Сезон… менінгіту
Менінгакокавая інфекцыя носіць сезонны характар, пік захворвання прыпадае на асенне-зімовы перыяд. У 2010 годзе на Брэстчыне зарэгістравана 12 выпадкаў гэтай небяспечнай хваробы (адзін з іх – у Баранавічах), 2 з якіх мелі лятальны зыход.
Асноўная група рызыкі – дзеці ва ўзросце да 3 гадоў.
Менінгакокавая інфекцыя мае шырокі дыяпазон клінічных праяўленняў – ад бессімптомнага бактэрыяносьбіцтва да маланкавай менінгакакцэміі і гнойнага менінгаэнцэфаліту, якія прыводзяць да смерці на працягу першых сутак захворвання.
Калі ў дзіцяці раптоўна з’явілася ліхаманка з моцным галаўным болем, які не купіруецца анальгетыкамі, і рвотай на фоне папярэдняга назафарынгіту, неабходна правесці комплекс клінічных і дыягнастычных даследаванняў для выключэння менінгакокавай інфекцыі.
Наяўнасць высокай інтаксікацыі і сыпу, які з’яўляецца праз некалькі гадзін пасля павышэння тэмпературы цела, на фоне бледнай скуры з сінюшным адценнем патрабуюць тэрміновай шпіталізацыі. Калі ў дзіцяці тэмпература рэзка падымаецца вышэй за 39 градусаў або апускаецца ніжэй за 36 градусаў на фоне інтаксікацыі, яго таксама неабходна хутка даставіць у бальніцу для абследавання і лячэння. Любое прамаруджванне недапушчальна. Ні ў якім разе нельга займацца самалячэннем ці чакаць, што ўсё пройдзе само і спрабаваць збіваць тэмпературу з дапамогай лекаў ці народных сродкаў.
Пры своечасовай дыягностыцы і сучасных метадах лячэння менінгакокавая інфекцыя перамагаецца і заканчваецца выздараўленнем без усякіх наступстваў.
Прафілактычная вакцынацыя супраць менінгіту не праводзіцца, бо яе вартасць яшчэ не даследавана. Неабходна як мага часцей гуляць з дзіцем на свежым паветры, пазбягаць паездак з ім у грамадскім транспарце і наведвання тых месцаў, дзе збіраецца шмат людзей (магазіны, кірмашы, цырульні і г.д.). Часта крыніцай інфекцыі для дзіцяці становяцца і самі бацькі ці блізкія сваякі, якія, недаацаніўшы свой стан (здавалася б, лёгкую прастуду), працягваюць быць побач з малым, такім чынам падвяргаючы яго смяротнай небяспецы.
Нават пры падазрэнні на менінгіт абавязкова выклікайце ўрача на дом ці звяртайцеся ў паліклініку. Калі ж сімптомы хваробы нарастаюць вельмі хутка, абавязкова выклікайце хуткую дапамогу ці тэрмінова самастойна дастаўце дзіця ў бальніцу.
Урачы дзіцячай кансультацыі райпаліклінікі адкажуць на ўсе хвалюючыя вас пытанні па прафілактыцы і сімптомах менінгакокавай інфекцыі па тэлефоне 2-14-91.
Інэса ДРАЗДОВІЧ, раённы педыятр.