Слова пра слова

Выдадзеная Францыскам Скарынай Біблія – і сёння сусветны кніжны шэдэўр.

З першых рыфмаваных радкоў пра Таню, якая плача, з першых казак пра курачку Рабу,  Калабка, з буквара і далей, далей пачынаецца гэта ўзаемапранікненне – чалавека і кнігі, якое і аптымальна, і ідэальна павінна ператварыцца ва ўзаемную любоў. Бывае, на жаль, што гэтага не адбываецца, але, паўтару, на вялікі жаль. Можна толькі пашкадаваць чалавека, сярод галоўных спадарожнікаў якога па жыццёвай дарозе, дарадцаў, сяброў, няма кнігі. А яна – цэлы свет і святло, яна выкладае філасофію быцця, прымушае думаць, падштурхоўвае да творчасці і, ці не галоўнае, вучыць, як дарасці да чалавека, быць чалавекам. Урокі Пушкіна і Купалы, Коласа і Талстога, Дастаеўскага, Чэхава, Шэкспіра, Петраркі… Свет Галсуорсі, Экзюперы, Мележа, Караткевіча… Летуценнасць Грына, Багдановіча, Ясеніна… Для поўнай асабістай бібліятэкі кнігалюба спатрэбілася б вялікае памяшканне. На паліцах знайшлося б месца творам класікаў і сучаснікаў. Усім гэтым можна скарыстацца ў раённай купалаўцы, што і робяць многія ляхавічане. Кніжныя навінкі тут з’яўляюцца з зайздроснай рэгулярнасцю, і мы можам прасачыць за творчасцю, у тым ліку, нашых землякоў Алеся Бадака, Леаніда Пранчака, пачытаць свежыя газеты, часопісы, альманахі, заказаць неабходныя падручнікі і спецлітаратуру. А яшчэ ў купалаўцы і сельскіх бібліятэках ладзяцца літаратурныя вечарыны з удзелам мясцовых паэтаў Валянціны Пабягайла, Веры Дыдышка і іншых.

Спачатку было слова… Як слова наша адгукнецца… Прамова пра мову… Што значыць для беларускага пісьменства выданне Францыскам Скарынай Бібліі… Што значаць маленькія друкарні мінулых стагоддзяў і сённяшнія паліграфічныя камбінаты і выдавецкія дамы… Дзякуючы ім, геній чалавека, гісторыя – наш здабытак, і пасыл у будучыню, і духоўнасць, і асвета, і багаты ўнутраны свет – са скарбонкі мудрасці.

Не палічыце за дзёрзкасць, але, мусіць, не сорамна бы-ло б перад вялікім Францыскам Скарынай яго сённяшнім беларускім паслядоўнікам. Адзін з іх, правільней, адна – наша зямлячка, якая закончыла ў свой час Востраўскую школу. Таццяна Бялова ў беларускай журналістыцы і кнігавыдавецтве – асоба вядомая. Шмат гадоў яна ўзначальвала выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі”. Гэта яе творчыя дзецішчы – непераўзыдзеныя па змесце і афармленні фаліянты “Жывая вера. Ветка”, “Падарожжа па Паўночна-Заходнім краі” – альбом малюнкаў мастака Струкава, які выйшаў у серыі “Энцыклапедыя рарытэтаў”, і многія іншыя. І не столькі і не толькі заслужанай іх адметнасцю сталі ўзнагароды ў самых прэстыжных кнігавыдавецкіх конкурсах, але і гістарычны, інфармацыйны, філасофскі, выхаваўчы, эстэтычны пасыл з мінулага ў сёння і ў будучыню. З любоўю саб-раны, напісаны, аформлены і адпраўлены не толькі ў бібліятэкі, на кніжныя паліцы, а, галоўнае, у свядомасць-душу людскую, іх унутраны свет.

Лагічным працягам гэтай работы стаў выхад шэдэўральнай кнігі “Беларусь замкавая” выдавецтва “Бяловагрупп”. “Выданне выканана ў фармаце фотаальбома і з’яўляецца першым маштабным праектам беларускага кнігавыдання ХХІ стагоддзя, прысвечаным помнікам манументальнага дойлідства. Работа над кнігай аб’яднала вядучых гісторыкаў і фатографаў краіны з мэтай стварэння актуальнай хронікі замкавай культуры Беларусі.”, – гэта радкі з анатацыі. А вусны шэпчуць: “Які цуд!”.. Гэта сапраўдны твор мастацтва, над якім працавалі 18 гісторыкаў, больш 20 фатографаў і калектыў прафесіяналаў выдавецтва на чале з Таццянай Бяловай. На 54-м Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі” “Беларусь замкавая” ўдастоена вышэйшай узнагароды – Гран-пры ў намінацыі “Трыумф”. Такая вось гісторыя.

…Слова можа ўзвысіць. Слова можа параніць. Слова можа абрадаваць і прымусіць сумаваць. Яно падказвае, падштурхоўвае, кліча. Яно ўхваляе і крытыкуе. Гучыць прозай і складаецца ў неразгаданую прыгажосць “Зорка Венера ўзышла над зямлёю”… Са слова пачынаецца справа. І дасягненне мэты. І шлях да мары. І поспех. І творчасць.

Вольга БАРАДЗІНА.

P. S. Дарэчы, пра творчасць. Сёлета ў нашых землякоў свяцічанкі Веры Дыдышка і ляхавічаніна Фёдара Лапаніка выйшлі новыя зборнікі іх твораў. Віншуем!

На свяце беларускага пісьменства ў Ганцавічах у 2011 г. быў адкрыты помнік Якубу Коласу.

Слова з кніжных старонак – папяровых і электронных, слова наогул павінна спрыяць стваральнасці, дабру, міру і процістаяць вайне, жорсткасці – любому злу.

Свята беларускага пісьменства ў Камянцы, 2005 г.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *