Карціна маслам
У Вадзіма Геркі свой жыццёвы сцэнарый, які вельмі адрозніваецца ад светапогляду і плануемай перспектывы большасці яго сяброў і знаёмых, таму і вымушае іх дыскутаваць. Напрыклад, жывучы ў Ляхавічах, ён увесь час марыў пра ціхі ўтульны домік недзе пры лесе ці на беразе рэчкі, каб прачнуцца раніцай – а перад ім бяскрайняе квітнеючае поле, а паветра, нібы настоенае на зёлках, – дыхаеш на поўныя грудзі…
Калі шчыра і доўга марыш, то ўсё збываецца. Вадзім прыгледзеў сабе дом у вёсцы Крывошын. І не толькі для сваёй сям’і, але яшчэ і для матулі. Так і памянялі Геркі месца жыхарства: з горада пераехалі ў вёску. Гэты населены пункт з багатай гісторыяй, размешчаны сярод ляснога масіву, на ажыўленай трасе, якая бяжыць да Брэст-Маскоўскай шашы, а там – хочаш у Ляхавічы, Баранавічы, Сіняўку ці яшчэ далей.
Жонка Таццяна ўладкавалася на працу ў абласную бальніцу “Крывошын”, сам Вадзім пайшоў працаваць у Крывошынскае лясніцтва, якое якраз пачало нарыхтоўку драўніны для мэблевай фабрыкі “Пінскдрэў”, маленькая Паліна — у садок. Сям’я задаволена. А Вадзім, дык наогул стаў адчуваць сябе самым шчаслівым чалавекам на свеце: ён атрымаў магчымасць не толькі любавацца мясцовымі краявідамі, але і ўвекавечваць іх у сваіх карцінах. Ён – мастак. Як толькі выпадае вольны час, падарожнічае па наваколлі. Адкрывае для сябе таямнічыя куточкі Рэпіхава, Мілых дарожак, Пясчанкі, любуецца прыгажосцю Нетчынскага возера, ды ці мала яшчэ тут краявідаў, на якія глядзіш не наглядзішся. Ён выбірае самы зручны ракурс і перадае сваё бачанне прыгожага на палатне. Забалочаны бераг на фоне вясновага лесу, бярозкі ў залатым убранні нібы выскачылі на палянку з восеньскага карагоду, ледзь прыкметная сцяжынка пабегла ў гушчар… Тонкае адчуванне колераў і адценняў, уменне перадаць іх на палатне – так нараджаецца пейзаж.
Вадзім не прафесійны мастак. Але настойліва займаецца самаадукацыяй і самаўдасканаленнем, імкнецца спасцігнуць і зразумець сакрэты майстэрства такіх вядомых жывапісцаў як Шышкін, Левітан, Айвазоўскі. Ён, здаецца, перачытаў усё, што толькі магчыма, пра гэтых славутых мастакоў, па энцыклапедыях, спецыяльнай літаратуры вывучае стылі пісьма карцін і не перастае захапляцца шэдэўрамі, якія стварылі гэтыя майстры мастацтва.
Частым госцем бывае Вадзім Герка ў баранавіцкіх мастакоў, якім прыносіць на суд свае чарговыя работы, уважліва слухае парады прафесіяналаў. Дзе толькі выпадае магчымасць, стараецца паказаць свае работы. Прымаў удзел у выставе маладых мастакоў у Мінску, якую арганізавала грамадскае аб’яднанне БРСМ, у пасёлку Мір Баранавіцкага раёна, паспеў ужо пазнаёміць са сваёй творчасцю сваіх новых аднавяскоўцаў: на выставе ў Крывошынскім СДК яго работы заўважылі. Маладому мастаку надае ўпэўненасці тое, што спецыялісты звяртаюць увагу на яго самабытны пейзажны стыль, адзначаюць граматамі яго работы.
Калі можна навучыцца вышываць, плясці макрамэ, вязаць, шыць і г.д., то маляваць – не навучыш. Тут трэба нарадзіцца з Божай іскрай, каб бачыць незвычайнае ў звычайным, тонка адчуваць прыгожае, умець захапляцца ім і свае адчуванні перадаць лю-дзям у фарбах. Гэта талент. І, як расказвае Вадзім Герка, дараванне ў яго ад матулі, якая таксама захаплялася маляваннем. Сёння, дарэчы, яна першы і даволі аб’ектыўны крытык работ свайго сына. Іншы раз бярэцца за пэндзаль і брат Ілья – таксама атрымліваецца.
Вадзім пачаў маляваць у раннім дзяцінстве: спачатку спрабаваў перадаць убачанае акварэльнымі фарбамі, гуашшу, а ў 16 гадоў напісаў сваё першае палатно масленымі фарбамі, і гэта быў пейзаж, які ён падарыў сябру на дзень нараджэння. Калі вучыўся ў Баранавіцкім ПТВ-156, то меў добрую практыку ў падрыхтоўцы наглядных дапаможнікаў, маляваў дэкарацыі для драматычнага гуртка, пісаў і для душы, аднак тут жа дарыў свае работы сябрам. У час службы ў арміі таксама быў незаменным як мастак-афарміцель нагляднай агітацыі, была спроба пісаць партрэты, нацюрморты.
Адкуль сёння чэрпае натхненне малады мастак-самавучка? Ды на кожным кроку: працуючы ў лесе захапляецца прыродай, дома яго сустракаюць любімыя жанчыны – жонка і дачушка. Дарэчы, нядаўна бабуля купіла двухгадовай Паліне акварэльныя фарбы, бо дзяўчынка ўжо цяпер праяўляе цікавасць да малявання – татава дачушка.
Акрамя ўсяго, Вадзім рамантуе дом: усё сваімі рукамі, адчуваецца густ мастака. Несумненна і тое, што ў інтэр’еры дома будуць і карціны яго гаспадара, напісаныя шчыра і прыгожа, як і само жыццё, якое яго акружае.
Аліна ЛАПІЧ.