Прывітанне ад восені, ці Гаворыць сэрца

Сумная радасць? Радасны сум? Павуцінкі ў паветры, першае лісце пад нагамі, феерверк з вяргіняў, астраў, аксамітак. Фантастычная палітра фарбаў. Неверагодная, нерэальная прыгажосць. Усё гэта проста восень.

Яблыкі падаюць у траву. Прычэпы легкавушак з мяхамі бульбы. Чырвоныя гронкі рабіны наліваюцца спеласцю. Кошыкі грыбоў на базарных прылаўках. Лянівыя восы над духмянымі слівамі. Усё гэта проста восень.

Сонца спяшаецца наўздагон ветрыку, на тэрмометры плюс 25, зноў кароткія рукавы і басаножкі дастаюцца з шафы. Умомант воблакамі зацягнула неба, пасуровела надвор’е, задажджыла. Раніцой густы туман над ракою, на траве раса, падобная на льдзінкі. Усё гэта проста восень.

Па паркавых дарожках нетаропка прагульваюцца маладыя мамы з каляскамі. На лавачках ля шматпавярховак “гуляюць” бабулі-прабабулі, у якіх тэмы для размоў не сканчаюцца і абавязкова “зварочваюць” да ўспамінаў. І нагадаюць пра вяргіні іх маладосці, пра наліўную антонаўку, пра бабіна лета, якое ў гэтых краях заўсёды позняе – кастрычніцкае. І раскажуць пра смак святочнай мачанкі з блінцамі, што з рускай печы даставалі іх бабулі, і пра стогадовы андарак з запаветнага куфэрка, і пра шчаслівы вэлюм, і пра безагаворачнасць бацькавага слова. Колькі мудрасці ў гэтых расказах, колькі пачуццяў, колькі разважанняў. Не варта адмахвацца, маўляў, старым абы пагаварыць. Не варта спяшацца хутчэй праскочыць міма, замаскіраваўшы лагоднай усмешкай нежаданне спыніцца. Спыніцца трэба. І ўбачыць чаканне ў вачах – чаканне ўвагі і цеплыні. І паслухаць, і пачуць.

Памятаю, як у дзяцінстве любіла заціхнуць у куточку, калі да маёй старэнькай бабулі прыходзілі яе сяброўкі. Яна гаварыла: інтэрнацыянал сабраўся, зараз пачнём чытанні. Бабуля была рускай, яе сяброўка Мацвееўна – татаркай, Міхайлаўна – яўрэйкай, Іванаўна – беларускай. Разам – не разлі вада, у кожнай свае фірменныя рэцэпты і, самае незабыўнае, свае непаўторныя жыццёвыя гісторыі (адна расціла дачку, а ў вайну з дзіцячага дома ўзяла на выхаванне сіротку, другая выжыла ў Асвенцыме, трэцяя засталася жывой пасля нямецкага гета). Уголас мая бабуля чытала літаральна ўсе нарысы Таццяны Тэс, якія друкаваліся ў ”Известиях”, а яшчэ – “Ганну Карэніну”, потым Горкага. Пілі чай (“тры слонікі”), ставілі іншы раз пласцінку з запісамі Шульжэнкі ці Трошына. Але заўсёды любую тэму, любы расклад заканчвалі адным і тым жа – размовай пра дзяцей, пра ўнукаў і пра тое, што ”самае галоўнае – каб быў мір”. Гэта нязменна: ва ўсе часы – пра самае дарагое, пра сваіх крывіначак і пра ціхія світанкі над зямлёй. Тады, цяпер, потым – гаворыць сэрца.

Папробуйце паслухаць пажылых людзей, якіх з дня ў дзень сустракаеце на лавачцы ля пад’езда ці з кім выпадкова аказаліся побач у аўтобусе, альбо сустрэліся пры наведванні “сястрынскіх ложкаў”. Яны раскажуць тое, што не прачытаеце ў кнігах, не ўбачыце ў кінасюжэтах, таму што там – абагульненне, а ў іх асобны лёс – асабісты лёс, каардынаты любві і расчараванняў, пошукаў і знаходак, радасцяў і бедаў, надзей, якія спраўдзіліся, і мар, што не збыліся. Бывае старасць у акружэнні любячых і любімых клапатлівых людзей, а бывае – адзінокай. Па розных прычынах і розных нагодах. Калі не хапіла грошай да пенсіі ці зарплаты, можна падэканоміць, скарэкціраваць уласныя траты. Калі не хапае ўвагі чулай, суперажывальнай, вось тады прыходзіць адчуванне нястачы, непатрэбнасці, адчаю. Вельмі нядоб-рае пачуццё.

І так жа проста пазбегнуць гэтага на планеце людзей, у асяроддзі чалавечнасці, у эру міласэрнасці: увага, як і добрае слова, патрабуецца заўсёды і ўсім. Спыніцца, убачыць, спытаць, пачуць. Іншы раз гэтага дастаткова, каб у вачах чалавека вельмі шаноўнага ўзросту запаліўся агеньчык радасці.

З чаго ў разважаннях такі мінор? Ды не мінор, проста гэта восень…

Сумная радасць?.. Радасны сум?..

1 кастрычніка – Дзень пажылога чалавека.

Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *