Дзякуй, 2010-ы. Прывітанне, 2011-ы!
Кацярына КУЛЯШОВА, урач аддзялення дзённага знаходжання райбальніцы:
— Неабходна жыць так, каб кожны дзень быў у радасць, а для гэтага варта настройваць сябе на пазітыў. І нават калі здараюцца рознага кшталту непрыемнасці ці праблемы, ні ў якім разе нельга апускаць рукі — выхад ёсць заўжды.
2010 год асабіста для мяне прайшоў у мажорным ладзе, прыемнага было нямала. Па-ранейшаму атрымліваю задавальненне ад сваёй работы. Гэта сапраўднае шчасце, калі дапамагаеш чалавеку вярнуцца да звычайнага жыцця, справіцца з хваробай. Шчыра скажу: мне шанцуе і з калегамі. Я ўдзячна кожнаму супрацоўніку — урачам, медсёстрам, санітаркам за душэўныя і па-сапраўднаму прафесійныя адносіны да пацыентаў.
А яшчэ жанчына шчаслівая тады, калі усё ў парадку з яе блізкімі. Старэйшы сын працуе па выбранай спецыяльнасці, і бачу, што работа яму падабаецца. Малодшы — дзесяцікласнік — яшчэ пакуль перад адказным выбарам. Таму мы, бацькі, вельмі хвалюемся за яго. Хочацца, каб і год наступны быў багатым на падзеі, каб было як мага больш радасных імгненняў.
Жадаю ўсім землякам шчасця, упэўненасці, дабрабыту, і, канешне, здароўя.
Хачу сказаць усім жанчынам — любіце сябе, бо вы самыя лепшыя, а мужчынам жадаю клапаціцца і шанаваць сваіх каханых.
З Новым 2011 годам і Калядамі, дарагія ляхавічане!
Ірына МАЛЯР, начальнік фінансавага аддзела райвыканкама:
— Год адыходзячы сапраўды быў насычаны падзеямі. І для бюджэту раёна ён заканчваецца паспяхова. Мы завяршылі рэканструкцыю ГДК, сёння глядзіш — і душа радуецца. Шмат сродкаў укладзена ў рамонт аб’ектаў адукацыі. І гэта таксама важна і патрэбна, у першую чаргу, каб нашым маленькім грамадзянам было ўтульна, зручна і бяспечна.
Вельмі многа спадзяванняў на год наступны. Ужо сёння будуюцца і распрацоўваюцца канкрэтныя планы і перспектывы, размяркоўваюцца сродкі.
Радасных перамен чакаем і дома. Абодва сыны ў 2011-ым заканчваюць навучанне, атрымаюць вышэйшую адукацыю. Дарэчы, абодва вучацца на эканамістаў — прыемна, што выбралі маю прафесію.
Усім землякам шчыра жадаю здароўя і аптымізму, паспяховасці і ўдачлівасці. Каб усё ладзілася дома і на працоўных месцах, каб наш горад прыгажэў (не толькі за бюджэтныя сродкі, але і дзякуючы неабыякавасці і любові гараджан). І, канешне, фінансавай стабільнасці — і бюджэту Ляхавіччыны, і сямейным бюджэтам усіх яе жыхароў.
Леанід КАЛБАСА, дырэктар гімназіі:
— 2010 год быў надзвычай цікавым, багатым на розныя падзеі. Парадавалі гімназісты , якія паспяхова выступалі на рэспубліканскіх алімпіядах і разнастайных конкурсах. Пераважная большасць сёлетніх выпускнікоў стала студэнтамі ВНУ. У гімназіі, дарэчы, самы высокі сярод навучальных устаноў раёна працэнт паступлення.
На вачах мяняецца і знешні выгляд будынка ўстановы — ва ўсю ідзе мадэрнізацыя, а гэта вельмі важна ў стварэнні больш камфортных умоў для навучання і выхавання.
Цудоўна і запамінальна прайшлі разнастайныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 20-годдзя гімназіі. Усе нашы здабыткі былі б немагчымы без зладжанай работы высокапрафесійнага калектыву гімназіі, яе таленавітых вучняў і іх клапатлівых бацькоў. У надыходзячым 2011 годзе хачу пажадаць усім моцнага здароўя, поспехаў у справах, шчасця, добрага настрою.
Няхай усе 365 дзён новага года прыня- суць вам толькі радасць і задавальненне ад жыцця, а ўдача ніколі не пакідае вас!
