І справай, і добрым словам
З 1 снежня мінулага года ў Ляхавіцкім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пачало дзейнічаць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў. А з пачатку гэтага года яно пераехала з вуліцы Юбілейнай у будынак цэнтральнай раённай бальніцы.
Пакуль асноўная задача новага аддзялення – арганізаваць занятасць інвалідаў творчай дзейнасцю і даць магчымасць сустракацца, мець зносіны. У нас працуюць гурткі “Умелыя ручкі”, “Дамаводства”, “Тэатральна-мастацкі”, “Камп’ютарны свет”, 15 чалавек наведваюць клуб для інвалідаў “Сваё кола”. А ў будучым мы плануем займацца і працоўнай рэабілітацыяй людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.
На жаль, добрая задумка не абышлася без пэўных арганізацыйных праблем: цяжкасці стварае адсутнасць спецыялізаванага транспарту для дастаўкі людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў, а гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да змяншэння колькасці жадаючых наведваць аддзяленне. Асабліва актуальная праблема для інвалідаў, якія пражываюць у вёсцы.
Дарэчы, ТЦСАН дапамагае не толькі інвалідам, але і іншым сацыяльна неабароненым грамадзянам спраўляцца з жыццёвымі цяжкасцямі. Хочацца адзначыць, што значна пашырыўся спектр сацыяльных паслуг, якія аказвае цэнтр. У ТЦСАН можна ўзяць напракат тэхнічныя сродкі рэабілітацыі (кастылі, інвалідныя каляскі, прыложкавыя столікі і іншае). Для гарадскіх пенсіянераў мы прапануем па нізкім кошце паслугі па ўборцы жылога памяшкання, догляду агарода, складзіраванні дроў і яшчэ многія іншыя. Па пытаннях аказання вышэйзгаданых паслуг можна звяртацца па тэлефоне 2-03-07. Акрамя таго, супрацоўнікамі цэнтра праводзяцца псіхалагічныя і юрыдычныя кансультацыі, выдаецца гуманітарная дапамога, ажыццяўляецца надомнае абслугоўванне грамадзян пенсійнага ўзросту, прымаюцца дакументы для назначэння бясплатнага дзіцячага харчавання малазабяспечаным сем’ям, у якіх выхоўваюцца дзеці ва ўзросце да 2 гадоў.
Калі ў вас, у вашай сям’і з’явіліся тыя ці іншыя праблемы сацыяльнага характару, можна патэлефанаваць на нашу “гарачую лінію” (тэлефон 2-17-93). Магчыма, менавіта мы зможам дапамагчы вам іх вырашыць.
Галіна ПІШЧ, дырэктар ДУ “Ляхавіцкі ТЦСАН”.