Новы год сустракае ўвесь народ
Як не любіць цудоўныя і непаўторныя навагоднія святы? Яны ахутаны таямнічасцю і радасцю, напоўнены прыемнай мітуснёй і прадчуваннем нечага невядомага, казачнага і абавязкова прыемнага. Свята адчуваецца ва ўсім. Вабяць да сябе ўпрыгожаныя вітрыны магазінаў, святочна-навагодняя ілюмінацыя зіхаціць рознымі колерамі, асабліва прыгожа ў горадзе вечарам.
І, безумоўна, адчувальны прыўзняты настрой у землякоў – усе рупліва рыхтуюцца да сустрэчы Каляд і Новага 2011 года. Так хочацца, каб 2011 год быў добразычлівым, багатым на прыемныя сюрпрызы, цудоўныя падзеі, новыя пачынанні. Згодна кітайскага гараскопа, наступны год – Год Труса (Ката). І вось што нам абяцаюць астролагі.
Трус дыпламатычны, таму не варта быць выскачкай у 2011-м. Лепш спрабаваць заслужыць павагу Труса і спадабацца яму. Асабліва шчаслівымі і паспяховымі будуць шлюбы, узятыя ў надыходзячым годзе. 2011-ы таксама будзе спрыяць усім, хто мае адносіны да навукі, творчасці, рэлігіі, і тым спецыялістам, якія любяць сваю справу. Трус – адкрыты знак. У гэты год чакаецца мноства сяброўскіх сустрэч, цікава пройдуць сумесныя паездкі і святы. Усе канфлікты будуць зведзены да мінімуму, бо Трус – вялікі дыпламат і без цяжкасцяў дамовіцца пра ўсё і з усімі. У гэты год любая дапамога вернецца вам спаўна. Дзеці, якія народзяцца ў 2011 годзе, будуць таленавітымі і добразычлівымі.
Калі вы прытрымліваецеся даўняй традыцыі і лічыце, што без сапраўднай ёлачкі свята – не свята, спяшайцеся купіць лясную прыгажуню на кірмашы ці непасрэдна ў Ляхавіцкім лясгасе (кошт у залежнасці ад вышыні дрэва – ад 9000 да 45000 рублёў). Не паддавайцеся прапановам знаёмых паехаць у лес і высекчы елку. У такім выпадку гарантаваны сапсаваны настрой і штраф ад 10 да 50 базавых велічынь.
Упрыгожаная ёлачка – не толькі нязменны атрыбут зімовых святаў, але і сапраўдная схованка для навагодніх падарункаў. Іх выбар залежыць ад фантазіі і фінансавых магчымасцяў. Найбольш запамінаюцца тыя падарункі, якія падрыхтаваны з любоўю і ўвагай і ўлічваюць інтарэсы і пажаданні тых, каму прызначаны. Суве-ніры, каляндарыкі з выявай ката ці труса – талісмана 2011 года – вельмі папулярныя сярод пакупнікоў рознага ўзросту. Даволі высокі спажывецкі попыт і на традыцыйныя падарункі: парфумерыю, касметыку – для дарослых, цацкі, камп’ютарныя гульні – для дзяцей.
Паклапаціліся айчынныя кандытарскія фабрыкі і пра смачныя навагоднія падарункі. Якіх толькі цукерак, шакаладак, зефіру і іншай смакаты няма ў разнастайных упакоўках у выглядзе куфэрка, кніг, гадзіннікаў, церамкоў і г.д. У вялікім асартыменце і прысмакі да навагодняга стала – мясныя і рыбныя далікатэсы, каўбасы. Як заўсёды – вялікі попыт на шампан-скае. Дарэчы, сёлета на святочным стале абавязкова павінны быць яблыкі і проса. Не варта падаваць на стол зайчаціны ці трусяціны, каб не будзіць у Зайца пакідаючага нас Тыгра. А вось разнастайнай агародніны накшталт зялёнай цыбулі, кропу, пятрушкі, капусты, морквы павінна быць многа. Не забудзьцеся і пра рыбу.
Якія ж навагоднія святы без забаў, вечароў адпачынку, баляў-маскарадаў. Якую арганізацыю вольнага часу прапануюць сёлета землякам установы і арганізацыі раёна?
Жадаеце зрабіць сапраўдны сюрпрыз сваім дзецям? Выклікайце прама на дом Дзеда Мароза і Снягурачку. За 14 570 рублёў навагоднія персанажы з раённага вузла паштовай сувязі ў казачных касцюмах з’явяцца на парозе вашай кватэры ці дома і разам з вашымі дзецьмі паводзяць карагоды, павіншуюць іх з надыходзячымі святамі і паслухаюць вершы і песні ў іх выкананні. Некалькі гадоў запар з’яўляецца папулярнай яшчэ адна паслуга, якую прапануюць паштавікі: за 23 тысячы рублёў можна заказаць сапраўдны падарунак ад галоўнага героя зімы. У набор уваходзіць шакаладка, альбом для размалёўкі, пісьмо ад Дзеда Мароза і мяккая цацка-зайчаня. Культработнікі за пэўную плату дапамогуць у правядзенні ранішнікаў, карпаратыўных вечарын і агеньчыкаў. Можна выклікаць Дзеда Мароза і Снягурачку з гарадскога Дома культуры.
Многія прадпрыемствы і арганізацыі зараней клапоцяцца пра навагоднія ранішнікі для дзяцей сваіх работнікаў, таму заказваюць святочныя мерапрыемствы ў цэнтры пазашкольнай работы, школе мастацтваў, гарадскім Доме культуры. Дарэчы, работнікі ГДК штогод запрашаюць хлопчыкаў і дзяўчынак на навагодняе прадстаўленне з любімымі казачнымі героямі. Па традыцыі святочныя ранішнікі, тэатралізаваныя прадстаўленні, касцюміраваныя балі, дыскатэкі, арганізаваны ў дзіцячых садах, школах, пазашкольных установах.
Прымалі заказы на карпаратыўны і сямейны навагодні адпачынак у рэстаране “Ластаўка”, кафэ “Маладзёжнае”, “Калі ласка” – былі б толькі жаданне і грошы. Дарэчы, яшчэ за некалькі тыдняў да навагодняй ночы ўсе месцы ў вышэйназваных кропках адпачынку былі заказаны.
Тым, хто не баіцца халадоў і аддае перавагу масаваму адпачынку, запрашае гарадская ёлка на плошчы Перамогі, дзе, пачынаючы з 1 студзеня, вечарам будуць праводзіцца разнастайныя забаўляльныя праграмы і для дзяцей, і для дарослых. Правёўшы 2010 год і падняўшы бакал за новы 2011 год, паспяшайцеся на навагодняе прадстаўленне, якое пройдзе на плошчы Перамогі каля навагодняй ёлкі. Не менш захапляючае відовішча, што працягнецца да самай раніцы з конкурсамі, песнямі і танцамі, чакае ўсіх у адноўленым ГДК.
Шаноўныя землякі, у перадсвяточных клопатах памятайце: як сустрэнеш новы год, так і правядзеш яго. Таму за тостамі, віншаваннямі і вясёлым адпачынкам не забывайцеся пра ўласную бяспеку. Шчасця, здароўя, дабрабыту кожнаму з вас!
Галіна КАНЬКО.