На «Дажынкі» ў Іванава. 12 верасня — абласны фестываль-кірмаш
Унушальнае прадстаўніцтва нашага параўнальна невялікага раёна на абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2015” у Іванаве тлумачыцца проста: выдатны вынік выдатнай працы. У без малога паўтаратысячатонным караваі Брэстчыны амаль 90 тысяч тон – ад ляхавіцкіх хлебаробаў. Ляхавіцкі раён на трэцім месцы ў вобласці ў спаборніцтве на ўборцы збожжавых.
Жніво заўсёды выпрабоўвае на вартасць, сёлетняе – не стала выключэннем – спёка зашкальвала, сонца паліла. Але проба ў хлебнага золата выключна высокая, але жніўны майстар-клас атрымаўся, але збожжавы паток з бункера камбайна ў кузаў аптымістычна шчодры. З хлебам – значыць з надзеяй і апорай, значыць трывала, як і належыць быць. А іх, хто хлеб наш надзённы вырасціў, убраў, адправіў у засекі, народ у каторы раз з удзячнасцю і па праву называе проста героямі. Героямі жніва.
…Ці ёсць у свеце прыгажэйшы пейзаж, чым даспяваючая хлебная ніва, якая калышацца пад подыхам ветрыка. Ці ёсць нешта больш адухоўленае, чым спрадвечнае сялянскае ўсведамленне, якое ўвасоблена ў адно слова: трэба – трэба заўсёды, пры любым раскладзе, пры любым надвор’і, пры любым настроі клапаціцца пра хлеб. Ён – само жыццё. Хлеб – імя існае.