Людміла ПАЛТАРАК, начальнік аддзела загса райвыканкама:
— Надыходзячы 2011 год — год Труса ці Ката. Гэтыя міралюбівыя жывёлы сімвалізуюць і ўвасабляюць утульнасць і сямейнасць, цяпло і дабрыню. Так хочацца, каб менавіта гэтыя ўласцівасці былі галоўнымі ў годзе наступным.
Жадаю, каб у чароўную і непаўторную навагоднюю ноч у кожнай сям’і панавала любоў, і няхай гэта цудоўнае пачуццё жыве заўжды ў вашых сэрцах і ахутвае вас і вашых блізкіх клопатам і пяшчотай, робіць усіх нас больш шчаслівымі з кожным днём. Няхай ствараюцца новыя сем’і, і марш Мендэльсона як мага часцей гучыць у зале ўрачыстай рэгістрацыі шлюбаў у загсе. Тут заўжды рады і сем’ям, якія прыходзяць, каб святочна адзначыць сярэбранае, залатое ці іншае юбілейнае вяселле. Жаданыя госці ў загсе і шчаслівыя бацькі, якія атрымліваюць пасведчанні аб нараджэнні дзяцей.
Няхай 2011 год стане для ўсіх нас паспяховым, шчаслівым і багатым на прыемныя сюрпрызы і незабыўныя імгненні, падорыць дабрабыт і стабільнасць.
По заснеженной зимней дороге
Старый год убегает прочь.
Пусть исполнится всё, что хотелось
В новогоднюю лунную ночь!
Іван ШКЛЯНІК, кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Даманскае»:
— Апошнія лісткі календара гартае год 2010. І мне асабіста нават сумна з ім развітвацца, бо ён прынёс шмат добрых жыццёвых падзей, быў спрыяльным у вытворчасці. Я нават не марыў, што стану пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва ў намінацыі «Землекарыстанне высокай культуры земляробства», атрымаю важкую прэмію, буду ўдзельнікам свята святаў — рэспубліканскага фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2010», які падарыў уражанняў на многія гады. Да таго ж адыходзячы год для мяне юбілейны, стукнула 50! Лічу, што гэтая дата толькі нагода для таго, каб нешта пераасэнсаваць у жыцці, намеціць новыя планы. А яны ў мяне грандыёзныя: мару ўзяць у арэнду яшчэ больш зямлі, павялічыць вытворчасць сельгаспрадукцыі. Наогул, жадаю ўсім у надыходзячым новым годзе быць аптымістамі, не чакаць удачы, а рабіць усё так, каб яна вас сама шукала, бадзёрасці, дабрабыту, радасці, шчасця і, зразумела ж, здароўя.
Марына ЖАБІК, вучаніца 10 класа САШ № 1:
— Вось і адлічвае свае апошнія дні 2010 год. Для мяне ён быў напоўнены цікавымі і разнастайнымі падзеямі. Але, мабыць, галоўнае — я вызначылася з будучай прафесіяй: мару заняцца журналістыкай. Вельмі прыемна, што вакол мяне людзі, якія мне дапамагаюць імкнуцца да новых вынікаў і дасягаць чарговых вяршынь.
У годзе наступным мне і маім равеснікам будзе асабліва складана, бо новы навучальны год стане для нас апошнім у школе — мы выпускнікі. Вельмі спадзяюся, што абавязкова разам пераадолеем усе цяжкасці, і першыя крокі ў самастойнае дарослае жыццё будуць цвёрдыя і ўпэўненыя. Ад усяго сэрца хачу павіншаваць усіх з надыхо-дзячым Новым годам і Калядамі. Сваім бацькам жадаю здароўя і доўгіх гадоў жыцця, а яшчэ хачу падзякаваць ім за любоў і пяшчоту. Падзяка і шанаванне дарагім настаўнікам. Адна-класнікам і сябрам жадаю цярпення, стойкасці, натхнення і штодзённай радасці. Шчыра віншую ўсіх жыхароў Ляха-віччыны з цудоўнымі зімовымі святамі і жадаю ўсім поспехаў, шчасця, дабрабыту і міру. Няхай навагодняя казка будзе з вамі заўжды, а ўсе самыя патаемныя мары і жаданні спраўдзяцца. Толькі абавязкова верце ў гэта, бо Новы год — чароўнае свята…