Прайсці міма немагчыма!
На гадзінніку 5.40, а офіс-склад Брэстаблсаюздрук у нашым райцэнтры ўжо пачынае сваю работу. Больш за 50 найменняў выданняў штодня атрымліваюць супрацоўнікі аддзялення і размяркоўваюць па гандлёвых аб’ектах. Алена Сяргейчык у гэтай справе ўжо 32 гады (15 – працавала прадаўцом у кіёску, успамінае, што на той час у раёне такіх кропак было толькі дзве). За добрае стаўленне да працы атрымалі павышэнне – стала загадчыцай складу, кім і працуе сёння. Побач з ёй малады арганізатар рознічнага продажу Марына Кулініч.
Сёння ў райцэнтры працуюць 2 павільёны, 2 кіёскі і гандлёвы аб’ект № 105 (у райбальніцы).
Акрамя друкаванай прадукцыі тут можна купіць шмат іншых спадарожных тавараў (арганізацыя напрамую працуе з прыватнымі і дзяржаўнымі прадпрыемствамі): канцтавары, сёе-тое з бытавой тэхнікі, посуд, касметыку. А можна зрабіць заказ на тавар, якога няма ў прапанаваным асартыменце.
Адкрываюцца кіёскі ў 7.00 і 7.30, і першую працоўную гадзіну смела можна назваць пакупніцкім пікам: хтосьці ідзе на працу, таму абавязкова забяжыць за газеткай, каб даведацца пра апошнія навіны; для студэнтаў тут заўсёды знойдзецца што-небудзь смачнае, каб перакусіць на перапынку, а для школьніка – ручка ці сшытак, што спатрэбіцца на ўроку. Тым больш да 1 верасня папоўнены спіс канцылярскіх тавараў у розных коштавых катэгорыях.
На зручных стэлажах размясціліся самыя розныя выданні: газеты, часопісы, “размалёўкі”, кнігі, крыжаванкі, калекцыйныя прапановы. Апошнія, дарэчы, можна набыць толькі ў гандлёвых кропках Брэстаблсаюздруку.
Саюздрукаўскія павільёны – надзвычай папулярныя ў ляхавічан месцы, дзе можна не толькі купіць перыёдыку, але і азнаёміцца з выданнем. Тым больш, што таптацца на вуліцы ўжо не трэба – памяшканне дазваляе зрабіць гэта ў камфорт-най абстаноўцы. Адзін з кіёскаў размешчаны на скрыжаванні вуліц Чкалава і Леніна. Тавараабарот тут сярод гандлёвых кропак такога тыпу ў нашым райцэнтры самы высокі – месца добрае, памяшканне прасторнае і асартымент шырокі. Вядома, шмат залежыць ад абслугоўвання, а працуюць тут вопытныя Ірына Слімко (14 гадоў прысвяціла прылаўку з перыёдыкай) і Ефрасіння Адамчык.
У кіёсках саюздруку, як у бібліятэцы, таксама ёсць пастаянныя кліенты-чытачы. Прадаўцы павільёна № 1 Вікторыя Кульчык і Антаніна Сяргеенка расказваюць, што запыты многіх пакупнікоў ужо вывучылі і тым нават не трэба гаварыць, за якім выданнем яны прыйшлі. Каб параіць газету ці часопіс па гусце, прадавец павінен ведаць спецыфіку выдання. Пад дахам Брэстаблсаюздруку часам чытачы нават дыскутуюць наконт публікацый. Прыемна, што самым запатрабаваным выданнем застаецца раёнка. Часта набываюць і рэспубліканскія газеты, моладзь любіць глянцавыя часопісы, а дзеці збіраюць калекцыйныя ці забаўляльныя выданні.
Ляхавіцкі раён у параўнанні з іншымі раёнамі вобласці лепшы па тавараабароце па безнаяўным разліку.
Што ні кажы, а з часам павільёны саюздруку ўсё больш і больш нагадваюць міні-крамы. Магчыма, у хуткім часе (як гэта зроблена з многімі аб’ектамі ў Мінску) яны стануць падобныя на міні-кафэ, дзе можна будзе пачытаць газетку за кубачкам гарачага чаю…
Маргарыта КУХТА,
студэнтка інстытута журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.