На «Дажынкі» ў Іванава /фота/
Жніво – сезон кароткі, але гарачы ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Напружаны графік – ва ўсіх удзельнікаў уборачнай кампаніі, у тым ліку, канешне, вадзіцеляў. Кожны рэйс з поля на элеватар – плюс да хлебнага каравая не толькі сваёй гаспадаркі, але і раёна, вобласці, краіны. Віктар Клемяня з СВК “Жарабковічы” перавёз больш за 2500 тон збожжа. І гэта – трэці вынік на Брэстчыне сярод маладых вадзіцеляў.
Шосты год працуе вадзіцелем у СВК “Ляхавіцкі” Андрэй Жэрка. Невялікі стаж работы спаўна штодзённа кампенсуецца стараннасцю і працавітасцю. На абласных “Дажынках” летась Андрэй Жэрка сярод маладых вадзіцеляў быў другім. Сёлета ў гэтай самай намінацыі ён падняўся на першую прыступку п’едэстала гонару. Збожжа перавозіў на “ГАЗ – 35071” – машыне хоць “узроставай”, але дагледжанай. Кожную запчастку ў ёй Андрэй сам перабраў, пераглядзеў, каб працавала, як адладжаны гадзіннік.
З якім жа задавальненнем пасля службы ў арміі Аляксандр Чабатарэнка зноў сеў за руль грузавіка ў СВК «Ляхавіцкі». І паняслося – кузаў за кузавам, рэйс за рэйсам. – Не сачыў за паказчыкамі. Даведаўся, што першым у раёне сярод маладых вадзіцеляў перавёз тысячу тон зерня толькі тады, калі прыехалі віншаваць з перамогай на элеватар, – гаворыць бээрэсэмавец Аляксандр. Цяпер вось заключны – і які! – акорд: другое месца ў абласным спаборніцтве сярод маладых вадзіцеляў, якія перавозілі зерне з поля ў засекі.
Той дзень напачатку жніўня Пётр Слабкевіч яшчэ доўга будзе помніць:
– Надвор’е было цудоўнае. Усё ішло, як па маслу: ні паломак, ні прастояў, ні чаргі на элеватар. За 12 гадзін працоўнай змены тады зрабіў 24 рэйсы, хаця звычайна па 8-10. Прыехаў дамоў – і адразу спаць.
Сёлетняе жніво для мінулагодняга пераможцы абласных дажынак сярод маладых вадзіцеляў на адвозцы зерня механізатара ЗАТ “Белпрампрыбор” Пятра Слабкевіча ішло па звыклым маршруце “поле – зерняток”. Для яго яно пятае ў хлебаробскай біяграфіі. Як гаворыць галоўны аграном прадпрыемства Віктар Канецпольскі, працаваць па сумленні – гэта пра Слабкевіча. І сёння Пётр – пераможца сярод вадзіцеляў на адвозцы зерня ў “дарослай” катэгорыі – падымецца на сцэну абласнога фестывалю-кірмашу ў Іванаве.
Каля 7800 ураджайных тон у сухім і чыстым, падкрэслім, астатку. Зусім не кожная гаспадарка ў стане “спячы” каравай такога маштабу. А ўсяго адзін зернесушыльны комплекс, на якім працуе аператар Андрэй Свінабурка з СВК “Жарабковічы”, выдаў на гара такі вал збожжа і насення рапсу. Большай выніковасцю ў гэтым сезоне не адзначыўся ніхто з абласных калег жарабковіцкіх сушыльшчыкаў. Якасную перадсезонную падрыхтоўку абсталявання, адказнае стаўленне да справы кожнага з чатырох работнікаў сушылкі, іх зладжанасць можна смела браць за аснову вытворчага поспеху хлебаробаў.
Уважліва і ўпэўнена Анатолій Пятух вядзе па жніўным полі СВК “Жарабковічы” камбайн “Ліда”. Побач – старанны памочнік, сын Аляксей. Сёлета на жніве яны былі сямейным экіпажам. Толькі першы год працавалі разам, але дэбют атрымаўся ўдалым: на “сям’ю” выйшла 1425 тон збожжа.
Анатолій Аляксеевіч працуе ў гаспадарцы даўно, Аляксей толькі вярнуўся дамоў пасля службы ў арміі і пакуль з пастаянным месцам работы не вызначыўся. Але на жніве атрымаў добрую загартоўку. Сямейны экіпаж узнагароджаны граматай абкама аб’яднаных прафсаюзаў.
Больш як чвэрць стагоддзя Антон Булаты працуе ў сельскай гаспадарцы, 20 апошніх гадоў – у СВК “Жарабковічы”, цяпер – намеснікам старшыні па раслінаводстве. Важкія ўраджаі гаспадаркі з года ў год – безумоўна, у тым ліку, і заслуга агранамічнай службы, і яго асабістая.
Найбольшыя ў раёне “хлебныя” плошчы, сёлетні важкі колас (амаль 84 цэнтнеры збожжа з кожнага гектара!) і, адпаведна, самы важкі ў раёне хлебны каравай – у “Жарабковічах”. Але не хлебам адзіным жыве гаспадарка. На парадку дня – салодкае “жніво”: цукровыя буракі традыцыйна даюць кааператыву сур’ёзны прыбытак.
Сёння Антон Тадэвушавіч разам з дэлегацыяй раёна прымае ўдзел у абласных “Дажынках” у Іванаве. За шматгадовую доб-расумленную працу, дасягненне высокіх паказчыкаў у галіне раслінаводства ён адзначаны граматай Мінсельгасхарчу.
Глядзеў бы і глядзеў на горы збожжа, але ў Васілія Судніка з СВК “Шлях новы” на гэта ў жніво зусім не было часу. І на зернесушыльным агрэгаце, дзе ён працуе аператарам, работы хапала. Дарэчы, у 2013 годзе Васілій разам са сваімі калегамі – калектывам КЗС – прадстаўлялі раён на рэспубліканскіх “Дажынках”. За некалькі гадзін разам з напарнікам даводзілі да належнай кандыцыі па 110-130 тон зерня. Бесперабойны канвеер зернятока патрабуе ўважлівасці, дбайнасці – хлеб не даруе абыякавасці. Працаваць тут могуць сапраўдныя рупліўцы. Кожнае жніво Васілій Эдуардавіч пачынае з радасцю. І як вынік, ён стаў другім у вобласці сярод машыністаў зернесушыльных установак.
Старонкі жніва гарталі Вольга БАРАДЗІНА, Святлана БЕЛЬМАЧ, Іван КАВАЛЕНКА, Галіна КАНЬКО, Наталля ПЕРАПЕЧКА. Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.