Следствам устаноўлена

Днём утварэння Следчага камітэта лічыцца 12 верасня. Ляхавіцкі раённы аддзел – адно з падраздзяленняў гэтай структуры. Далёка не самы шматколькасны, але высокапрафесіянальны і надзвычай выніковы: уваходзіць у тройку лідараў сярод райаддзелаў СК Брэстчыны. Пра гэта сціпла паведамілі людзі ў пагонах.

Падпалкоўнік юстыцыі Віталій Лабанаў на чале райаддзела з дня яго заснавання. Надта гучных, рэзанансных спраў у вытворчасці не прыпамінае, але гэта не значыць, што крымінальных спраў увогуле нямнога. Сёлета за восем месяцаў у вытворчасці знаходзіліся 183 (120 былі ўзбуджаны следчымі). Завершаны 98.

Сума матэрыяльных страт, нанесеных злачыннымі дзеяннямі абвінавачваемых, склала 209559 тысяч рублёў. Рэальна ў ходзе следства кампенсаваны страты на суму 103938 тысяч рублёў (49,6 працэнта). Арышт на маёмасць абвінавачваемых накладваўся на суму 1953590 тысяч рублёў. З улікам арыштаванай маёмасці працэнт аднаўлення страт склаў 170,5.

За гэтымі лічбамі, як і за літаральна кожнай завершанай і перададзенай у суд крымінальнай справай, напружаная праца, роздум, пошук, праверкі, допыты, доказы…

Лагічным завяршэннем злачынства становіцца пакаранне па законе. І ні ў якім разе не павінен пацярпець невінаваты чалавек. Гэта вельмі важная акалічнасць, якая патрабуе ад следчых яшчэ большай адказнасці, скурпулёзнасці і абсалютнай дакладнасці. У суд перадаюцца справы, работу над якімі следчыя закончылі.

Сярод лепшых сваіх падначаленых Віталій Лабанаў называе намесніка начальніка райаддзела падпалкоўніка юстыцыі Аляксандра Траяноўскага і старшага следчага маёра юстыцыі Дзмітрыя Гатоўчыца. Следства вядуць знатакі.

Вольга ПЯТРОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *