Бенефіс Ляхавічаў у Іванаве /фота/
Такі “святы” дзень у вяскоўцаў вобласці здараецца аднойчы на год. Як і належыць па статусе, у гэты дзень поруч ідуць строгая дзелавая ўрачыстасць і яркі святочны карнавал. Расшыфроўваецца ён проста, а гучыць не без прэтэнзіі на брэндавасць. У мінулую суботу ў Іванаве адшумеў абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі-2015”. І хоць у працы на зямлі перапынкаў не прадугледжана, у гэты дзень можна паставіць знак прыпынку на шляху чарговага хлебаробскага сезона. Сёлетняя работа аграрыяў нашага раёна заслугоўвае клічніка: агульнакамандную “бронзу” нашы аграрыі пазалацілі шэрагам залатых узнагарод вышэйшай пробы ў асабістых намінацыях. Знаёмыя і родныя назвы – Ляхавіцкі раён, СВК “Жарабковічы”, СВК “Ляхавіцкі”, СВК “Шлях новы” – не аднойчы гучалі над галоўнай святочнай пляцоўкай у якасці ўзорных працоўных прыкладаў.
Дажыначны “твар” Іванава падаўся дастаткова прывабным. Свежае ўбранне вуліц, светлая яскравасць людзей, чые шчырыя ўсмешкі суправаджалі калону дэлегацый раёнаў на шляху шэсця да галоўнай дажыначнай пляцоўкі.
Да падзеі ў горадзе адбыўся шэраг наваселляў. Пасля рэканструкцый-рамонтаў па-новаму заззялі, напрыклад, раённы Цэнтр культуры і народных традыцый, дзіцячая кансультацыя райбальніцы. А гандлёвы цэнтр адной вядомай “сеткавай” кампаніі ўзводзіўся з нуля і хуткімі тэмпамі. У адкрыцці асобных аб’ектаў прыняў удзел старшыня аблвыканкама Анатолій Ліс.
Урачыстае адкрыццё абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2015”, узнагароджанне пераможцаў абласнога спаборніцтва на ўборцы ўраджаю – як гучны заключны акорд жніва-2015.
“Свята дажынак заўсёды было важнай падзеяй у жыцці беларусаў. Карані нашага народу цесна звязаны з вёскай і працай на зямлі, а добры ўраджай заўсёды быў залогам дастатку ў доме і гарантыяй харчовай бяспекі ў дзяржаве”, – звярнуўся да працаўнікоў вёскі і гасцей свята старшыня аблвыканкама. Анатолій Ліс адзначыў, што хоць аграрыі вобласці крыху не дацягнулі да запланаваных 1,5 мільёна тон, але атрымалі добры ўраджай. Без уліку кукурузы валавы збор зерня перавысіў 1,4 мільёна тон. Нягледзячы на няпростыя ўмовы надвор’я – маласнежная зіма, недахоп вясенняй вільгаці, засушлівасць летам – сярэднеабласны гектар зарадзіў на 41,5 цэнтнера. Самай жа высокай ураджайнасці – каля 55 цэнтнераў на круг – дасягнулі хлебаробы Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў. Сярод гаспадарак абсалютнае лідарства за нашымі “Жарабковічамі” і “Ляхавіцкім” – 83 і 72 цэнтнеры збожжа з адзінкі плошчы адпаведна. Высокую ацэнку губернатара заслужыў і СВК “Шлях новы”, дзе з кожнага пшанічнага гектара было атрымана звыш 80 цэнтнераў збожжа. Як і яшчэ раз “Ляхавіцкі”, дзе ўраджайнасць трыцікале перавысіла 85 цэнтнераў з гектара.
“Жніво паказала нашы сілы і магчымасці, дала пэўныя ўрокі, – адзначыў кіраўнік вобласці. – Абапіраючыся на гэты вопыт, будзем імкнуцца да новых вынікаў, тым больш, што ўсе рэзервы для гэтага ёсць”.
Асаблівыя віншаванні Анатолій Ліс адрасаваў лепшым з лепшых і ўручыў заслужаныя ўзнагароды спецыялістам агравытворчасці, якія занялі ў сваіх намінацыях першае месца ў абласным спаборніцтве на ўборцы ўраджаю. З нашых землякоў асабістых віншаванняў губернатара ўдастоіліся галоўны аграном з “Ляхавіцкага” Аляксандр Шымкевіч, старшы камбайнер райаграсэрвіса Андрэй Юруць, малады старшы камбайнер са “Шляху новага” Васілій Шадура, вадзіцелі Пётр Слабкевіч з ЗАТ “Белпрампрыбор” і Андрэй Жэрка з “Ляхавіцкага”, старшы аператар зернесушыльнага комплексу Андрэй Свінабурка з “Жарабковіч”. Ну і камандны поспех, з яго асаблівым прэстыжам, значнасцю і маштабнасцю: Ляхавіччына стала трэцім сярод раёнаў Брэстчыны прызёрам спаборніцтва па вытворчасці зерня сярод 16 раёнаў вобласці.Кіраўнік вобласці ўручыў узнагароду старшыні райвыканкама Вячаславу Сельмановічу.
Акрамя таго, у нашых землякоў шэраг пераможных другіх і трэціх месцаў, заваяваных у абласным хлебаробскім спаборніцтве, міністэрскіх і прафсаюзных узнагарод. Ганаровай граматы Мінсельгасхарчу ўдастоены старшыня СВК ”Ляхавіцкі” Аляксандр Вітко і намеснік старшыні СВК ”Жарабковічы” Антон Булаты. Усяго ж за сваімі ўзнагародамі на галоўную сцэну “Дажынак” падымаліся 2 дзясяткі нашых землякоў!
Дажынкі спявалі, танцавалі. На розных і шматлікіх пляцоўках горада “давалі” свой, як стала адметным казаць, кантэнт. У гарадскім парку, напрыклад, праходзіў абласны этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”, дзе таксама не абышлося без ляхавіцкага ўдзелу – сям’і Ланкуцёў з Малога Гарадзішча. Але гэта ўжо тэма і нагода для іншай размовы.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.
Сапраўды бенефіс. Прыемна, што трэція ў вобласці сярод такіх вялікіх раёнаў. Ад душы радуемся і віншуем усіх працаўнікоў.