Покліч роднай зямлі

Славуты беларускі першадрукар Францыск Скарына параўноўваў кнігу з люстэркам людскога жыцця. Згадалася гэтае трапнае выслоўе, калі знаёміўся з апошнім выданнем нашага земляка Фёдара Лапаніка. Другая па ліку кніжка ляхавічаніна, якую склалі выбраныя апавяданні, выйшла сёлета ў Маскве на рускай мове.

Проза Ф. Лапаніка, як і ягоная лірыка, прываблівае жыццёвай праўдай, актуальнасцю закранутых праблем, непадробнасцю персанажаў, індывідуальнасць якіх праяўляецца ў непрадбачаных сітуацыях. Перасяленец Сямён Прышчэпа з апавядання “Замах на клён”, малады журналіст Алесь Шчурскі (“Не кожнаму дадзена”), Грышка Заяц – галоўны герой апавядання “Вешкі”, якое, дарэчы, дало назву ўсяму зборніку, вясковец Сямён Выспа (“Хата на ўскрайку”)…

У кожнага – свой лёс, свая жыццёвая пазіцыя. Акрэсліваючы дакладным лаканічным штрыхом характэрныя рысы чалавека, пісьменнік акцэнтуе ўвагу на яго ўнутраным стане, маральна-этычных якасцях. Прычым у цэнтры мастацкага асэнсавання нярэдка аказваецца звычайная, на першы погляд нязначная па-дзея. Але гэтым і адметны літаратурны дар Ф. Лапаніка – за малапрыкметным бачыць істотнае, тое, што складае сутнасць з’явы, вытлумачвае матывы чалавечых паводзін. Для прыкладу можна назваць апавяданні “Трое ў дарозе”, “Два суботнікі”.

Адну з галоўных пазіцый у лапанікаўскай прозе займае тэма Бацькаўшчыны, адданасці роднай зямлі. Вось апавяданне “Покліч Малінаўкі”. Галоўны герой – паляшук Павел Праташчык, якога лёс у маладосці закінуў на далёкую Поўнач, ажно ў Нарыльск. Праз дзясяткі гадоў, наведаўшы родныя мясціны, раптам зразумеў – бацькоўскае котлішча ўжо нікуды яго не адпусціць. Балазе, састарэлая вёска Малінаўка пачынае адраджацца, замахнуўшыся на статус аграгарадка.

Як і ў паэзіі, не абыходзіць Ф. Лапанік увагай і экалагічныя праблемы. Выразнікі ягонай бескампраміснай пазіцыі – станоўчыя героі, вобразы якіх аўтар малюе з яўнай сімпатыяй, цеплынёй. Такі дзевяцігадовы Віцька ў апавяданні “Хірургічнае “ўмяшанне”. Чулы, спагадлівы, клапатлівы да ўсяго жывога ў прыродзе ў адрозненне ад свайго дзеда Тараса Кандратавіча, сквапнага паляўнічага. Віцька адкрыта асуджае яго за браканьерскую схільнасць і нават адважваецца на ўчынак – абясшкоджвае потайкам зарады стрэльбы.

Антыподы і персанажы навелы “Агрэх”. Калгасны трактарыст Косця Марчык – шчыры прыхільнік прыроды. Іншае стаўленне ў брыгадзіра, былога лесніка Рахманца, палымяныя заклікі якога аб беражлівых адносінах да птушак, звяроў аказаліся пустымі словамі.

У зборніку “Вешкі” амаль два дзясяткі апавяданняў. Розных па тэматыцы, па мастацкай выразнасці. Але ўсе аднолькава шчырыя жыццёвай праўдай, непарыўнай сувяззю з родным краем. Таму і не пакідаюць чытача раўнадушным.

Іосіф КАРПЫЗА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *