СВК «Ляхавіцкі». Майстар-клас ад цёзкі раёна

Намеснік старшыні гаспадаркі Іван Вітко за ўраджай у адказе. І не толькі зерня.

У СВК “Ляхавіцкі” не толькі для дзевяці экіпажаў камбайнаў, двух дзясяткаў вадзіцеляў, шасці машыністаў зернесушыльных комплексаў чарговым выпрабаваннем на прафесіяналізм былі некалькі гарачых тыдняў ліпеня-жніўня. Жніво выпрабоўвала і вартасць спецыялістаў, дапаможных служб і, канешне, кіраўнікоў. Славутая гаспадарка, як заўсёды, аказалася на вышыні – у адносінах да справы, безумоўным сяброўстве з сучаснымі тэхналогіямі вытворчасці, выніках, настроі, з якім калектыў годна і прыгожа “зрабіў” выдатнае жніво.
Цёзка раёна – СВК “Ляхавіцкі” – даў чарговы майстар-клас на ўборачнай: 9308 тон намалоту пры сярэдняй ураджайнасці 71,5 цэнтнера з гектара (з улікам папраўчага каэфіцыента – 85,6). Падкрэслім, што не на самых урадлівых землях (у пераразліку ўраджайнасці на бала-гектар выхад зерня   254 кг) гаспадарка – раённы лідар. Зусім невыпадкова, што і ў абласным спаборніцтве на жніве яе прадстаўніцтва немагчыма было не заўважыць: старшыня Аляксандр Вітко, галоўны аграном Аляксандр Шымкевіч, маладыя вадзіцелі Андрэй Жэрка і Аляксандр Чабатарэнка. А ў раённым сельгаскааператыў прызнаны пераможцай сярод сельгасарганізацый першай групы. Перамогай адзначана і праца машыністаў зернеачышчальна-сушыльных комплексаў Анатолія Герасімовіча і Леаніда Юніка (першае месца), Аляксандра Ходара і Міхаіла Грыкеля (трэцяе месца)…
Літаральна ўсе ўдзельнікі жніва працавалі ў камандзе – з усведамленнем, што асабіста ад кожнага залежыць агульны вынік. Добрая зарплата –  выдатны аргумент, але не адзіны. Менавіта хлебаробская загартоўка, спрадвечнае разуменне таго, як многа залежыць ад некалькіх жніўных тыдняў, ”дзякуй за шчыраванне”, сказанае ў час кароценькага перапынку на абед, прывезены ў поле, спрыяюць настрою на працу. І вядуць да вартых вынікаў. Такіх, як у СВК “Ляхавіцкі”.
…Спрадвеку жанкі пяклі тут шыкоўныя на выгляд і непераўзыдзеныя па смаку караваі, булкі, боханы. Мука з зерня, вырашчанага на палях цёзкі раёна, атрымліваецца асаблівай – вельмі прыдатнай для пірагоў. Ва ўсякім разе гаспадыні ў Русінавічах, Гаслаўшчыне, Мыслабажы, Рачканах у гэтым перакананы. Дык хіба ёсць падставы сумнявацца?!

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Леанід Юнік і Анатолій Герасімовіч у сваёй справе лепшыя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *