Дайце рыбе кіслароду!
З-за ўсталявання на вадаёмах і вадатоках лёду спыняецца доступ атмасфернага кіслароду да вады. А гэта можа прывесці да замору рыбы. З вопыту мінулых гадоў можна адзначыць, што да такіх з’яў на тэрыторыі нашага раёна схільны ў першую чаргу вадасховішча Мінічы і рака Шчара ў раёне вёсак Задвор’е і Петухоўшчына.
Для папярэджання замораў рыбы з 20 снежня райінспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Баранавіцкай міжраённай лабараторыяй экалагічнага кантролю Мінпрыроды ажыццяўляецца адбор проб вады для правядзення гідрахімічных даследаванняў. Падчас іх выяўлена, што ўжо ў апошнія дні 2010 года ўтрыманне кіслароду ў вадзе было ніжэй дапушчальных 4 міліграмаў на літр.
Як паказвае практыка, найбольш эфектыўнымі для папярэджання замору з’яўляюцца наступныя мерапрыемствы:
- унясенне вапны ў вадаёмы, схільныя да заморных з’яў. Вапнаванне садзейнічае раскладанню і паскарэнню мінералізацыі арганічнага рэчыва, а таксама паляпшэнню газавага рэжыму, нейтралізуе кіслую рэакцыю вады. Нягашаную вапну ўносяць у вадаём з разліку 1-2 цэнтнеры на гектар;
- высяканне палонак на вадаёмах. Неабходная колькасць палонак залежыць ад плошчы вадаёма і ў сярэднім складае 3-5 штук на гектар. Палонкі неабходна размяшчаць у цэнтры вадаёма і па яго перыметры. Для папярэджання замярзання палонак неабходна ўстанавіць у іх снапы, зробленыя з чароту, рагозу і іншых раслін, якія “дыхаюць”;
- падвешванне мяшкоў з соллю ў палонках. Для гэтых мэт можна выкарыстоўваць тэхнічную соль.
Райінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя заклікае рыбаловаў-аматараў і ўсіх нераўнадушных землякоў прыняць удзел у папярэджанні замораў. Рабіце палонкі, свідруйце лункі. Кожная з іх – гэта дадатковая колькасць кіслароду ў вадзе. І гэта тое, што можа выратаваць насельнікаў нашых рэк і вадаёмаў.
Аляксандр КУРЛОВІЧ, галоўны спецыяліст райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.