У лес на работу. 20 верасня прафесійнае свята адзначаць работнікі лесу
20 верасня работнікі лесу адзначаць прафесійнае свята. Сёлета да яго мясцовыя лесаводы атрымалі выдатны падарунак: на нядаўніх абласных “Дажынках” у Іванаве Ляхавіцкі лясгас адзначаны дыпломам пераможцы рэспубліканскага агляду-конкурсу “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў”. Да важкай узнагароды вельмі дарэчы і новенькі трактар “Беларус”.
Дырэктар лясгаса Міхаіл Свістун падкрэслівае, што такая перамога дасягнута дзякуючы зладжанай плённай працы 225 членаў калектыву, усіх структурных падраздзяленняў.
– Задача лясной гаспадаркі ва ўсе часы – аднаўленне, ахова і абарона лесу. Сёння мы робім усё гэта з выкарыстаннем сучасных тэхналогій. Галоўнае ў нашай справе, як, мусіць, і любой іншай, –людзі. У нас яны працавітыя, нераўнадушныя, адказныя. Іх вопыт, прафесіяналізм – аснова поспеху, – сцвярджае дырэктар лясгаса.
Сваю гісторыю прадпрыемства пачало пісаць 55 гадоў назад, калі ў яго склад увайшлі 4 лясніцтвы – Крывошынскае, Тухавіцкае, Мядзведзіцкае і Гарадзішчанскае. За паўстагоддзя многае змянілася; быў нават такі час, калі мясцовы лясгас перастаў быць самастойным прадпрыемствам. Але ўсё гэта ў мінулым. Сёння дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова “Ляхавіцкі лясгас” налічвае 6 лясніцтваў і цэх па перапрацоўцы драўніны ў Крывошыне. Маецца свой пчальнік. На тэрыторыі лясгаса ўтвораны заказнікі мясцовага значэння – гідралагічныя “Лагоня” і “Цыгань”, біялагічны – “Ліпск”. Пад асаблівай аховай – помнік прыроды рэспубліканскага значэння “рададэндран жоўты або азалія пантыйская”, якая для беларускай прыроды – сапраўднае дзіва.
Зона адказнасці лясгаса – больш за 50 тысяч гектараў, з якіх каля 45 тысяч – лясы. У кожным лясніцтве ёсць гадавальнік, дзе вырошчваецца зялёны “маладняк”. У Крывошынскім у дзвюх вялікіх цяпліцах падымаюцца да сонца да 19000 сосен і елак, пасаджаных па прагрэсіўнай фінскай тэхналогіі. Такі вопыт мясцовыя лесаводы будуць укараняць і далей.
З пачатку года праведзена лесааднаўленне на плошчы 133 гектары. На 270 гектарах маладняку – рубкі догляду.
Прадукцыю дрэваапрацоўчага цэха – піламатэрыялы – добра ведаюць у Германіі, Нідэрландах, а лес-кругляк – у Польшчы і Кітаі. За 7 месяцаў сёлета рэалізавана каля 1,6 тысячы кубічных метраў піламатэрыялаў, драўніны ў нарыхтаваным выглядзе – 30,6 тысячы кубічных метраў. Аб’ём экспарту лесапрадукцыі і паслуг склаў у эквіваленце каля 372 тысяч долараў. Прыбытак лясгаса ад рэалізацыі работ і паслуг – 1 мільярд 280 мільёнаў рублёў. Значная частка выручаных сродкаў ідзе на абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы і іншыя патрэбы лясной гаспадаркі.
Сёння на службе ў лесаводаў сучасная шматаперацыйная тэхніка – “Фарвардар” і “Харвест”. А з ёй магчымасці значна павялічваюцца. Каб не парушыць экасістэму, высечка вядзецца строга па тэхналогіі.
Сёлетняе гарачае лета стала для лясной аховы сапраўдным экзаменам на трываласць – дзяжурства даводзілася несці кругласутачна. Яшчэ адзін важкі клопат – сачыць за парадкам у лясах. Цяпер гэта дапамагаюць рабіць і “фотапасткі”.
Прафесійнае свята – падстава не толькі для падвядзення вытворчых вынікаў, але і магчымасць адзначыць лепшых. Граматай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь узнагаро-джаны вадзіцель Мядзведзіцкага лясніцтва Леанід Плескацэвіч, падзяка міністра адрасавана вадзіцелю лясгаса Уладзіміру Філіповічу. Граматамі Брэсцкага дзяржаўнага вытворчага лесагас-падарчага аб’яднання адзначаны ляснік Ляхавіцкага лясніцтва Іван Амельяновіч, вядучы інжынер па ахове працы Ларыса Лебядзеўская і старшыня прафсаюзнай пярвічкі Алена Тарлюк. Граматы Брэсцкага прафсаюза работнікаў лясной галіны атрымалі бухгалтар Мядзведзіцкага лясніцтва Вера Грыкель і ляснічы Ляхавіцкага лясніцтва Віктар Заяц. Падзячнае пісьмо райвыканкама адрасавана лесніку Ляхавіцкага лясніцтва Антону Дамашэвічу.
Наогул, у калектыве нямала добрасумленных і адказных лесаводаў. Яны – адна каманда, якая заслугоўвае шчырага, добрага слова падзякі за руплівую і старанную працу на будучыню.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Івана КАВАЛЕНКІ і Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Скульптура ляснічага днямі з’явілася каля аднаго з карпусоў Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.
Хутка будзе 200 гадоў, як існуе пасада, што да гэтага часу з’яўляецца адной з галоўных фігур у лесе. Першапачаткова для нагляду за лясамі Пётр I увёў пасаду вальдмейстара. Пры Мікалаі I была праведзена рэформа ляснога кіравання. 19 чэрвеня 1826 года пры дэпартаменце дзяржаўнай маёмасці быў арганізаваны вучоны камітэт па лясной часці, а 26 чэрвеня гэтага ж года ўпершыню зацверджана пасада ляснічага.