У глыбінку з перспектывай
У СВК “Жарабковічы” маладых спецыялістаў нямала: штогод прыходзіць папаўненне. Сёлета цэлая сям’я: муж і жонка Максім Нічыпарэнка і Анастасія Паўлій. Абодва родам з Украіны, хаця Максім, можна сказаць, крыху і тутэйшы – вучыўся ў ЛДАКу, як усе навучэнцы-бюджэтнікі – размяркоўваўся.
– Першае працоўнае месца выбіраў з улікам вырашэння жыллёвага пытання: я чалавек сямейны. Спыніўся на “Жарабковічах”. Паабяцалі выдзеліць дом з выгодамі. Умовы працы таксама задаволілі, – расказвае сёння ўжо ветурач Максім Нічыпарэнка. Не менш важкім бонусам у выбары на карысць гэтай гаспадаркі стала і працаўладкаванне па спецыяльнасці – ветурачом – яго жонкі. У СВК, як і абяцалі, адразу выдзелілі катэдж з усімі выгодамі.
–Пакуль на адпачынак часу асабліва няма – поўнасцю аддаёмся рабоце. А яе на фермах хапае. Калі адносіны і далей будуць такімі ж добразычлівымі і ўважлівымі, плануем тут застацца працаваць, – далучаецца да размовы Анастасія.
Гэтыя маладыя людзі не адзіныя, хто папоўніў сёлета калектывы сельгаспрадпрыемстваў раёна. Як паведаміла галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Наталля Юрлевіч, на Ляхавіччыну размеркаваліся 17 маладых аграномаў, заатэхнікаў, бухгалтараў, ветфельчараў, механікаў (9 з іх – пасля заканчэння ЛДАКа). Адзін з маладых спецыялістаў мае вышэйшую адукацыю – аграном па насенняводстве ў райаграсэрвісе.
Усім размеркаваным выплачаны пад’ёмныя, прадугледжаны і шэраг іншых ільгот, замацаваных у кантракце, які з маладым спецыялістам заключаецца мінімум на 2 гады.
У СВК “Шлях новы” рады маладому папаўненню і зацікаўлены ў замацаванні кадраў. Іх прыходзіць нямала. За апошнія 3 гады – 15 чалавек. У гаспадарцы стараюцца падтрымліваць моладзь – прэміі, іншыя заахвочванні, жыллё з выгодамі. У цэнтральнай сядзібе – аграгарадку Навасёлкі – ёсць усё неабходнае для разнастайнага адпачынку, аздараўлення і лячэння. Фізкультурна-аздараўленчы комплекс, пад адным дахам з ім – Дом культуры, урачэбная амбулаторыя. І, канешне, поўны набор паслуг у аддзяленнях ашчаднага банка, паштовай сувязі. Ёсць тут сярэдняя школа, дзіцячы сад, магазіны, бар.
– Перспектыва паехаць у вёску не палохала. Калі паступала ў каледж на аддзяленне ветэрынарнай медыцыны, ведала, што працаваць давя-дзецца ў сельскай мясцовасці. Дарэчы, практыку праходзіла ў “Шляху новым”. Сёння працую ветэрынарным фельчарам на Зубелевіцкай МТФ.
Прыемна, што мне, маладому спецыялісту, давяраюць. Пакуль усё задавальняе ў рабоце і быце. Як толькі прыехала, адразу знайшлі жыллё, у маім распараджэнні ўвесь дом, – расказвае сёлетняя выпускніца ЛДАКа Алеся Жыгун (сама яна родам з Ганцавічаў). Нядаўна па сямейных абставінах пераразмеркавалася ў “Шлях новы” з СВК “Ліпнянка” і зямлячка Алесі Алена Валошына, якая таксама мае дыплом ляхавіцкага каледжа. Ёй у гаспадарцы прапанавалі пасаду памочніка брыгадзіра МТФ “Бажкі”. З жыллём пакуль праблема, якую СВК вырашае: рамантуецца інтэрнат.
У моцнай гаспадарцы – СВК “Ляхавіцкі” – маладыя спецыялісты застаюцца надоўга. У жніўні на першае месца працы сюды прыйшлі ветурач і аграном з дыпломамі ЛДАКа, але толькі на замену дэкрэтных водпускаў. Валянціну Касаван з Крывошына і Аксану Салодкую з Траццякоўцаў задавальняе нават такі расклад: галоўнае, што ўдалося працаўладкавацца ў “Ляхавіцкі”.
Без перабольшвання, галоўную ролю ў замацаванні кадраў адыгрываюць наймальнікі. У калектыўных дагаворах усіх гаспадарках раёна ўведзены раздзел “Сацыяльная абарона моладзі”, у якім прадугледжаны разнастайныя меры матэрыяльнага стымулявання і іншых відаў дапамогі. Напрыклад, у “Жарабковічах” спецыяліст, які прыйшоў па размеркаванні і падпісаў кантракт, пасля адпрацоўкі ў СВК 3 гадоў атрымлівае аднаразовую выплату – 6 службовых акладаў, прызыўнікі – па 4 базавыя велічыні, а калі вяртаюцца ў гаспадарку на сваё папярэдняе месца працы – яшчэ 10 БВ. Першыя некалькі гадоў кампенсуецца пэўная частка выдаткаў на здым жылля. Акрамя таго, маладыя спецыялісты пры жаданні атрымліваюць доўгатэрміновыя крэдыты на будаўніцтва ці набыццё жылля, выдзяляецца аўтатранспарт і будаўнічыя матэрыялы.
Важна даць маладым магчымасць праявіць свае таленты і здольнасці, атрымаць вышэйшую адукацыю. Некаторыя сельгаспрадпрыемствы раёна часткова або поўнасцю бяруць на сябе аплату навучання сваіх кадраў. Сярод лепшых традыцый – настаўніцтва, калі вопытныя спецыялісты падтрымліваюць маладых, дапамагаюць ім набыць упэўненасць, стаць сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы. Яскравае па-цвярджэнне таго, што гэта атрымліваецца, – перамогі маладых у разнастайных спаборніцтвах. Напрыклад, сёлета ў раённым конкурсе сярод аператараў па штучным асемяненні жывёлы спецыяльныя прэміі за добрасумленную работу атрымалі нядаўнія выпускнікі ЛДАКа Максім Нічыпарэнка і Юрый Клачко з “Жарабковічаў”.
Здараецца, што пасля вучобы за кошт бюджэту выпускнікі не прыязджаюць па размеркаванні або, адпрацаваўшы пэўны час, патрабуюць скасаваць кантракт, адмаўляюцца выходзіць на работу. Аднак, згодна заканадаўства, такі спецыяліст павінен кампенсаваць навучальнай установе грошы, затрачаныя на яго вучобу. Як расказалі ў ЛДАКу, штогод вяртаюць сродкі за навучанне 2-3 былыя студэнты. А сумы немалыя – дасягаюць 180 мільёнаў рублёў у залежнасці ад тэрміну навучання, спецыяльнасці і г. д.
Праўда, як падкрэслілі ў каледжы, часам прэтэнзіі маладых спецыялістаў да работадаўцаў цалкам абгрунтаваныя: здаралася, выпускнікоў сялілі ў непрыгодныя для пражывання памяшканні, несвоечасова выплачвалі пад’ёмныя і зарплату і іншае. Было і такое, што адмаўлялі ў працаўладкаванні, спасылаючыся, што ў гаспадарцы правялі аптымізацыю і няма патрэбы ў спецыялістах. Тады ўмешваецца ЛДАК. Прадстаўнікі навучальнай установы выязджаюць на месца размеркавання, разбіраюцца. Калі не ўдаецца вырашыць праблемы, праводзіцца пераразмеркаванне. Сёлета такіх выпадкаў 2 (абодва – не ў нашым раёне).
Маладым важна, каб іх не толькі добра прынялі, але і потым дапамагалі, падтрымлівалі, ”не заціралі”, давалі магчымасць удасканальвацца ў прафесіі. А яны, у сваю чаргу, не павінны забывацца не толькі пра свае правы, але і абавязкі. Першы з якіх – працаваць старанна і сумленна.
Галіна КАНЬКО.