Дашкольнае месца. 887 маленькіх жыхароў Ляхавіцкага раёна ва ўзросце ад двух да шасці гадоў наведваюць дзіцячыя садкі

887 маленькіх жыхароў нашага раёна ва ўзросце ад двух да шасці гадоў наведваюць дзіцячыя садкі. Найбольшая запоўненасць у гарадскіх дашкольных установах: сюды ў буднія дні прыводзяць 560 малышоў.

Сёлета за 8 месяцаў у аддзеле загса выдадзена 171 пасведчанне аб нараджэнні – на 21 больш у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам. На свет з’явіліся 84 хлопчыкі і 87 дзяўчынак. Ці знойдуцца для іх у хуткім ужо часе месцы ў дзіцячых садках? “ЛВ” пацікавіўся сітуацыяй з забеспячэннем дашкалят садаўскімі месцамі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Не адзін дзясятак гадоў запар наш раён не адчувае недахопу месцаў у дзіцячых садках. Многія бацькі пішуць заяву на месца ў дзіцячым садзе праз некалькі месяцаў пасля нараджэння дзіцяці, але гэта робіцца дзеля звычайнай перастрахоўкі. Як расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Людміла Каліноўская, конкурсу на дашкольнае месца не існуе: усе заяўкі выконваюцца па меры паступлення. Іншая справа, што не заўсёды дашкольная ўстанова размешчана ў крокавай даступнасці. Калі няма магчымасці накіраваць малога па жаданым адрасе, бацькам прапаноўваюць два варыянты: альбо пачакаць, альбо ўзяць накіраванне ў іншую дашкольную ўстанову. І нічога страшнага ў тым няма – райцэнтр наш кампактны і дабірацца ў любую яго кропку не праблематычна.

А вось што расказвае маці, з якой давялося пагаварыць ля дзіцячага садка.

– Маша ў нашай сям’і другое дзіця. У першынца Мікіты ніякіх праблем з месцам у дзіцячым садзе не было: вясной напісалі заяву, а з верасня, як і планавалі, пайшлі ў сваю групу. Тое ж самае і з дачкой.

Сёлета з 1 верасня спынілі сваю дзейнасць Ганчароўскі, Свяціцкі, Галаўнінскі дзіцячыя сады. Гэты навучальны год для дашкалят, якія іх наведвалі, пачаўся па новых адрасах: у Тальмінавіцкім, Ліпскім і Крывошынскім дзіцячых садках адпаведна. Канешне, вельмі хваляваліся бацькі малышоў наконт арганізацыі падвозу, харчавання, адаптацыі дзяцей у новых умовах. Але з першых дзён навасельцы ў гэтых садках адчуваюць сябе як дома. Яшчэ летам у аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама запэўнілі, што праблем з падвозам не будзе – для гэтых мэт ёсць неабходны транспарт. У абавязковым парадку дзяцей забірае і прывозіць назад замацаваны за кожным рэйсам педагог. Пакуль усё ідзе па плане.

Між іншым на працягу некалькіх гадоў у райцэнтры назіраецца тэндэнцыя так званага геаграфічнага дзіцячага інтарэсу. Новы мікрараён вакол гарадской гімназіі багаты на маладыя сем’і, а, значыць, і на дашкалят. Не дзіўна, што і папулярнасць садка № 4 узрасла, тут некалькі гадоў назад адкрыта дадатковая група (зроблены рамонт у некалькіх пакоях інтэрната, устаноўлена новая мэбля). Сюды, дарэчы, як і ў сад № 1, прывозяць дзетак з Вялікай Лотвы.

Пераканаўча ў раёне выглядаюць і лічбы выканання дзяржаўных сацыяльных стандартаў: забяспечанасць месцамі дзяцей садаўскага ўзросту складае ў цэлым па раёне 98 працэнтаў, усе малышы да  6 гадоў (бацькі якіх гэтага жадаюць) ходзяць у дзіцячыя садкі. А самае галоўнае, хлопчыкаў і дзяўчынак нараджаецца ўсё больш і для іх ствараюцца належныя ўмовы добрага “дашкольнага” дзяцінства. У райцэнтры дзейнічаюць 4 дзіцячыя сады. Самы “малады” з іх па ўзросце быў пабудаваны на вуліцы Арлоўскага ў так званай прамысловай зоне напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Для нашага горада, які нельга назваць хуткарастучым, гэтага аказалася дастаткова. Найбольш груп – 12 і 11 адпаведна – у дзіцячых садах № 3 і № 1.

Дарэчы, у горадзе кожная ўстанова для малых мае сваю спецыялізацыю: фізкультурна-аздараўленчую – дзіцячы сад № 1, тэатральную – № 3, экалагічную – № 4. У кожным з іх ёсць памяшканні для псіхалагічнай і дэфекталагічнай службаў, спартыўная і музычная залы. Свая іскрынка і інавацыя прысутнічае ў вясковых садках.

Вядома, што наведванне дашкольных устаноў для дзяцей бясплатнае. Бацькі толькі поўнасцю аплачваюць затраты на харчаванне. Цяпер у дзень гэта складае 16950 рублёў за дзіця ва ўзросце да 3 гадоў, 21500 рублёў – з 3 да 6 гадоў. Пэўнае патанненне дасягаецца дзякуючы таму, што літаральна ўсе дашкольныя ўстановы самастойна нарыхтоўваюць агародніну, садавіну ці карыстаюцца дапамогай гаспадарак-шэфаў і спонсараў.

На Брэстчыне да 2020 года запланавана пабудаваць 12 дзіцячых садкоў на амаль што 2,5 тысячы месцаў. На Ляхавіччыне пакуль будаўніцтва новай дашкольнай установы не плануецца – у гэтым проста няма неабходнасці.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *