Крымінал. Здарэнні Ляхавіччыны

“Здабыткі” і страты

Раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу па заяве жыхаркі вёскі Вялікая Лотва, з дома якой украдзены залатыя ўпрыгожванні на суму звыш 17 мільёнаў рублёў. Вядзецца следства.

А вось злодзей, які ў земляка ў Тухавічах украў шліфавальную машынку, устаноўлены. Яму давядзецца несці адказнасць перад законам, як, дарэчы, і прадаўцу Ляхавіцкага райпо. Работніца прылаўка, нячыстая на руку, на працягу некалькіх месяцаў крала выручку з магазіна, у якім працавала. Дакладней, не фіксавала праз касавы апарат сумы пакупак і не выдавала чэкі пакупнікам. Райпо нанесены страты ў памеры больш за 19 мільёнаў рублёў, 17 з якіх растратчыца ўжо кампенсавала.

Канфіскат

Падчас сумеснага рэйда супрацоўнікаў аддзялення па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю РАУС, інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Ляхавіцкім раёне ў нашым райцэнтры затрыманы мінчанін, які рэалізоўваў без адпаведных суправаджальных дакументаў парфумерыю і касметыку. У гандляра канфіскаваны тавар на суму больш за 21 мільён рублёў. Матэрыялы перададзены ў райінспекцыю МПЗ.

Памяць падвяла

Жыхар Гайнінца звярнуўся ў міліцыю з заявай аб прапажы матацыкла. Як высветлілася, за некалькі дзён да гэтага мужчына паехаў на ім у лес і забыўся там свой транспартны сродак. Вінаваты і пацярпелы ў адной асобе знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення.

Атруціўся

Прычынай смерці пенсіянера з Ляхавіч стала злоўжыванне алкаголем, дакладней, — пакуль не ўстаноўленай спіртаўтрымліваючай вадкасцю. Пра гэта паведамілі ў РАУС.

Трывожная статыстыка

З 20 жніўня па 2 верасня ў РАУС дастаўлена 47 жыхароў раёна, якія знаходзіліся п’янымі ў грамадскіх месцах, 10 сямейных скандалістаў, 11 грамадзян – за ўчыненне дробных крадзяжоў, 6 вадзіцеляў кіравалі транспартнымі сродкамі “пад градусам”.

Са зводкамі РАУС знаёмілася

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *