, што амаль цэлы дзень ва ўсіх будынках і на падворку сонечна. Яшчэ ў 1937 годзе пашкоўцы талакой выбрукавалі вуліцу (яна ў вёсцы адна і цяпер называецца Пралетар-ская), вы-капалі ка-наву, каб сцякала вада з вы-гану.

Тутэйшыя мужчыны лічыліся майстрамі на ўсе рукі: плялі кошыкі, падкоўвалі коней, выраблялі сталы, шафы, бочкі і нават музычныя інструменты, а напрыканцы ХІХ стагоддзя і цэглу (недалёка было радовішча гліны).

Засталіся ўспаміны легендарнага камандзіра партызанскага атраду Кірылы Арлоўскага пра тое, як падчас Першай сусветнай вайны мясцовыя жыхары хавалі яго ад інтэрвентаў.   На франтах Вялікай Айчыннай загінулі пашкоўцы Уладзімір Бацечка, Вікенцій Болтуць, Іван і Нікадзім Казакевічы, Іван і Станіслаў Маселі, Іван Навіцкі, Іосіф Трыбух…

Пенсіянерка Людміла Барташэвіч (у дзявоцтве Трыбух (адно з распаўсюджаных у вёсцы прозвішчаў, як, напрыклад, яшчэ Масель, Бацечка, Сіцька, Станкевіч, Попка і іншыя) таксама тутэйшая – маці пяці дзяцей. Адна з яе дачок зараз жыве за акіянам. Але, як і іншыя дзеці і ўнукі, не забывае сваіх каранёў, часта прыязджае са сваёй сям’ёй да матулі ў госці. Цяпер гасціла пляменніца Ганна, якая працуе ў Маскве.

Побач з Людмілай Барташэвіч жыве яе стрыечная сястра. Некалі разам бегалі ў Пашкоўскую пачатковую школу, потым у Рачканскую.

– І сёння з цеплынёй успамінаем свайго першага настаўніка Аляксея Сцяпанавіча Бурака. Цяпер дзеткі пешшу за навукай не ходзяць: малых возяць у Начаўскі дзіцячы сад, старэйшых – у Начаўскую школу. Праўда, дзяцей у вёсцы мала, – расказвае жанчына.

Пабываць у Пашкоўцах і не заўважыць гэты дом, што літаральна патанае ў кветках, проста немагчыма. Каля ўваходу 9 пар шлёпанцаў розных памераў – у сям’і Сяргея і Ганны Расохаў сямёра дзяцей, трое з іх прыёмныя.
– Так, мы бацькі-выхавальнікі. Але прыёмныя – гэта афіцыйна і па паперы, усе хлопчыкі (у сям’і толькі адна дачка Святлана, яна студэнтка-пяцікурсніца і мае сваю сям’ю – заўвага рэд.) родныя і самыя лепшыя на свеце. У нас шчаслівая сямёрка: Света, Дзіма, Саша, Вадзік, Раман і два Іваны, – гаворыць Ганна Якаўлеўна. Тым часам у хаце кіпела работа – збіралі новую мэблю. Яны заўсёды разам гатуюць, прыбіраюць, робяць рамонт, рыхтуюць урокі (у доме, дарэчы, 2 камп’ютары) і спраўляюцца па гаспадарцы – самай вялікай у іх вёсцы: 5 кароў, свінні, куры, гусі, сабакі, каты. У абавязках 11-гадовага Вадзіка – клапаціцца пра сваіх падапечных – трусянятак.
Сяргей Іванавіч, хоць і галоўны ў доме, але, як гаворыцца балем усё роўна правіць жанчына. Ганна Якаўлеўна – узорная гаспадыня. Гатуе смачна. Асабліва любяць малыя яе фірменныя блінцы. Хоць і хапае ў Расохаў рознай кухоннай тэхнікі, але ўсё ж некалькі гадоў назад зрабілі ў летняй кухні рускую печ: пірагі ў ёй, іншыя стравы – не ад’есціся.
– Прачынаемся, канешне, рана. Трэба паспець жыўнасць накарміць, кароў падаіць. У 6 гадзін прыязджае малаказборшчык. Канешне, дзеці дапамагаюць, – расказвае гаспадар дома.
Энергіі Сяргея Расохі пазайздросціш. Вялікая сям’я патрабуе ўвагі і клопату, у падсобнай гаспадарцы без мужчынскай сілы не абысціся. Ды і работа ў яго адказная – працуе начальнікам участка ў ДП “Нача”. А яшчэ ён – вясковы стараста. Насупраць – дом бацькоў Сяргея – Івана Канстанцінавіча і Віні Міхайлаўны. На дваіх ім 160 гадоў. Вялікая і дружная сям’я сына ва ўсім дапамагае старэйшым Расохам. Не забывае і дачка, якая жыве ў Ляхавічах.
Па суседству – пашкоўская знакамітасць Віталій Патапчык – адзін на ўсю вёску трымае каня. Агарод заараць, бульбу пасадзіць-выкапаць, сёе-тое перавезці – без дапамогі Віталія і яго Орліка не абысціся.
Акрамя Расохаў, у Пашкоўцах трымае кароў сям’я Тэрэзы Падушкінай і Аляксандра Мазаля:
– І малако, і мяса, і агародніна, і садавіна – усё сваё. Хапае і сабе, і сем’ям дзяцей – іх у нас васьмёра.
У другім канцы вуліцы ў адным з двароў немалады мужчына габляваў дошкі. Гэта Фёдар Клапаток, працуе ў Маскве ў лётна-інжынерным інстытуце. Любіць прыязджаць на сваю другую малую радзіму, якой лічыць Пашкоўцы, – сюды ў 1991 годзе перавёз бацькоў з Гомельшчыны пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
– Трэба крыху падрамантаваць дом пасля буры. Нядаўна сын з унукам былі. Яшчэ пару дзесяцігоддзяў назад тут амаль кожны дом быў жылы, сёння нямала хат пустуе, некаторыя пляцы пустазеллем пазарасталі, – уздыхае Фёдар Паўлавіч.
Цяпер тут і жыхароў значна менш – 87. Але ўлетку вёска нібы напаўняецца дзіцячымі галасамі – прыязджаюць нашчадкі пашкоўскіх музыкаў. Ім добра ў гэтым гасцінным куточку – Пашкоўцах.
Галіна КАНЬКО.
Фото Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Сям’я Расохаў – самая вялікая ў Пашкоўцах.

Віталій Патапчык са сваім Орлікам.

Любая справа ладзіцца ў Фёдара Клапатка.

Людміла Барташэвіч паказвае фотаздымак дочкінай сям’і.

Аляксандр Мазоль унука з маленства прывучае да працы.

На сустрэчу да бабулі.

Шмат чаго пра Пашкоўцы могуць расказаць Яніна Попка і Браніслава Масель.

One thought on “На Пралетарскай добрае надвор’е. Сёння ў Пашкоўцах Ляхавіцкага раёна жывуць 87 вяскоўцаў /фота/

  • 01/09/2015 в 09:31
    Permalink

    Всегда с интересам читаю в районке о «кропках на карце». Радуюсь, что так душевно и по-доброму пишите о простых сельчанах, людях труда. А сколько среди них замечательных творческих личностей! Малая родина. Многих именно родные места натолкнули на выбор жизненного пути и сегодня стали их частью . Счастлив тот, у кого есть такой «куточак бацькаўшчыны». Продолжайте нас знакомить и удивлять.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *