На мове міру
Прэзідэнт Беларусі 26-29 верасня знаходзіўся з рабочым візітам у Злучаных Штатах Амерыкі і прыняў удзел у мерапрыемствах Саміту ААН па ўстойлівым развіцці, па выніках якога прыняты міжнародны парадак дня ў галіне развіцця на перыяд пасля 2015 года. Дакумент прадугледжвае дасягненне 17 мэт устойлівага развіцця – глабальных арыенціраў, а таксама 169 задач, якія выяўлены ў канкрэтных колькасных параметрах. Аляксандр Лукашэнка выступіў на пленарным пасяджэнні Саміту з выкладаннем нацыянальнай пазіцыі Беларусі ў гэтай сферы.
Кіраўнік беларускай дзяржавы 28 верасня выступіў у агульнай дыскусіі на юбілейнай, 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН і прадставіў падыходы Беларусі да вырашэння найбольш актуальных і вострых міжнародных праблем сучаснасці.
Аляксандр Лукашэнка ў будынку Генеральнай асамблеі ААН падпісаў Канвенцыю аб правах інвалідаў, а таксама правёў шэраг двухбаковых сустрэч з лідарамі іншых дзяржаў, кіраўніцтвам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Мір і бяспека – аснова развіцця
Беларусь надае асаблівае значэнне прадухіленню ваенных канфліктаў і пагрозы жыццю людзей. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі
Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на пленарным пасяджэнні Саміту ААН па ўстойлівым развіцці. На думку Кіраўніка беларускай дзяржавы, устойлівае развіццё любой краіны немагчыма без міру і бяспекі.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што за гады суверэннага існавання Беларусь з гонарам выканала тыя мэты тысячагоддзя, якія звязаны з ліквідацыяй голаду і беднасці, з дасягненнем стапрацэнтнай пісьменнасці насельніцтва, роўнасці мужчын і жанчын, сацыяльна-палітычнай стабільнасці, з недапушчэннем дыскрымінацыі па нацыянальных і рэлігійных прыкметах.
«У нас няма мацярынскай смяротнасці, дзіцячая смяротнасць – самая нізкая ў свеце. Менавіта гэта і ёсць дэмакратыя, а не тое, што спрабуюць насадзіць нам нашы заходнія настаўнікі», – падкрэсліў
Аляксандр Лукашэнка.
«Планету ўскалыхваюць шматлікія ўзброеныя канфлікты, тэрарыстычныя акты. Сумна тое, што рост глабальных пагроз не знаходзіць адэкватнага адказу», – сказаў беларускі лідар.
«Палітыка гегеманізму і нацыянальнага эгаізму прыводзіць да шырокага выкарыстання націску, санкцый, абмежаванняў і ваенных акцый. Як вынік – мы страчваем давер адзін да аднаго», –
падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
«Неабходна на справе прызнаць, што мы ўсе розныя і што кожны народ, кожная краіна мае права на выбар свайго шляху развіцця. Менавіта ў нашай разнастайнасці – залог агульнага прагрэсу і поспеху кожнага, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
– Такі падыход дасць магчымасць аднавіць давер у нашым міжнародным жыцці».
У сваім выступленні Аляксандр Лукашэнка гаварыў і пра крызіс міжнародных структур: «У цэлым узнікае адчуванне, што іх роля апошнім часам зводзіцца да таго, каб быць месцам спрэчак паміж дзяржавамі, а часта і сродкам націску на асобныя краіны, якія нечым не дагадзілі ўладным людзям».
«Трэба пакласці канец гэтай заганнай практыцы. ААН павінна быць форумам супрацоўніцтва, а не канфрантацыі дзяржаў», – заявіў беларускі лідар.
Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, эгаістычныя інтарэсы і скарацечныя выгады вяршэнствуюць пры прыняцці многіх рашэнняў у сучасным свеце. Ён адзначыў, што дзеянні шэрага дзяржаў на міжнароднай арэне часта не ўлічваюць канкрэтную рэальнасць і асаблівасці іншых дзяржаў і грамадстваў. «Упэўнены, калі б было па-іншаму – не было б соцень тысяч людскіх ахвяр у Іраку, Лівіі, Сірыі і іншых краінах, адкуль рынулі патокі бежанцаў, якія ратуюцца ад вайны. Не дапусцілі б з’яўлення «Ісламскай дзяржавы». Не было б успышак тэрарызму ў Еўропе і грамадзянскай вайны ва Украіне. Спіс гэтых «не было б» можна прадаўжаць доўга», – сказаў Прэзідэнт Беларусі.
«Толькі ўзаемаразуменне і адказнасць, усведамленне разнастайнасці сусветнай супольнасці, аднаўленне даверу дапамогуць усім нам аб’яднацца, забяспечыць мір і бяспеку. Знайсці эфектыўныя адказы на глабальныя выклікі і пагрозы», – лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Вырашаць праблемы разам
Выступаючы ў агульнай дыскусіі 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН, Прэзідэнт Беларусі са шкадаваннем канстатаваў, што свет не стаў больш стабільным, прадказальным і камфортным для большасці жыхароў планеты, нягледзячы на вялікую работу і каласальныя намаганні па рэалізацыі маштабных планаў ААН.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што сёння свет сутыкнуўся з зусім новымі геапалітычнымі рэаліямі і ваеннымі канфліктамі, падкрэсліў, што не спыняюцца спробы навязаць пэўную мадэль развіцця іншым дзяржавам. «Да чаго гэта прыводзіць? У выніку знешняга ўмяшання, экспарту «каляровых» рэвалюцый і штучнай змены рэжымаў стабільныя раней краіны акунуліся ў хаос і анархію. Гэта ўсё прыкрываецца дэмакратыяй», – адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
«Замест абяцанай дэмакратыі і працвітання людзі ў гэтых краінах перажываюць жудасныя пакуты і вымушаны ратавацца ўцёкамі. Натоўпы мігрантаў штурмуюць сёння Еўропу. І гэта таксама стала вострай міжнароднай праблемай», – сказаў беларускі лідар.
«Сёння мы ўсё ў большай ступені залежым адзін ад аднаго. Дзеянні адной дзяржавы закранаюць непасрэдна інтарэсы многіх іншых. Абароненых краін больш не існуе», – лічыць Прэзідэнт Беларусі.
«Дыялогу няма альтэрнатывы! Нам не адысці ад калектыўнага вырашэння праблем. Вядома, можна зноў набудаваць новых сцен і раздзяляльных ліній, але ад гэтага праблемы нікуды не знікнуць», – перакананы Кіраўнік беларускай дзяржавы.
«Мы маем намер будаваць роўныя, узаемавыгадныя і паважлівыя адносіны з усімі краінамі свету, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Для нас уяўляе асаблівую каштоўнасць добрасуседства і ўзаемадапамога. Таму мы імкнёмся сёння да мірнага ўрэгулявання крызісу ў нашай брацкай Украіне і ў іншых гарачых кропках планеты».
«Беларусь заўсёды будзе падтрымліваць любыя намаганні і ініцыятывы па ўмацаванні міжнароднага права. Гэта найважнейшы прыярытэт нашай знешняй палітыкі», – падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў гэтыя дні даводзіцца чуць нямала крытыкі ў адрас ААН. «Беларусь, безумоўна, падзяляе галоўны пасыл аб тым, што Арганізацыя не можа быць застылай, яна павінна ісці ў нагу з часам. Але самае важнае – рэфармуючы любую структуру, не выкінуць бы галоўнае, у гэтым выпадку забяспечыць непарушнасць мэт і прынцыпаў Статута ААН. Разам з тым важна ра-зумець, што ААН, як я ўжо неаднаразова гаварыў, – гэта ўсе мы, і ад таго, наколькі ўзгоднена і канструктыўна мы будзем дзейнічаць, залежыць
дабрабыт сусветнай супольнасці», – падкрэсліў беларускі лідар.
Сустрэчы на пляцоўцы ААН
Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг поўнафарматных сустрэч з калегамі на пляцоўцы ААН і некалькі кароткіх гутарак.У прыватнасці, адбыліся сустрэчы Кіраўніка беларускай дзяржавы з прэзідэнтамі Аўстрыі, Эквадора, Егіпта, Кубы, з кіраўніцтвам ААН: Генеральным сакратаром Арганізацыі і Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека.
На двухбаковых сустрэчах абмяркоўваліся пытанні развіцця ўсебаковага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі.
Па інфармацыі БЕЛТА.